Словам, дабраліся да першай траншэі, чуем, там гергетня — не спяць, значыць, і многа — некалькі галасоў. Трэба б пачакаць. Усё ж такі ноч, пэўна ж, прыціхнуць, паснуць, вось бы аднаго і ўзялі. Але ж не параіш у такі момант, усе маўчаць, а Енакаеў гэты забірае ўбок, далей ад гэтых гергетуноў, туды, дзе цішэй. Яно, ведама, так здалося зручней. Але… Нешта мне стукае ў галаву: кепска робім, не трэба ўбок, пачакаць лепш.
Папаўзлі. А тут яшчэ, чорт бы яе ўзяў, траншэя паварочвае кудысьці ў іх тыл, загагулінай у глыб іхняй абароны; бруствер хаця і замаскіраваны, але ўсё ж трошкі прыкметны на фоне неба. Значыць, уздоўж траншэі паўзём. Горш не прыдумаеш! Але пакуль што быццам усё спакойна, усё ж мы наводдаль метраў за сто ці за дзвесце ад іх. Пасля счакалі, прытаіўшыся, і чацвёра з захвату павярнулі да той траншэі. Мы прыкрываць засталіся. Чакаем. Карацей кажучы, праз гадзіну ці паўтары цягнуць на палатцы фрыца — аглушылі, заткнулі анучай рот і цягнуць. Цяпер трэба змывацца.
А часу, скажу табе, усё мінула процьма, час за такой справай наогул кепска заўважаецца, бяжыць ён або стаіць — чорт яго ведае. Як калі. Гадзінніка ў нас не было, мабыць, мы правалэндаліся занадта, прамарудзілі. Гляджу назад, святлее наўродзе краёчак неба, як бы світаць не пачало. Ну, хлопцаў з языком прапусцілі, цяпер мы ззаду, значыць, бліжэй да немцаў. Адкрыюць агонь — на сябе яго прыняць павінны. А немцы пад ранак таксама, відаць, прымарыліся, ракеты радзей узляталі, кулямёты, праўда, пастрэльвалі сюды-туды, але не па нас. Нас яшчэ не заўважылі. Увогуле ўсё чыста было зроблена. Калі б не адно але. А гэтае але там і аказалася, дзе я баяўся: Енакаеў-то праход цераз міннае поле згубіў. Яно нічога ў тым дзіўнага ў такім цемрыве ды на балоцістым поплаве — ніякіх табе арыенціраў. Вешка! Шукай цяпер гэтую вешку. Пасля такой крутні па нейтралцы.
Не ведаю, хто там у яго поўз наперадзе, тожа, напэўна, такі ж самы лапух, як гэты Енакаеў, толькі раптам як шандарахне, аж зямля закалыхалася. Бліснула, асляпіла, і што тут пачалося! Як сталі лупіць па ўсім поплаве — уздоўж, упоперак, крыж-накрыж, трасы, ракеты, дзесятак зараз. Ляжым ні жывыя ні мёртвыя, стаіліся, маўчым. Добра яшчэ: мы на балоце і немцы на балоце, ім таксама на роўнядзі няшмат, відаць, ірванула, а дзе — толкам не ведаюць. Празявалі ўначы. Як трошку ўнялося, бачу — пярэднія пайшлі, завілялі задамі, папаўзлі, значыць. Думаю, а раптам вырвемся. Яшчэ, можа, метраў шэсцьсот засталося. І тут злева як шандарахне сцюдзёным ашмоццем па мордзе, вочы заляпіла, і зноў — агонь па ўсім поплаве. Тут ужо і нашы ўдарылі, мінамёты, па іх перадку — гудзіць і трашчыць, уся акруга хадуном ходзіць. Але што рабіць нам? Сядзім на мінным полі, гэта і дураку ясна. А дзе той праход? Не ўстанеш, не азірнешся. А тут, на бяду, край неба святлее ўсё болей — стала віднець. Во ўлезлі, дык улезлі! Улопаліся!
Паляжалі так, трошкі аклямаліся, паварочваецца Яшчарыцын, што перада мной поўз, баец з захвату, ківае: Енакаеў заве! Што яшчэ такое, пад агнём, думаю, перастрайвацца, выбраў час. Але што рабіць — папоўз. Енакаеў ляжыць ў балоце, сам у гразі ўвесь, побач на палатцы і язык. Енакаеў хрыпата так шэпча: «Сямёнаў, упярод! Даставай фінку і — упярод!» Кажу: «А прыкрыцце?» — «Упярод!» — сіпіць і фінкай трасе перад мордай, маўляў, пасмей адмовіцца! Ну што ж, думаю, усё панятна. Хаця па ўставу я цяпер далжон быць ззаду, але калі на міны налезці, то, канечне, Сямёнаў — упярод! Сямёнаў падрывайся, а Енакаеў языка даставіць. У цэласці і сахраннасці.
Аднак што зробіш — мусіў паўзці. Ад крыўды фінкай у купіны тыкаю да самай ручкі: быццам пакуль нічога — мяккая балацявіна. Прапоўз так, можа, метраў сто пяцьдзесят, як раптам пад нажом штосьці цвёрдае. Уваткнуў лязо і баюся выняць — чорт яе ведае, а раптам ірване. І што рабіць? Азірнуўся. «Міна», — шапчу. Енакаеў махае, прыгнуўшыся, — маўляў, адпаўзай убок. Раз уткнуў фінку, другі, а трэці ўжо не паспеў. Як у прорву агняную… З усяго маху. Толькі звон пакаціўся кудысьці, усё далей, далей, і ўсё сціхла.
— Рванула, значыць?
— Рванула. І што дзіўна: болю ніякага не адчуў. Быццам прыдушыла чымсь. І расплюшчыла. Такое адчуванне. Слухай! — раптам сказаў Сямён, зганяючы з твару выраз невясёлага клопату. — Давай злётаю яшчэ па адну. А то што на сухую баіць?..
— А не хопіць? — усумніўся Агееў. — І дождж.
— Дождж перастае. Ну, глядзі, радзей стаў, — сказаў Сямён, адхінаючы парусіну на выхадзе.
Дождж яшчэ сыпаў, хаця, можа, і не такі, як раней, ручай на зямлі ля палаткі прыкметна вузеў, пакідаючы на траве намытыя космы смецця, травы, пяску. Агееў разумеў, што цяпер адгаворваць — марная справа. Сямёна ўжо не спыніш. Ён вылез з палаткі і даў вылезці госцю.
Читать дальше