Агееў толькі прачнуўся, як сон ужо знік; ён зразумеў гэта, хвіліну паляжаў ціха, з заплюшчанымі вачмі, нібы баючыся прагнаць рэшту дрымоты.
Некалькі апошніх дзён ён стаў прачынацца рана, калі яшчэ не пачынала світаць і парусінавы верх палаткі чарнеўся па-начному глуха, а навокал ляжала цішыня, якая бывае глыбокай ноччу або перад світаннем. Было халаднавата, ён гэта адчуў шорсткай ад шчаціння скураю твару, схаладнелай макаўкай галавы. За лета ён так і не прывык залазіць у спальнік з галавой — вечарам у тым не было патрэбы, палатка доўга хавала назапашанае за дзень цяпло, толькі на зыходзе ночы, перад світаннем, калі выпадала раса і верх палаткі набрыняў стылай вільгаццю, рабілася халадней. Зноў жа, на галаве ў Агеева даўно ўжо не было таго жорсткага непакорнага чуба, што ўпрыгожваў яго ў маладосці. З гадамі валасы парадзелі, страцілі былую пышнасць, сталі даўжэйшымі залысіны, галава зрабілася чуйнай да сцюжы. Што ж, напэўна, усё як мае быць у жыцці.
Уставаць было ранавата, ды і не хацелася вылазіць з нагрэтай за ноч утульнай цеснаты спальніка, ён ляжаў так, з заплюшчанымі вачыма, дрымотна прыслухоўваўся да ледзь чутнага ў цішы пошуму голля на дрэвах паблізу. Пошум роўна плыў з-за каменнай агароджы могілак. Гэты ціхі, калі спакойны, а калі трывожна-настырны пошум лісця суправаджаў яго сон кожную ноч, часам крыху сціхаючы, але пад ранак ён звычайна рабіўся мацнейшы, неспакойны ці нават трывожны. Агееў ужо прывык да таго за лета, амаль не заўважаў яго — шум стаў часткай яго цішыні і яго працяглай адзіноты каля гэтых могілак на пагорку ля закінутага кар'ера.
Воддаль, за дарогай, у крайніх дварах пасёлка віскліва забрахаў сабачка. Агееў ведаў яго, часам той прыбягаў да яго адзінокага стойбішча, спыняўся здалёк, назіраў за ім ля палаткі, яўна чакаючы пачастунку. Агееў сабак не любіў з дзяцінства, і, хоць адносіўся да іх без асаблівай злосці, тыя заўжды адчувалі яго нядобразычлівасць і дужа не набіваліся на знаёмства. Сабачка пабрахаў нядоўга, магчыма, на ката ці на птушку ў садку і сціх, а Агееў пачаў чакаць іншых гукаў, якія ўзнікалі сям-там на світанні. Звычайна раней за іншыя ў чуйнай ранішняй цішыні раздаваліся прыглушаныя далечынёй хрыплыя вокрыкі — гэта гаспадыня высокага, пафарбаванага ў канарэечны колер дома выпраўлялася даіць і, мабыць, помсціла карове за нейкія свае крыўды ў жыцці, нярэдка злосна лаялася, непрыкметна парушаючы тым лагодны спакой летняга ранку. Некалькі разоў Агееў бачыў яе ў двары за плотам, гэта была не старая яшчэ, таўставатая, з упэўненымі манерамі хатняй кіраўніцы, з басістым голасам цётка, апранутая раніцой у заношаную ватоўку. Сёння, аднак, голасу яе не было чуваць: пэўна, заспала гаспадыня гэтага расфарбаванага дома. Трошкі навастрыўшы слых, ён адплюшчыў вочы — нізкі верх маленькай яго палаткі ўжо яўна выступаў з прыцемкаў сваімі дробязямі: матузамі шнуроўкі на выхадзе, размытымі, невядома якога паходжання плямамі на парусіне; у самым каньку матава свяцілася невялікая, з грывеннік, дзірачка, нядаўна прапаленая вугальком з кастра. Гэта ўжо надыходзіла раніца.
Пэўна, трэба было ўставаць, брацца за справу. Але да таго, як пачаць выбірацца са спальніка, Агееў паспрабаваў вызначыць чысло і не адразу, з намаганнем сцяміў, што сёння першае або нават другое жніўня. Дні тыдня ён памятаў добра, звыкла адчуваючы сутачную хаду часу, а чыслы… У гэтай справе звычайна памагалі газеты, але апошнія некалькі дзён, заняты работай у кар'еры, па газеты ён не хадзіў, транзістара не меў і вось зблытаў чыслы. «Маразм, маразм», — пабедаваў ён у думках. Не так каб яўны маразм, але памяць ужо не тая, што была ў маладыя гады, памяць часам здраджвала яму ў самыя нечаканыя моманты, і нярэдка трэба было намаганне, каб прыпомніць тое, што здавалася, немагчыма забыць. Асабліва імёны, назвы і чыслы. Нядаўна ён заўважыў, што не памятае імя камандзіра ўзвода, з якім яны выходзілі з акружэння ў сорак першым і так пасябравалі, што, здавалася, толькі смерць магла іх разлучыць. Смерць і разлучыла, але не тады, трохі пазней, і пры абставінах, якіх не дай бог нікому. І вось імя гэтага лейтэнанта выветрылася з памяці, засталося толькі прозвішча. І то добра.
Тым часам развіднела, у палатцы стала святлей. Ён убачыў у нагах скамечаную балонневую куртку; вопратку пад бакавой сцяной — яго запылены сіні фізкультурны гарнітур, майку; вялікі індыйскі тэрмас на белым раменьчыку, які ён звычайна ставіў ля сябе нанач; запыленыя кеды ля выхада.
Читать дальше