Мабыць, ім усё ж пашэнціла: спярша немцы іх праваронілі і заўважылі пазнавата. Аўтаматныя чэргі разарвалі цішыню ночы, грымнула некалькі гранатных выбухаў, яшчэ ўдарыў аўтамат, але гэта там — збоку. Наперадзе ж было ціха, падобна было на тое, што яны ўсё ж адольвалі лінію абароны немцаў ці нават ужо прарваліся ў іх тылы. Затое зводдаль, каля дарогі, пачаўся грымотны бой, дзесяткі кулямётных трас сцябалі адтуль ва ўсіх кірунках, грымелі гранатныя выбухі, угары заверашчалі нямецкія міны. Там жа амаль няспынна свяцілі гірлянды нямецкіх ракет, паласуючы начное неба пакручастымі слядамі дымоў, водсветы іх сполахамі гулялі ў начной прасторы, цьмяна асвятляючы поле і чалавечыя цені ў ім. У часе іхняга бліскання Агееў акідваў позіркам жыта і заўважыў у калоссі таропкія рухі ягоных байцоў. Усе беглі, брылі, знікалі ў доле і паяўляліся зноў — хто як мог, з апошніх намаганняў, даўно ўжо расцягнуўшы і зблытаўшы баявы парадак, аднак цяпер было не да парадку. І ён нічым не мог памагчы тым, што адсталі, трэба было спяшацца, пакуль іх не накрылі агнём, прарвацца з гэтага поля, дасягнуць Хатулёў, якія, мяркуючы па ўсім, былі на ўсход ад спаленага нямецкай авіяцыяй фальварка.
Яны ўжо міналі поле, наперадзе цямнелася кустоўе ці, можа, той малады сасоннік, дзе акапваўся другі батальён, што надвячоркам вырваўся з вёскі. Агееў прымарудзіў хаду, каб даць магчымасць падцягнуцца астатнім. Ён ужо разы два з палёгкай уздыхнуў, тым больш што ашалелая ўпачатку страляніна ля вёскі быццам бы стала сціхаць — падобна было на тое, што галоўная група на чале з камандзірам палка таксама прарвалася. І калі да сасоннічку засталося падаць рукой, усяго якіх-небудзь сто крокаў, раптоўны кінжальны агонь адтуль па ўсёй яго расцягнутай групе змусіў іх кінуцца долу. Жыта тут ужо скончылася, пад нагамі блыталася-ляскацела густое бацвінне, здаецца, яны ішлі бурачным палеткам і пападалі, дзе каго застаў гэты пякельны агонь. Агонь быў такі шчыльны, што чэргі ішлі ў паветры суцэльным шматслойным патокам, гарачым подыхам абдаючы спіны і галовы байцоў, якія з усяе сілы ціснуліся ў цвёрдую, высушаную спёкай зямлю. Яны разгублена змоўклі, ды і чым яны маглі адказаць? Галоўнай іх сілай былі гранаты, але кідаць гранаты было яшчэ далёка. І тады, трохі паляжаўшы і аддыхаўшыся, Агееў зразумеў, што яшчэ некалькіх хвілін бяздзейнасці — і яны ўсё назаўжды застануцца тут, на гэтым бурачным полі. Ён сунуў за пазуху пісталет і схапіў у абедзве рукі па «лімонцы».
— Устаць! — закрычаў ён на ўсё горла, каб перакрычаць грукат бою. — Уперад!!
Гэта быў ашалелы рывок насустрач пагібелі. Уцалець пад такім агнём, напэўна, не было чаго і думаць, але ўсё ж і яшчэ нехта ўскочыў, кінуўся наперад, прыгнуўшыся, яны пабеглі ў мільгаценні трас да ўзлеску, на хаду кідаючы перад сабой гранаты. Блізкія іх выбухі шыбанулі на Агеева пылам і дымам, аглушылі на правае вуха, але ён ужо быў на ўзлеску і яшчэ шпурлянуў у кустоўе гранату. Выбухі гранат скаланалі наваколле справа і злева, пасля чамусьці ззаду, здаецца, і немцы пачалі кідаць у іх свае булдавешкі-палкі — адна праляцела ля самай галавы Агеева, і ён ледзьве паспеў адхінуцца. У той жа момант яго дужа выцяла па назе вышэй калена, спярша ён нават падумаў, што наскочыў на якую патарчаку ў кустоўі, але не — удар быў занадта хлёсткі, нагу балюча скруціла, як ад сутаргі, і па штаніне ў бот паліліся гарачыя струмені крыві. Ён упаў — не ад болю, пры адной толькі думцы: ці не перабіта косць? Тут жа ўскочыў — не, нага не зламалася, значыць, косць уцалела, але кроў усё цякла — у боце ўжо ацяжала і захлюпала. Напэўна, трэба было спыніцца, перавязаць рану, ды момант для таго быў самы непрыдатны — уцалелыя байцы яго групы ўцягваліся ў кустоўе, якога тут аказалася зусім трохі — вузкі сагнуты клінок, пасля зноў ішло поле. І ён бег, асядаючы на левую нагу, з ім побач беглі два ці тры чалавекі, яшчэ беглі ззаду, але ў начной цемры нельга было зразумець, колькі іх выскачыла з кустоўя.
Здаецца, яны прарваліся, страляніна ззаду пачала аддаляцца. Ракеты густа падсвечвалі неба таксама наводдаль, за сасоннічкам ззаду, наперадзе была цемра і цішыня бязмесячнай летняй ночы. Агееў пайшоў цішэй, ён дужа кульгаў і зусім не мог бегчы. Усё болей балела нага, ды і не засталося ўжо сілы — байцы выдыхнуліся дарэшты і брылі па полі, куды іх вёў камандзір. Усе падаўлена, знямогла маўчалі.
Наткнуўшыся ў цемры на ледзьве прыкметную ў полі дарожку з бярозкамі абапал, Агееў спыніўся. Трэба было перавязаць нагу, аддыхацца, пачакаць задніх, параненых. У тую ноч пад бярозкамі іх сабралася семнаццаць, амаль усе былі паранены, траіх прынеслі на палатках.
Читать дальше