Скрут не быў ні фізікам, ні матэматыкам. Ён не мог зразумець формулы, знойдзенай гэтым чалавекам. І яго зусім зараз не хвалявала, што яны маглі не вярнуцца. У далёкім космасе людзі гатовы і да гэтага.
Ён сабраў батарэі, далучыў да іх аварыйную батарэю са свайго скафандра і падключыў да ўстаноўкі, якая ўначы свяціла чырвоным агеньчыкам. Потым заварыў прарэзаны надоечы ўваход у пячору і пабег даганяць Балаша.
Напачатку была казка. Казка пра тое, як чалавек прадаў чорту душу і з дапамогай нячыстай сілы нажыў вялікія багацці, займеў усё, чаго прагнуў, хацеў, і калі, здавалася, сама б жыць і радавацца... Словам, прыйшоў чорт і пачаў патрабаваць аддаць тое, што чалавек яму прадаў — душу... Казка была доўгая, яе расказваў Петрыку ў адзін з шарых асенніх вечароў, седзячы на печы, дзед Максім...
Дзеда забілі немцы. Ён памкнуўся быў ратаваць сабаку, Рэкса, па якім, уваліўшыся ў двор, пусцілі чаргу з аўтамата чужынцы, калі той з брэхам адчайна кінуўся на іх, хочучы няйнакш стрымаць, не пусціць. Кулі прашылі дзеду грудзі, перабілі ногі, і ён, не ўстояўшы на ганку, упаў, зваліўся проста тварам у снег...
Сабаку, упрогшыся ў саматужкі, маці завезла ў той жа дзень некуды ў лес і закапала. А дзед, нейкі аж занадта суровы, з нежывымі, ашклелымі вачыма і складзенымі на грудзях касцістымі, жылістымі рукамі, нерухома ляжаў на лаве яшчэ вечар і ноч, пакуль не змайстравалі яму са свежых габляваных дошак дамавіны, не палажылі яго туды і не павезлі на могілкі. Там, на пагорку, пад старою карыстаю сасною, дзеда пахавалі, паставіўшы на яго магіле высокі дубовы крыж...
У хаце і на двары адразу ж пацішэла. Не гаўкаў, не званіў ланцугом, сюды-туды бегаючы, гойсаючы, Рэкс, не кашляў, не гаварыў сам з сабою, седзячы на печы ці сноўдаючыся па хаце, дзед. Ды і маці неяк пазмрачнела, сцялася — не смяялася, не спявала, як, бывала, раней. Рабіла ўсё, нават размаўляла, ціхенька, быццам хворая. І плакала, плакала — шкада ёй было і дзеда, свайго бацькі, і сабакі Рэкса. Прывыклі ж, без іх сям'я была няпоўная. А тут, як на тое, яшчэ завея ўсчалася, да такая, што свету божага не стала відаць. У коміне быццам чэрці пасяліліся — выла, гуло, гігікала, свістала, падкідала ўюшку. Ды і на двары, за хатаю, ведзьмы баль спраўлялі — ліха ведае што рабілася — віхурыла, несла снегам, мяло, засыпала сцежкі-дарожкі. Выйсці па патрэбе за хлеў і то не заўсёды ўдавалася. З ног збівала, холадам да самых касцей працінала, ледзяніла. Давялося ўнесці ў хату ражку...
І так сумна, нецікава жылося аж да самай вясны, пакуль сонца не пачало зазіраць у вокны, снег не растаў...
З прыходам вясны, цяпла зачасцілі ў вёску немцы. Прыедуць, згоняць людзей да сельсавета — ён называўся ўжо воласцю, аддадуць розныя распараджэнні, загады — і паедуць. А калі распараджэнні і загады пачалі не выконвацца, парушацца, немцы не на жарт раззлаваліся — узяліся палохаць, страшыць людзей, а потым і страляць, вешаць. І людзі, каб не трапіць пад кулі ці на вісельню, не чакалі больш дома немцаў, не сядзелі ў хатах, а як толькі чулі, што едуць ворагі, уцякалі хто куды, шыліся ў балоты, альсы, лясы — яны, на шчасце, акружалі вёску з усіх бакоў. І не выходзілі ўжо адтуль, не вылазілі, пакуль не ад'язджалі чужынцы. А ўжо тады, часцей за ўсё пад вечар, як цямнела, змяркалася, кіраваліся, краліся да сваіх хат...
Неяк, уцякаючы ад немцаў, Петрык адстаў ад людзей і нават ад маці. Балота, лазняк яму перашкодзілі. Убіўся быў у такую гушчэчу, заглуш, што не пралезці. Паспрабаваў крычаць, але тут жа спахапіўся, апомніўся: немцы ж могуць пачуць... Сяк-так выбраўся на сухое, на лес... Але... Нікога з аднавяскоўцаў там ужо не было, нават след прастыў. Заплакаў у роспачы...
Маці вучыла яго: калі здарыцца нешта падобнае — адстанеш ці адзін астанешся, каб не губляўся, шыўся ў лазняк, у балоты. І Петрык, успомніўшы матчын наказ, не пайшоў на лес шукаць людзей, а вярнуўся назад, у лазняк, у балота. І не астаўся там з краю, а пашыўся ў выгары. Вада там была халодная, аж ногі зводзіла. Ды і глыбока, да самых пахаў, шыі, месцамі даходзіла. Пагрэбаўшыся між карчоў і купін і змарыўшыся, Петрык, як толькі ўбачыў паваленую, вывернутую з карэннем старадрэвіну, дабраўся да яе і залёг.
«Далей не папаўзу, — вырашыў. — Схаваюся за камель. Ці за карані, голле».
Так і зрабіў. Але... Што гэта? Раптам зачаўкала багна, заплюхала вада — пачуліся няйнакш чыесьці крокі. Падняў галаву. І... убачыў нечакана для сябе немца — ён, наставіўшы перад сабою аўтамат, у касцы, накінутай на плечы плямістай плашч-палатцы, цыбаў асцярожна па вадзе проста на яго, Петрыка. У страху і як бы нейкім здранцвенні пашыўся бліжэй да вываратня. І там, у зарасніках травы і малінніку, стаіўся, прыпаў усім сваім целам да камля.
Читать дальше