Так разважаў Магутны Арол, а вецер ірваў і трапаў полымя свечкі, і ў нішы мітусіліся чорныя цені.
— Сокал!
Вокамгненна той быў побач.
— Сорак шулёнкаў.
— Ёсць, Ваша Недаступнасць!
Ад'ютант не цікавіўся задумай пана, не стрымліваў ад начнога мерапрыемства, не думаў пра яго вынікі — ён выконваў, бо выконваць было вышэйшай патрэбнасцю яго духу, самай салодкай яго ежай.
На халодным ветры на самай высокай вежы збіраліся шулёнкі. Яны спрасонку азіраліся, курчыліся і нервова варушылі крыламі, бо іх чакала штось таямнічае.
— Ты застанешся тут, — сказаў Магутны Арол Сокалу.
— Ёсць! — адклікнуўся той, прызначыў камандзіра атрада і рэціраваўся.
І чарада кідалася ў цемру.
Шулёнкі прыціскаліся да самай зямлі, іх строй раз-пораз парушаўся ветрам, але яны яго адразу ж аднаўлялі пад кіраўніцтвам свайго камандзіра, і палёт працягваўся. Ніхто не ведаў, куды іх вёў уладар, — вядома было адно: з такіх палётаў ніхто не вяртаўся.
А Магутны Арол ляцеў уверсе. Ён грудзьмі ўразаўся ў вецер, рассякаў яго крыламі — яму падабалася гэта барацьба.
Яны прыляцелі на бераг мора, дзе шум і грукат дасягалі такой сілы, што здавалася, нібы трэскаецца неба.
— Дваццаць — убок! — камандаваў Магутны Арол, і дваццаць шулёнкаў адляцелі і схаваліся пад скалой. Тут было ціха, і, збіўшыся ў гурт, яны чакалі наступнага загаду і адпачывалі. А тым, хто застаўся на беразе, загадалі капаць; крыламі і кіпцюрамі яны ўзяліся рыць пясок. Вецер валіў з ног, дождж сек па вачах, пярун аглушаў, і маланкі асляплялі, а мора, коцячы чарговы вал, разбурала краі ямы, і ўсё трэба было пачынаць спачатку. Шулёнкі выстраіліся перад ямай жывой сцяной: частка стрымлівала целамі націск мора, другая частка працягвала капаць.
Магутны Арол стаяў збоку і чакаў. Калі шулёнкі закопваліся на дастатковую глыбіню, ён камандаваў: «Адставіць», і тыя зноў выстройваліся перад уладаром, які загадваў:
— Цяпер вы павінны памерці. Такая мая воля.
— Ёсць, Ваша Недаступнасць! — адказаў дружны хор. І тут жа камандзір, як самы адданы, зрабіў над сабой намаганне і зваліўся мёртвы. Яго прыклад пераймалі іншыя, а тых, хто не валодаў такой уладай над сабой, магутны Арол біў дзюбай у галаву, і яны клаліся побач з таварышамі. Потым ён скінуў іх целы ў мора і саскочыў у яму. Яму заставалася саскрэбці толькі невялічкі слой, і ноч азаралася белым дрыготкім святлом — на дне ямы ляжаў зіхатлівы Плацінавы Абруч. Магутны Арол доўга сядзеў каля яго, ахоплены пакутлівым хваляваннем, і засяроджана перабіраў у памяці, чаго б яшчэ папрасіць; магутнасць, смеласць, непаражальнасць, багацце — усё было ўжо даўно дадзена, і прыдумаць новую просьбу не хапала фантазіі, а паўтарацца нельга было: Плацінавы Абруч двойчы не выконваў таго самага або падобнага жадання.
— Сілы! — шаптаў Магутны Арол, дакранаючыся да халоднага металу. — Зоркасці!.. Упэўненасці!.. Моцы крылаў!..
Але Абруч ніяк не адклікаўся — не было ў яго бляску таго характэрнага напружання і іскрэння, якія б сведчылі, што просьба прынята і выканана. І Магутны Арол разумеў — прыляцеў сюды дарэмна.
Прыгнецены і стомлены, ён закідваў Абруч пяском, каб святло не пранікала наверх, потым выбраўся з ямы і грозна загадаў:
— Да мяне!
І шулёнкі, што засталіся, умомант былі перад ім; яны не пыталіся, куды падзеліся іх таварышы, — пытацца было парушэннем Улажэння і, значыць, злачынствам.
— Закапаць.
Такая работа звычайна заканчвалася за некалькі хвілін.
— А цяпер вы павінны памерці. Такая мая воля.
— Ёсць, Ваша Недаступнасць! — пачуўся дружны адказ.
Магутны Арол застаўся адзін, узняўся ў паветра і, не зважаючы на непагадзь, кружыўся над гэтым месцам. Бура ўрэшце ўлягалася, гром аддаляўся, вецер супакойваўся. Мора паступова залізвала сляды працы; вось ужо зусім гладкі пясок, вось хвалі перакочваюцца цераз мелізну і дасягаюць скалы, дзе нядаўна хаваліся шулёнкі, а далёка на ўсходзе пачынае матавым адценнем свяціцца неба. Ідзе прыліў...
***
Варта заўважыць, што Магутны Арол усё радзей наведваў сваё патаемнае сховішча. «Гэта мая начная туга ў бурлівае надвор'е — ад хвалявання стыхій у прыродзе, як правільна тлумачыць Гэ-Гэ, — разважаў ён. — Бо я — увасабленне прыроды. Чаго мне лятаць туды? Калі мая галава не здольная прыдумаць новага жадання, дык, значыцца, і няма больш таго, чым я валодаю, і не трэба большага жадаць». А акрамя таго, ён у пэўнай меры зайздросціў Плацінаваму Абручу: «Я ж магу і сам зрабіць тое, што захачу ці што будзе неабходна, я — Аквіла Рэгія, непераможны і найвялікшы, — інакш што ж я за «непераможны і найвялікшы», калі толькі і прашу дапамогі ў нейкага абруча?»
Читать дальше