— Балаш, — паклікаў ён сябра і ўвайшоў у пячору.
Ён не памыліўся. Гэта было ложа, а на ім у скафандры ляжаў... чалавек. Ён быў нежывы, і, відаць, даўно. Скрут памкнуўся быў расшпіліць скафандр на чалавеку. Балаш спыніў яго:
— Не трэба...
Скрут падумаў, што сапраўды гэтаму земляніну ўжо нічым не дапаможаш. Ён пастаяў, патрымаў руку на яго плячы, нібы развітваючыся назаўсёды, і пайшоў аглядаць пячору.
Стала ўжо зусім цёмна. Балаш уключыў ліхтар. Пячора была амаль пустая. Няроўныя каменныя сцены, такі ж каменны ложак. Побач нешта падобнае на стол. Сям-там Скрут заўважыў раскіданы інструмент, дэталі, вузлы прыбораў, машын.
— Тут павінна быць сховішча... — уголас падумаў ён.
— Так... — згадзіўся Балаш. — Чалавек пражыў у пячоры нямала. Ён недзе трымаў свае прыпасы. Яшчэ павінна быць недзе рэгенерацыйная ўстаноўка. Без яе ён доўга не вытрываў бы.
Сховішча было побач з ложкам. Знайшоўшы яго, Балаш зноў падышоў да зямляніна. Доўга-доўга стаяў над ім, потым працягнуў руку і дакрануўся да яго ног. Пад нячуткімі ад таўшчыні ахоўнага касцюма пальцамі аказалася пустата. Балаш адышоў і доўга глядзеў праз празрыстую адсюль сцяну ў чорную ноч. Потым, не абарочваючыся, папрасіў:
— Пашукай... Павінны быць дзённікі.
Скрут не здагадаўся, што так уразіла таварыша, і, аглядаючы нішы, раз-пораз кідаў на яго няўцямныя позіркі.
— Вось, — нарэшце знайшоў ён касеты з крышталікамі, на якіх касманаўты звычайна запісвалі ўсё, што лічылі вартым увагі.
Скрут патрымаў іх у руках, нібы ўзважваючы, яшчэ раз зазірнуў у нішы і закуткі пячоры і спытаў:
— Пачытаем на караблі?
— Тут, — сурова выгукнуў Балаш.
Скрут здзівіўся незвычайнай суровасці, якая прагучала ў яго голасе. Але згадзіўся і сеў на камень, што, напэўна, некалі служыў гаспадару сталом. Потым уставіў крышталікі ў гуказдымальнік, які за многа дзесяцігоддзяў істотна не змяніў сваёй канструкцыі, падключыў рацыю, каб можна было чуць запіс у шлемафонах, і сказаў:
— Гатова...
Толькі тады Балаш павярнуўся да святла — рэзкі, рашучы.
— Уключай! — загадаў ён і пайшоў да ложка. Так і стаяў ён увесь час, пакуль зямлянін няспешна расказваў пра сваё жыццё.
А ў Скрута не хапіла адвагі стаць побач з ім — ён не мог глядзець на рэшткі гэтага чалавека, чый раздумны голас прыглушана і павольна гучаў у шлемафоне.
Невыносна замаруджана цяклі хвіліны, раскрываючы вялікую трагедыю зоркалёта і таго, хто застаўся адзін з вялікага экіпажа.
«...Перада мной выбар, — нібы раячыся з субяседнікам, гаварыў астралётчык, — памерці зараз ці паспрабаваць жыць... Я не агаварыўся. Іменна — паспрабаваць. Гэта жыццё не прынясе мне радасці. Я не змагу калі-небудзь вярнуцца на Зямлю. Пра мяне, напэўна, ніколі ніхто нават не даведаецца — наўрад ці які карабель забрыдзе ў гэты раён. Я не змагу нават выбрацца з пячоры — косці абедзвюх ног раструшчаны ў час катастрофы. Я не магу сам сабе зрабіць аперацыю, бо калі змог бы вытрываць боль, то трэба мець яшчэ герметычную камеру — яе таксама няма. Такім чынам мая будучыня — адзінота, нерухомасць, безнадзейнасць. Але я не прымаю смерць. Пакуль я магу — я павінен жыць. Не таму, што інстынкт мацнейшы за волю і я чапляюся за жыццё. Я павінен жыць, бо я — чалавек і ў мяне яшчэ дзейнічае мозг...»
Скрут слухаў і ўяўляў сабе разбіты выбухам зоркалёт, мёртвую планету і адзінокага скалечанага чалавека, якому шчаслівы, а хутчэй нешчаслівы выпадак падараваў жыццё і якому належала пакутаваць ад бездапаможнасці і бяссілля доўгія-доўгія дні, месяцы, гады.
Ці можа такое вытрываць чалавек? Скрут не таіўся перад сабой. Для яго гэта была не проста цікаўнасць. Ён ніколі не забываў, як гняла яго абмежаванасць прасторы ў зоркалёце. Яна была нішто ў параўнанні з прасторай Сусвету. І ў гэтай неадпаведнасці яму бачылася нешта ненатуральнае, варожае. Чалавек па ідэі — вольны. Скрут разумеў свой стан і нічога не мог з сабой зрабіць. Але яму было лягчэй. З ім заўсёды знаходзіліся таварышы з дзяжурнай змены, яго ахоўвала моц магутнага зоркалёта. Дзе браў стойкасць гэты касманаўт? Што надавала яму сілы? Адчуванне чалавечай годнасці? Але ж пра гэта і Скрут ніколі не забываў...
«Ох, як гэта невыносна, калі дзейнічае мозг. Раней мне здавалася гэта шчасцем, а зараз мне часам хочацца пашукаць нейкую там кнопку, каб хоць на імгненне выключыць мозг, забыцца і пазбыцца свайго становішча».
Узняўшы вочы ў час адной з паўз, калі чулася толькі патрэскванне рацыі, Скрут заўважыў побач з ложкам корпус робата. Ён быў латаны і пералатаны. Заклёпкі і швы на абшарпаным металічным корпусе робата, можа, ярчэй за ўсё раскрылі Скруту жудасную карціну апошніх месяцаў жыцця чалавека, які стараўся падоўжыць існаванне свайго адзінага памочніка. Гэты робат расчысціў чалавеку дарогу да пячоры, надзейна абсталяваў яе, каб чалавек мог жыць там столькі, сколькі хопіць энергіі ва ўцалелых акумулятарах і сонечных батарэях. І, напэўна, чалавек дзяліўся з робатам, аддаючы яму большую частку энергіі, не зважаючы на свой холад і голад.
Читать дальше