Пад ударам сілавога поля белаваты спрут адскочыў ад танка і ўзвіўся ў неба. Праз імгненне хваля здранцвення спала, цела сталася незвычайна лёгкае, як быццам запоўненае геліем. Грэхаў пакруціў галавой і са здзіўленнем убачыў, што Вірт сядзіць на падлозе. Рубку заліло святло. Дыега заўважыў яго позірк і ўсміхнуўся.
— Я, відаць, рагаты, як карова. Падобны?
— А што такое карова? — з цікаўнасцю спытаўся Малчанаў, падымаючы на Вірта свой вечна пахмуры вузкі твар.
— Карова... — з усмешкай пачаў Дыега, — гэта такая вялікая жывёліна з чатырма нагамі па кутах... Сташэўскі пырснуў, а Грэхаў упершыню ўбачыў на твары Малчанава ўсмешку. Усмешка ў камунікатара была незвычайная: як бліск маланкі, што прасекла цёмныя навальнічныя хмары. Малчанаў быў самы старэйшы з іх. Ён нарадзіўся ў тысяча дзевяцьсот восемдзесят дзевятым годзе, гэта значыцца ў дваццатым стагоддзі. Грэхаў спачатку нават не паверыў, калі даведаўся пра гэта, але потым успомніў, што менавіта Малчанава выратаваў экіпаж зоркалёта «Спір», яго і камандзіра карабля «Магіканін». Малчанаў вярнуўся да Тартара, а камандзір «Спіра» Яраслаў Грант... Грант на Чары, у санаторыі... Няўжо такое моцнае было ўзрушэнне? Ці ён судзіць гэтага чалавека занадта прадузята?.. Але Малчанаў які! Перажыць гэткае і вярнуцца! Бадай, у яго можна павучыцца рашучасці і мужнасці. Калі толькі такія сталёвыя нервы не сведчанне яго зашэрхласці або, яшчэ горай, раўнадушша...
— Та-ак, — працягнуў Сташэўскі, спадылба аглядаючы іх. У характары гэтага чалавека нялёгка разабрацца, не ведаючы яго так, як ведаў Грэхаў. У яго суровы, колеру паўночнага каменю твар, халодныя шэра-блакітныя вочы, моцна сціснутыя, быццам акамянелыя, губы. Ён шырокі ў плячах, масіўны і вельмі дужы. Аднойчы на Самніі пад час аварыі блокпаста ён ударам кулака сарваў двухсоткілаграмовае мацаванне экрана і вырваў сілкуючы фідэр разам з гняздом, бо часу на адкручванне ўжо не было. Вядома, захапляўся Грэхаў не дужасцю Сташэўскага, ён быў не слабейшы за Святаслава, хоць знешнасць меў далёка не тыповую для асілка. Ростам ён быў, бадай, ніжэйшы за Малчанава, шчуплы, але важыў гэтулькі ж, колькі і Сташэўскі, — сто два кілаграмы. Праз гэта яму яшчэ ў інстытуце далі мянушку «Малы пярэварацень». А вінаватае ў гэтым дзяцінства: Грэхаў нарадзіўся ў зоркалёце, што цярпеў бедства, і цэлых пятнаццаць гадоў з моманту нараджэння да фінішу на Зямлі рос у полі прыцягнення, у тры-чатыры разы больш магутным, як земляное. Натуральна, гэта не магло не адбіцца на яго целабудове. Ну а Сташэўскі... Мала сказаць — ён ім захапляўся, ён яголюбіў...
— Та-ак, — яшчэ раз вымавіў Сташэўскі. Камандзір групы, ён умела хаваў свае трывогі і сумненні. Грэхаву ж, шчыра кажучы, было нявесела, тым болей што ўварваліся яны ў абсалютна незнаёмае жыццё, а ісці яны маглі толькі наўздагад, і гэты павольны і стамляючы рух дзейнічаў на нервы больш, чым загадкавае выпраменьванне нярэдкіх «цікаўнікаў».
— Нашы меры абароны ад «цікаўнікаў», — уздыхнуў Сташэўскі, — на жаль, пакуль што малаэфектыўныя, і фактычна мы безабаронныя...
Ён перахапіў позірк Вірта.
— Так-так, безабаронныя, нягледзячы на тыямат [2] Тыямат — генератар асобага поля, у якім разбураюцца электронныя, атамныя і міжнуклонныя ядзерныя сувязі.
. Бо можа ўзнікнуць сітуацыя, у якой мы проста не паспеем прывесці яго ў дзеянне. — Ён меў рацыю. Тыямат — «вялікі разбуральнік», «генератар праматэрыі», «ініцыятар ціхага распаду» — як яго толькі ні называлі, — наймагутнае са сродкаў абароны і нападу (на жаль...), якім нядаўна авалодаў чалавек. Але і тыямат не гарантаваў бяспекі ва ўмовах Тартара, які меў вялізны арсенал паражаючых фактараў, ніводны з якіх яшчэ не быў як след вытлумачаны чалавекам.
— Ну, не глядзіце на рэчы гэтак песімістычна, — прабурчаў Малчанаў. — Трэба прывыкаць і да «цікаўнікаў» і да іншых формаў жыцця Тартара, а іх багата, і, запэўніваю вас, усе яны агрэсіўныя...
— Акрамя пластуноў, — сказаў усёвед Дыега Вірт.
— Пра пластуноў асобная гаворка...
— Так, — у трэці раз сказаў Сташэўскі, — Мы стаім ужо паўгадзіны, гэта недаравальна шмат. Гатовыя? Паехалі.
Танк злёгку прысеў і рэзка пабег па светлым тунелі, што высеклі ў цемры пражэктары. Дарога рабілася горшая. Спачатку ехалі па пласкагор'і, якое дзе-нідзе парасло паўзучым нізкім кустоўем дзіўнага выгляду. Яно чамусьці нагадвала Грэхаву абстрактныя канструкцыі з металічнага дроту, укручаныя ў масу пушыстых сіняватых нітак. Гусеніцы з ходу ламалі яго, і яно рассыпалася на асобныя кавалкі, крохкае, як шкло.
Читать дальше