— Так...
— У такім разе што цябе прыгнятае?
— Я ніколі не бачыў, як гэта робіцца...
— Паляванне наладзіў былы лон, — з невясёлай усмешкай заўважыў Другі. — Па-твойму, ён наш папярэднік?
— Мы не ад лонаў! — з роспаччу запярэчыў Першы.
— Хто гэта даказаў?
— Настаўнік нагадаў, што падабенства формаў...
— Настаўнік гаварыў таксама пра спецыфічныя токі Хі...
— У такім выпадку я гэта даказаў, я! Нашы лоны вымерлі! Мой вучнёўскі эвальвентар адзначыў гэта дакладна!
— Ты сказаў, што ён быў недасканалы, некалькі стадый прамільгнула.
— Не трэба такіх спрэчак! — строга вымавіў Настаўнік. — Яны не памогуць нам.
— Хі — дзікая планета! — не могучы супакоіцца, гаварыў далей Першы. — Наш эвальвентар працуе па нашай лагічнай схеме. А логіка Хі...
— Табе дзіўна, што іх лоны сталі птушкамі?.. Не дае табе супакою Спіу.
— Яны на гэтай планеце маглі б стаць кім хочаце!
— А мне падыходзіць гэта планета, — задумліва сказаў Другі. — Так і здаецца, што я дома. Амаль адэкватныя ўмовы.
— Ты ўвесь час забываеш, што падабенства формаў...
— У нас урок, — сказаў Настаўнік. — Урок патрабуе ўвагі, глыбокага разумення сутнасці матэрыялу і пранікнення ў яе. Мы даследуем ніжэйшых і пакуль што толькі з гэтага павінны рабіць вывады.
— Я хачу бачыць вышэйшых! — упарціўся Першы.
— Ты іх ужо бачыў, — адказаў Другі.
— Тыя тры на беразе?
— Урок не скончаны! — Голас Настаўніка быў суровы, і спрэчка спынілася.
«І зноў замільгаў экран, — піша Пасвячоны, — і жахлівы іх урок працягваўся...»
***
«Жахлівы ўрок»... Прызнае, такім чынам, што жахлівы. А вось каб перашкодзіць ім... Ці слушнасці няма, ці этыка навуковая не дазваляе. А калі разабрацца, дык на якой падставе, па якім праве нейкія страшыдлы прылятаюць на нашу Зямлю, як да сябе дамоў (юнаку, бачыце, «падыходзіць гэта планета»!), і спакойненька, на вачах, разыгрываюць свае забавы?! Смальнуць бы з лазернай гарматкі, каб дарогу сюды забыліся. Вось і быў бы ім эксперымент.
Але ўжо працягнем, і няхай не пакрыўдзіцца Пасвячоны, што перапыняю яго апавяданне на свой манер.
Нягледзячы на ўсялякія меры і засцярогі, у вотчыне грознага Аквілы Рэгіі пачалі адбывацца неверагодныя рэчы. Нечакана-негадана раптам высветлілася, што Вялікая Княгіня Сава, загадчыца складамі, не чыстая на руку і што, значыцца, начны спосаб яе жыцця ўвогуле, папулярна кажучы, павінен быць лепшы ва ўсіх адносінах.
Следства скончылася за самы кароткі час, «а калі яшчэ, — піша Пасвячоны, — мець на ўвазе хуткасць, з якой гэта дэманстраваў наш цудадзейны эвальвентар ноблаў, дык выйдзе толькі кароткае імгненне». Факты, адным словам, пацвердзіліся цалкам, нават з лішкам, і Яго Недаступнасць асабіста распарадзіўся лёсам злачынкі: сарваў з яе акуляры, шпурнуў у фізіяномію і тупнуў так, што задрыжалі скляпенні замка.
— Цяжка ўявіць! Неверагодна! У маім уладанні! У маім доме! На маёй службе!!! Погань ненасытная! — Ён у знямозе паваліўся на трон і зайшоўся ў нервовым кашлі. — Ліквідаваць!
Вялікую Княгіню прыбралі ў чорнае адзенне, прывязалі на шыю камень, занеслі на мора і кінулі ў самым глыбокім месцы. Перад пакараынем яна паспела толькі пралепятаць:
— Перадайце гэтаму даўганосаму падлюгу, што... — Але дагаварыць не паспела.
Галоўны філосаф Грыфус Мантанус Прэдзітус з прычыны гэтага сумнага здарэння нібы сказаў, што ў гады росквіту і дабрабыту, у хвіліну зацішша пільнасць асабліва патрэбная. Бо ўсе, бачыце, клопатаў не ведаюць, усе радуюцца сытасці і цішыні, і святочны стан распаўсюджваецца падобна эпідэміі. А гэта, сказаў ён, вельмі небяспечны і шкодны стан.
Уладар абазваў яго балбатуном, а цікаўная Аракулька выдала сваё спакойнае «ку-ку».
А сітуацыя між тым развівалася далей.
Не паспела заціхнуць гамонка пра складскія справы, як з Заходніх лясоў прыйшла вестка пра бясчынствы драздоў: збіраліся вялікімі чародкамі, наладжвалі шумныя і недапушчальныя банкеты, у часе якіх абгаворвалі Яго Недаступнасць, а таксама апаганьвалі мясціны палявання. Каб навесці парадак, прыйшлося паслаць туды эскадрыллю шулёнкаў. Авохці! — неўзабаве нешта ж падобнае адбылося і на Паўднёвых Пласкагор'ях, у вотчыне Гэ-Гэ; гэтым разам вызначыліся перапёлкі. Гэтыя пайшлі яшчэ далей: зрабілі чучала свайго гаспадара-філосафа, віліся вакол яго і выкрыквалі (літаральна так), «што не хочуць падпарадкоўвацца ўсялякім калматым жывадзёрам». Акрамя таго, яны знеслаўлялі Прыгожую Галубку, абзываючы яе рознымі брыдкімі словамі. Над гэтымі нахабнікамі зрабілі паказальны суд.
Читать дальше