Баяўся ён таксама, што можа стацца: раптам цудам уцалее нехта з шулёнкаў, і тады... Цяжка было ўявіць, што будзе тады...
Бяссонніца прыходзіла часам і ў спакойныя ночы, часцей у бязмесячную ціхую пагоду, калі па зямлі разлівалася цёплая млявасць і свет шчасліва заміраў, быццам упіваючыся сваёй бязмежнасцю і дасканаласцю, і зоркі гарэлі асабліва блізка і ярка. Магутны Арол запіраўся ў адным з самых аддаленых пакояў і сюды-туды крочыў там у адзіноце, знемагаючы ад хворых дум і незразумелых жаданняў. У гэтыя хвіліны ён ужо не лічыў, што з'яўляецца ўвасабленнем прыроды, а дасціпнасці і мудрагельства Гэ-Гэ здаваліся яму пустой балбатнёй. І вось, калі туга ўжо пагражала перайсці ў роспач, ён выклікаў Аракульку, і яны гутарылі.
— Што такое жыццё? — пытаўся ён, і яна адказвала:
— Жыццё — гэта рух.
— Ад чаго да чаго?
— З аднаго месца на другое.
На такія тэмы лепш было б не гаварыць з Аракулькай — яшчэ ні разу падобная размова не прыносіла супакаення. Але слухаць гадкую ліслівасць і пустазвонства Гэ-Гэ было яшчэ горш.
— Што рухае?
— Неабходнасць.
— Адкуль неабходнасць?
— Ад жаданняў.
— Адкуль жаданні?
— Ад неабходнасці рухацца.
— Дзе ж тут пачатак і дзе канец?
— Няма ні пачатку, ні канца.
— А смерць?
— Смерць — вяха.
— Што пасля?
— Цемра.
— Ах! — усклікнуў аднойчы Магутны Арол. — Ёсць! Знайшоў! Мяне гняце прадчуванне цемры. І калі смерці не будзе...
— Будзе, — прагучаў адказ.
— Але я магу стаць бессмяротны!
— Жывы труп...
— Пайшла вон!
Раніцай ён раіўся са Строгім Сарычом, і той асцярожна сказаў, што Яго Недаступнасць сталі горш выглядаць.
— Так нядоўга і да хваробы...
— Што ж, — усміхнуўся Магутны Арол, — па-твойму, я магу памерці?
— Гэтага не можа быць, Ваша Недаступнасць! Лекары Вашай Недаступнасці — лепшыя на свеце.
— Лекары, — паўтарыў Магутны Арол і паморшчыўся.
— Можа, — спачувальна сказаў сябра і дарадчык Строгі Сарыч, — Вашай Недаступнасці неабходна было б на час адкласці справы, гэтыя бясконцыя клопаты...
— Што ты называеш «на час адкласці справы»?
— Паляванне! — Вочы Строгага Сарыча загарэліся. — Паляванне — найвялікшая асалода! За тым вунь цёмным лесам ёсць дзівосныя паляны, і пасецца там мноства разнастайных чатырохлапых. Ваша Недаступнасць маглі б загадаць...
Праз дзень вылецелі. Акрамя Магутнага Арла, Старэйшага Сокала і Строгага Сарыча, тут былі яшчэ Спрытны Каршун, Гэ-Гэ і Элегантны Сакол-Каршачок, і ўсю групу эскартавалі стройныя чароды шулёнкаў, цювікаў і канюкоў.
Паляванне было надзвычайнае. На палянах сапраўды пасвіліся і адпачывалі шматлікія статкі разнастайнай жыўнасці. Узлятаў і каменем падаў на ахвяру Строгі Сарыч, бясшумна наскокваў Спрытны Каршун, кідаўся Старэйшы Сокал, лютаваў Элегантны Сакол-Каршачок. Але найвышэйшае майстэрства паказаў, вядома, сам уладар. Ён быў нястомны, імклівы, дакладны, грозны і статны. Ахвяра супраціўлялася яму адзін толькі міг і адразу ператваралася ў крывавыя шматкі. Ён адзін разарваў не менш за сотню трусоў і паваліў каля пяцідзесяці ланяў і коз. Галоўным у яго здзіўляючым таленце было — раптоўнасць. Стрымгалоў кідаўся ён на цэль, свідраваў яе позіркам, збіваў з ног, і ў наступнае імгненне дзюба, кіпцюры і крылы завяршалі работу.
Эскорт, разбіўшыся на атрады, шнырыў па ўсім лесе, шыпеннем і клёкатам выганяючы звяроў на паляну, а там дзейнічалі нястомныя паляўнічыя. Пабоішча цягнулася некалькі гадзін, і да полудня ўся паляна была завалена трупамі. Стомленыя байцы сядзелі на ўзлеску і ціха гутарылі. Гэ-Гэ, які не прымаў удзелу ў мерапрыемстве праз сваю ляноту, да таго ж ён баяўся крыві, мірна кінуўся ў філасофію, на ўсе лады расхвальваючы талент свайго пана, і падводзіў пад культ відовішчаў маральную аснову. І толькі Магутны Арол маўчаў. Ён не стаміўся, адчуваў у гэты час лёгкасць і супакой, нібы выпіў цудадзейнага лякарства або памаладаеў на некалькі гадоў. «Вось, — думаў ён. — Можна, значыць, абысціся і без Абруча...»
У лесе стаяла цішыня. Пакрысе надыходзіў вечар; зніжанае сонца разбівалася аб дрэвы; ад ракі цягнула прахалодай.
З гэтага дня паляванні наладжваліся часта.
Настаўнік выключыў эвальвентар, бо першы з яго падапечных быў надзвычай узбуджаны, а другі адвярнуўся ад экрана.
— Мы хочам асвоіць планету Хі, — прамовіў Настаўнік. — Такая галоўная мэта?
— Так, — прашаптаў Першы. — Ты ведаеш...
— Вы бачылі, як прыблізна гэта робіцца.
Читать дальше