Нават бруднаватая Масква-рака сёння здавалася сіняй, увабраўшы ў сябе столькі блакітнага неба, колькі магла змясціць.
На рагу аднаго з будынкаў перад Вялікім Каменным мостам вісеў намаляваны на палатне плакат: рука ў калючай рукавіцы трымала за глотку маленькага разлезліка з надзвычай подлай мордай. Разлезлік торгаў ручанятамі, дарэмна імкнучыся вызваліцца.
Невядома было толькі, нашто на такога плюгаўца ўся рука: дастаткова было б шалабана — і садухі.
Праходзячы паўз плакат, Клявін цяжка ўздыхнуў і апусціў вочы. Яна пачула гэта, цікнула краем вока на плакат і сказала:
Сапраўды жахліва, Віця. Што мы ім зрабілі, што яны кожны дзень ідуць на дыверсіі, нават у вёсках атручваюць студні?
Не ведаю, унікліва сказаў Віцька.
Столькі радасці вакол. Святла. Вясны. А яны… хоць бы адзін разумеў, што людзі хочуць, каб іх пакінулі ў спакоі.
У легкаважнага Віцькі папоўз па шчоках буры румянец. Ён ускінуў падбародак і, відаць, не стрымаўшыся, сурова сказаў:
Дзядзьку Івана арыштавалі… Тры тыдні таму.
Што?! — у яе зрабіліся шырокімі вочы. — За што?
Не ведаю. Ведаю толькі адно: ён заўсёды любіў дзяцей. Як ніхто.
Так, яна ведала гэта і сама. Прыязджаў дзядзька Іван — і ў Віцькавай кватэры стаяў вэрхал. Дзеці і ён перагортвалі ўсё дагары нагамі. Ён умеў строіць з сябе тыгра, спяваць салаўём, голасна рагатаць, прывозіць дзецям падарункі — усім, хто быў другам Віцькі або яго суседам, умеў швэндацца з дзецьмі па садах, заапарках і кандытарскіх, умеў маляваць карыкатуры на самураяў. Дый чаго ён не ўмеў? Жыцця ў ім было — на дзесяцёх.
Не ведаю, сурова сказаў Віцька, але ён браў Зімні, быў арганізатарам паўстання ў Смаленску, быў у Першай Коннай. Ён усёй Чукотцы нёс асвету. Калі ён не камуніст, дык хто тады камуніст?
Супакойся, папрасіла яна.
Ён добры камуніст. І я нікому не паверу, што ён хацеў аддаць Далёкі Усход японцам… Вось што… А калі ты верыш — ідзі далей адна і не размаўляй са мною больш.
Віцька памаўчаў і дабавіў:
Я… амаль давёў цябе дахаты.
Ён быў выхаваны хлопчык.
Віця, ціха сказала яна, чалавек можа змяніцца. Але ты супакойся. Я не веру, што Іван Мікалаевіч мог зрабіць гэта. Паверу наконт многіх, але наконт яго — ніколі. Тут відавочна судовая памылка. У ёй разбяруцца.
Клявін апусціў веі.
Так, сказаў ён, вядома, разбяруцца.
Ён не сказаў — і яшчэ не мог сказаць, што дзядзька памёр у турме тыдзень таму. Ад запалення лёгкіх.
Ён не сказаў. "Маленькую" ўсе шкадавалі.
Ты не хвалюйся так. Усё-ўсё будзе добра.
Бывай, сказаў Віцька.
Ты не зойдзеш да нас?
Не, сказаў ён, бывай.
Яна глядзела яму ў спіну і дзівілася: Віцькава постаць была зусім дарослай, не такой, як месяц таму.
Яна верыла ў тое, што ўсё абыдзецца; на дварэ ж была вясна, а жыццё ва ўсіх было наперадзе. І таму, падыходзячы да свайго дома, яна адчувала сябе так, быццам амаль нічога не змянілася на зямлі.
Іхні дом узвашаўся над будынкамі Замаскварэчча сяміпавярховым гмахам. Калісьці адзін з Ціт Цітычаў зразумеў, што двухпавярховыя асабнякі — гэта не галоўнае, нават у гэтай частцы горада, што будучае ляжыць у даходных хмарачосах. Так з'явіўся на свет дом Ніны: зялёны фасад у стылі "мадэрн", высокі дах, фігурыстыя вокны.
На астатнія тры муры мадэрну не хапіла, яны былі з чырвонай цэглы, пацямнелай ад куродыму і часу.
І зусім ужо цёмны быў унутраны двор, куды выходзіла адно з вокан іхняй кватэры. Цёмны, падобны на студню двор.
Яна ішла дваром. Прамяні заходзячага сонца падалі на яе постаць, на попельныя косы, закручаныя вакол галавы, на чамаданчык, сціснуты ў худзенькай руцэ.
Ля параднага стаяў Антон Набатаў, мужчына год пад сорак у капелюху набакір, пакурваў, глядзеў на "маленькую" вузкімі вясёлымі вачыма. Ніна ведала, Антон чакаў жонку: кожны вечар яны разам ішлі кудысь, бо Антон любіў музыку, смех, гасцей, наогул жыццё.
А, Тэрпсіхора, нязлосна сказаў Антон. — Ну, як паскокваецца?
Нічога, дзядзька Антон, скачам.
Пад чыю дудку?
— Пад дудку Нісоўскага.
Ну, гэта яшчэ не самае горшае.
Жонка Антона выйшла з параднага, на хаду разглядаючы ў люстэрка нос.
Бачыш, Ніначка, шэптам сказаў Набатаў, далей носа нічога не бачыць.
"Маленькая" ўсміхнулася. Яна любіла Антона.
А жонка Набатава пабачыла ўжо іх і загаварыла нейкай незвычайнаю гаворкаю (яна была з поўначы, паморка):
Ніначка, любушка. Дык гэта ты тут з маім бэйбасам размову вядзеш? Прыходзь заўтра да нас. У Антона нараджэнне. Будзе твой улюбёны струцаль з макам.
Читать дальше