Ён сядзеў у палатцы, трошкі прыгорбіўшыся, па-ўсходняму склаўшы перад сабой мокрыя, у ботах, ногі, са звыкла спушчанай на рассунутыя калені рукой. Гэтая рука, аднак, была ўся ў руху, памагала яму жэстамі, то складваючы пальцы рубам, то матляючы імі ў паветры.
— Енакаеў… Старшына разведроты. Нічога, старшына быў дзелавіты, умеў парадак трымаць. Кадравы служака, не які там з запасу. Далёкаўсходнік. Я ж таксама далёкаўсходнік, дзяйствіцельную ў Градэкове служыў, на Хасане быў, ага. Калі ў сорак чацвёртым з папаўненнем прыйшоў у дывізію, у гэтага Енакаева чатыры ордэны на гімнасцёрцы. Строгі такі, але не прыдзірлівы, не разявала па-дробнаму. І з хлопцамі мог ладзіць — ну, там па сто грамаў ці кімарнуць лішнюю гадзіну. Ведама, старшына, у ягоных руках усё. Афіцэры, яны болей пра дзела пякліся: разведка там, языкі… Ах гэтыя языкі, каб ім прапасці! Папоўзаў я там па нейтралках, пацёр бруха. Іншым часам, як станем, бывала, у абарону, — кожную ноч. Поўзаеш, поўзаеш, на каленях скура аблезе, ну, прыцягнеш якога фрыца, думаеш: цяпер ужо хоць дадуць выспацца. Дзе там! Не той фрыц, мала знае. Сцямнее — зноў давай! А калі ў яго наладжаная абарона? Дрот, міннае поле, ракеты, кулямёты. На Вісле пяць начэй запар поўзалі — нізашто! Блізка падпусціць, асвеціць ракетамі — і з кулямётаў. Уціснешся ў зямлю, ляжыш, чакаеш: авось перастане. А ён і не думае пераставаць, што яму — патронаў шкада? Патронаў, ракет у яго навалам, не тое, што ў нас. Ну, і лупіць. А ў нас сховішча ніякага, ляжыш на роўнядзі, бы на стале. Адно што каскі на галовах. Во ляжыш і чуеш, як то справа, то злева хрась-хрась! Як шкарлупа на арэхах. І куля — наўздоўж цела да заду. Не знаю, як хто, а я на вайне болей за ўсё баяўся такой во кулі — наўздоўж цела. Упоперак чамусьці не дужа палохала: праб'е грудзі ці там руку, нагу, неяк звыклае дзела. А вот калі наўздоўж — ад макаўкі да заду — страшна падумаць. Праўда, яшчэ і за жывот баяўся…
— За жывот усе баяліся, — сказаў Агееў. — Уязвімае месца.
— Уязвімае, нічога не скажаш. Бачыў параненых, не дай бог. Галоўнае — нутраное даўленне называецца. Там, у кішках. Нават ад маленькай кулявой ранкі як пырхнуць з жывата. Клубком. Сінія, з крывёй і парок ідзе, калі на холадзе. Паранены каторы ад страху іх назад у бруха піхае. Ды дзе там! Ужо кранты. Калі вылезлі, тваё дзела кончана, ужо і дактары не памогуць. Помню, адзін такі — малады, рослы хлапец — прыбег прама ў санбат. З поля бою вёрст пяць шыбаваў, каб хутчэй, значыць. Зрабілі аперацыю, зашылі. Пажыў тры дні і адкінуў капыты. Заражэнне, ніякі доктар не паратуе.
— Тады ж не было ні пеніцыліну, ні антыбіётыкаў.
— То-та і яно! Чым ратаваць? Доктар — ён жа таксама не бог. А пасля што ж, з ім адным валэндацца? Тут іх сотні ў чарзе, калі баі, усім трэба памагчы, асколкі павыцягваць…
Першае ажыўленне ад віна, мабыць, міналася, Сямён некурыўся і быццам бы стаў спакайнець, рука на каленях трохі запаволіла жэсты. На рудым ад загару, у рэзкіх зморшчынах твары паявіўся прыкметны цень заклапочанасці, даўняга суму ад перажытага.
— Ага, Енакаеў па тым часе ўжо меў шэсць раненняў. Гэта не жарты. І з усіх выкараскаўся. Жылаваты мужык быў, нічога не скажаш…
Той раз мы ішлі па языка — трэцюю ноч запар. Толькі напярэдадні прыцягнулі двух фрыцаў, ну, думаем, цяпер хоць выспімся, падсохнем, накурымся. Чорта з два! Аказваецца, трэба ўжо новыя даныя, ужо ў баку ад абороны, на поплаве, каля рэчкі, балоцістай такой, чорт бы яе ўзяў! Ледзь яна мяне не ўгробіла, рэчка тая. Пастроілі групу — сем чалавек. Чацвёра ў групе захвату, трое ў прыкрыцці. Камандзір — старшына Енакаеў. А, нада сказаць, хлопцы ў нас усе маладыя, праўда, усе ўжо абстраляныя, некаторыя і з медалямі, але маладыя, што зробіш. Толькі я ды Енакаеў трохі старэйшыя — мне ішоў дваццаць шосты год, Енакаеву, мабыць, столькі ж. Ну, у маладых яшчэ дурноты поўна, форсу, такога, што во нам напляваць на фрыцаў — трэба, дык возьмем. А заб'юць каторага, тожа напляваць — не мы першыя.
Пайшлі апоўначы, цемра — як у ж…, вецер настырны, голае балота пад нагамі, трошкі прымарозіла, але ўсё правальваешся, пад нагамі чвякае, думаеш: хоць бы немцы не ўчулі. Там, канечне, міннае поле, наша і нямецкае, дык сапёры звечара пастараліся — зрабілі праход. (Які там чорта праход: знялі некалькі мін — і паўзі.) Добра, яшчэ прычакалі, паказалі вешку — пруцік такі паставілі. «Ой, думаю, добра адсюль — пруцік, а як назад? Дзе яго, гэты пруцік, знойдзеш у цемры?» Але маўчу, ведаю: пра такія думкі ды ў такі момант лепш памаўчаць. Папаўзлі адзін за адным. Наперадзе Енакаеў, група захвату, я быў старшы ў прыкрыцці. Паўзлі рыўкамі. Ён жа ракеты шпурляе адну за адной. Во ў кароткія прамежкі, па-цёмнаму, і паўзём. Як толькі пырхне ракета — галаву ў зямлю, адзін зад тырчыць, як купіна. Маскіруе. Куп'я там шмат было, гэта і выручала.
Читать дальше