— Ды з другога батальёна мы, таварыш начальнік боепітання.
— Як з другога? Другі ж батальён быў у вёсцы?
— Быў, ды адступіў. У акружэнні мы.
«Вось табе і на!» — паныла падумаў Агееў. Час ад часу не лепш. Ён пабег уздоўж ланцуга і хутка ад знаёмага камандзіра роты даведаўся, што другі батальён па загаду адышоў з вёскі, а першы і трэці чамусьці прамарудзілі, не паспелі выканаць загад і цяпер чакаюць ночы, каб прарвацца з кальца. Камандзір са штабам палка таксама застаўся ў вёсцы, рыхтуе прарыў; другі батальён будзе падтрымліваць іх агнём з гэтага сасоннічку.
Агееў мог бы раздаць боепрыпасы байцам тутэйшага батальёна, у якіх таксама было іх нягуста, але пачуццё віны перад камандзірам палка за ранішні промах вымагала яго думаць, як прарвацца ў вёску. Было, аднак, зразумела, што, пакуль не змеркнецца, зрабіць гэта наўрад ці пашэнціць, значыць, трэба дачакацца ночы. Але і ў цемры яшчэ невядома, як ашукаць немцаў, якія, напэўна, перакрылі ўжо дарогу. А калі напралом, на авось? Авось быў пэўны вайсковы сродак, які памагаў там, дзе нічога ўжо не магло памагчы. І Агееў наважыўся. Трэба было толькі ўгаварыць шафёра, ад якога ў гэтай спробе залежала многае.
Яны стаялі на дарозе каля машыны, і калі ён сказаў аб сваім намеры шафёру, той нічога не адказаў, памаўчаў, паглядзеў у адзін бок, у другі, прыслухаўся. За лесам і полем, дзе была вёска, грукацеў бой, угары над сасоннічкам часам праносіліся агняныя трасы, ім заставалася праскочыць якія-небудзь кіламетры два, але на кожным метры іх магла напаткаць пагібель. Агееў падумаў ужо, што шафёр не згодзіцца, як той раптам спытаў:
— А што — цяпер ехаць? Ці пагадзя?
— Не, не цяпер. Трэба пачакаць, — узрадаваўся Агееў. — Яшчэ паўгадзіны, гадзіну, як сцямнее.
І вось нарэшце сцямнелася, мінула і яшчэ мінут з дваццаць. Страляніна ў вёсцы быццам бы пачала сціхаць, напэўна, хутка два батальёны пачнуць прарывацца з акружэння. Марудзіць далей было ўжо нельга, і, як-колечы супакоіўшы сябе, Агееў ускочыў у кабіну да шафёра, які там чакаў.
— Значыць, так! Спярша паціху, а затым поўны газ! Я скажу калі.
У начной цемені яны памалу рушылі па дарозе, не ўключаючы фар, выехалі з сасоннічку ў чыстае поле, дзе іх абстралялі ўдзень мінамёты і дзе цяпер ужо сядзелі немцы. Агееў высунуўся з кабіны і ўпіўся позіркам у цемру, але ў полі нічарта не было відаць. Зрэшты, не было відно і дарогі, і ён баяўся, каб шафёр незнарок не з'ехаў у канаву. Але шафёр з асаблівым, мабыць, уласцівым толькі шафёрам адчуваннем і ў цемры добра трымаў дарогу, цяжка нагружаная машына гойдалася па выбоінах, рухавік бязбожна гучна грымеў, і Агееў, сцяўшы пашчэнкі, чакаў першай чаргі ў бок, у лоб або ззаду. Але чэрг не было. Яны праехалі, можа, кіламетр ці нават болей, і тады іх нехта акрыкнуў у полі. Агееў не зразумеў, чый гэта быў голас — сваіх або немцаў, — ён толькі адчуў, што далей будзе чарга, і, бразнуўшы з размаху дзверцамі, крыкнуў шафёру: «Гані! Быстра!»
Машына рванулася, яго кінула ў адзін бок, затым у другі, здалося, што яны перакульваюцца, але неяк выраўняліся, і машына памчалася далей у цемру. Ззаду яшчэ некалькі разоў крыкнулі, а затым замільгалі блішчастыя трасы — абганяючы машыну, далёка панесліся абапал дарогі. Агееў спалохана хіснуўся ў кабіне, дробныя шкляныя асколкі абсыпалі грудзі і твар, рэзка бразнула металічная абшыўка кабіны, але машына мчалася…
І толькі калі, скрыжаваўшыся перад машынай, з розных бакоў ударылі зіхоткія рознакаляровыя трасы, машына рэзка збавіла ход і пачала хіліцца ўбок, да канавы. Агееў схапіўся за руль, намагаючыся вывернуць яго ўправа, але руль не паддаваўся, сціснуты ў руках шафёра, які наваліўся на яго грудзямі і маўчаў. І тут машына спынілася.
Агееў вываліўся з кабіны, ледзь не наскочыўшы на нейкага чалавека ў канаве, які са злосным мацюгом увярнуўся ад ягоных ботаў, і Агееў з палёгкай здагадаўся: свае!
Сапраўды, гэта былі свае, а чалавек, якога ён ледзь не стаптаў у канаве, быў начальнік штаба першага батальёна старшы лейтэнант Карбоўскі. Яны абодва тут жа кінуліся па той бок машыны, выцягнулі з кабіны грузнае цела шафёра і апусцілі яго на зямлю. Дапамога таму ўжо не спатрэбілася. Немцы ў полі запознена свяцілі ракетамі, але страляць перасталі. У цёмных прамежках паміж ракетамі байцы хутка разгрузілі нахіленую ў канаву машыну з двума прастрэленымі скатамі, старшыны размяркоўвалі гранаты паміж групамі прарыву. Калі ўсё было скончана, з цемры выйшла некалькі чалавек, яны ціха размаўлялі, і сярод іх Агееў пазнаў хрыплаваты голас камандзіра палка:
Читать дальше