Ужо добра развіднела, калі яны дабраліся ўрэшце да невялічкай лясной вёскі Хатулі, але нікога з палка там не знайшлі. Некалькі гадзін счакаўшы, яны зразумелі, што апынуліся той адзінай групай, якой удалося прарвацца. Усе астатнія на чале з камандзірам палка, наткнуўшыся на значныя нямецкія сілы, паляглі на бурачным полі, не дасягшы сасонніку. Гэтую вестку прынеслі ў Хатулі некалькі апошніх параненых, што ўжо на світанку неяк уратаваліся ад немцаў.
Калі пачало змяркацца, Агееў пастроіў рэшту сваёй невялічкай групы і палявымі шляхамі павёў яе на ўсход, наўздагон за лініяй фронту.
Пад Лідай яны далучыліся да групы маёра са штарма, у якой апынулася некалькі чалавек з тылоў іх разгромленага палка і сярод іх — ягоны саслужывец лейтэнант Малаковіч.
У той дзень паліў дождж — сабраўся нарэшце ў пару спякотнага лета, калі настаў час уборкі. Пад вечар з-за могілак успаўзла ў неба сіне-чорная хмара, наляцеў вецер, дрэвы цягуча зашумелі, трапяткая лістота вывернулася пад вецер срабрыстай падкладкай. Агееў падумаў спярша: пярэйдзе, перагоніць хмару і зноў будзе сонца. Ён не хацеў вылазіць з кар'ера, на сёння засталося зусім мала — скапаць ля самага глыбокага месца пад заходнім абрывам. Але першыя буйныя, па гарошыне, кроплі, якія хлёстка сцебанулі яго па плячах, далі зразумець, што не пярэйдзе — памочыць як трэба, і ён, прыхапіўшы рыдлёўку, вылез з кар'ера. Пакуль бег да палаткі, дождж абрынуўся з апантанай, амаль ашалелай сілай, вецер ірваў з усіх бакоў, ён ледзьве дабег да палаткі і, пакуль развязваў матузы на ўваходзе, прамок да апошняй ніткі. Трэба было пераапранацца, выліваць ваду з кедаў.
Пасля пад густое лапатанне дажджу па парусіне да самага вечара сядзеў у палатцы, чакаючы, калі сціхне. Часам лівень быццам бы пачынаў слабець, вадзяныя патокі, якія ён назіраў праз выраз у палатцы, нібы радзелі, туманна праглядвала з могілак цёмная сцяна старых дрэў, каменная сцяна ўнізе, але неўзабаве лівень усчынаўся з новаю сілай, і могілкі зусім знікалі ў мільготкай мітусні дажджу. Перад палаткай па ледзь бачнай у траве сцяжынцы імкліва бег уніз мутны ручай, які нёс на сабе клочча сухой травы, насякомых, рознае смецце, і Агееў падумаў, што добра зрабіў, калі два дні таму абкапаў палатку — не так для патрэбы, як для парадку, прачытаўшы аб тым у маладзёжнай газеце. Зрэшты, мелкая канаўка нядоўга яго ратавала, недзе ўсё ж прарвала, і на доле ў палатцы паволі расплылася шырокая цёмная пляма. Накінуўшы на плечы куртку, Агееў вылез пад дождж.
Зноў добра намокшы і ўжо не зважаючы на дождж, ён пачаў капаць новую канаву, каб адвесці ў яе самы небяспечны паток вады, калі сярод мігацення дажджавых струменяў ля могілак згледзеў згорбленую, даўганогую постаць па накінутым на галаву празрыстым поліэтыленавым абрыўкам. Сігаючы цераз лужыны і патокі вады, што несліся з пагорка, чалавек кіраваў да ягонай палаткі, і Агееў хутка пазнаў у ім свайго тутэйшага знаёмца Сямёна.
— Го-го, прывет! Не змыла цябе тут?.. Во, надумаў праведаць хутаранца.
— Не змыла, але падмывае. Залазь, не мокні.
Сямён спрытна расхінуў адною рукой настылы на плячах поліэтылен, сагнуўшыся, на каленях залез у палатку. Следам улез і Агееў.
— Ну, паліло!.. Паліло што трэба. Во каб з вясны! Летам каб. А то цяпер, на ўборку. Совесці ў яго яўна няма, у бога таго.
— Бог ні пры чым.
— Ну, не бог, дык людзі. Раскалупалі космас. Парадку няма. То сушыць, то лье.
Госць, крэкчучы і сморкаючыся, уладкаваўся ў мокрай цеснаце палаткі, няўклюдна падабраў пад сябе доўгія ногі ў брудных гумовых ботах; на ім была жоўтая макраватая тэніска, з левага рукава якой дзіўна, бы не ў лад, варушылася ссохлая кульця са зморшчанай на канцы скурай. Спрытна, аднак, упраўляючыся другой, здаецца, занадта доўгай, учэпістай рукой, Сямён выцяг з кішэні бліскучую паўлітроўку са збоўтанай малінавай вадкасцю.
— Во, гэта самае… З нагоды пагоды.
Нязручна прымасціўшыся ля ўвахода, Агееў унутрана паморшчыўся: пасля другога інфаркту, што здарыўся год назад, ён стараўся не піць ні віна, ні гарэлкі, але цяпер, адчуваючы лёгкія дрыжыкі ў мокрым целе, падумаў: «А, вып'ю! Будзь што будзе». Да таго ж гэтая прапанова малазнаёмага чалавека не здалася яму ні абразлівай, ні празмернай, хутчэй наадварот — настройвала на таварыскасць і ветлівасць.
— Тару якую, — азірнуўся Сямён.
Агееў знайшоў у куце палаткі невялікую пластмасавую шкляначку — для сябе, для госця ж зняў з тэрмаса кварту. Сямён спрытна падчапіў зубамі металічны каўпачок з бутэлькі.
Читать дальше