Але робат не меў чалавечай вынослівасці. Ён знерухомеў раней чалавека. Скрут уявіў сабе роспач, якая авалодала тады чалавекам...
Нібы ведаючы наперад аб гэтых думках Скрута, чалавек сказаў: «Сёння я застаўся без Ацілы...»
Адна фраза, і ні слова больш, ніводнай скаргі, нягледзячы на тое, што для яго гэта было пачаткам канца.
Скрут падумаў, што яму не так лёгка будзе зразумець гэтага чалавека, замураванага ў скале далёкай планеты і непахіснага ў сваёй волі. Чалавек не спадзяваўся, што яго калі-небудзь, хай сабе і пасля смерці, знойдуць. Ён разважаў сам з сабой, бо меў, відаць, адзіную слабасць — патрэбу ў субяседніку.
— ...Ты чуеш?
Скрут уздрыгнуў. Задумаўшыся, ён ужо не слухаў. Забыўся на Балаша.
— Скрут, ты чуеш? — паўтарыў Балаш.
Скрут прыслухаўся, аднак не адразу зразумеў, чым выкліканы вокліч таварыша.
«...Я ўвесь час думаю, дзе была наша памылка? Чаму ўзарваліся рухавікі? Першыя сімптомы непаладак у іх з'явіліся, калі мы ледзь увайшлі ў сілавое поле планеты. Мы спадзяваліся наладзіць рухавікі, апынуўшыся на цвёрдай глебе. Але спыніць рэакцыю ўжо не ўдалося. Дзіўна, яна ішла быццам бы павольна, не сціхаючы і не нарастаючы. І раптам скачок, выбух...»
У шлемафоне стала ціха. Скрут нецярпліва зірнуў на гуказдымальны апарат. Балаш трымаў руку на выключальніку.
— А нам удалося, — з горыччу сказаў ён, быццам адчуваючы віну за тое, што ў іх папярэднікаў — касманаўтаў — было менш ведаў.
Скрут адчуў, як яго ахоплівае неспакой. Што з таго, што на Зямлі ўжо ведаюць, як спыніць такую рэакцыю? Для гэтага чалавека гэта ўжо не мае значэння. Яму важна было самому дайсці да ісціны, поўнасцю выкарыстаць свой яшчэ жывы і, відаць, магутны розум, рашаючы вялікую загадку. Толькі гэтым ён, паміраючы, мог перамагчы смерць. Ці знайшоў ён прычыну? Скрут махнуў рукой:
— Уключы...
«Але павінна быць рашэнне гэтай задачы, якога мы тады не бачылі».
— Канечне, канечне, — шапнуў Скрут, думаючы, што іх апарат вельмі марудна здымае гук. Ён трывожыўся: няўжо лёс не пашле гэтаму адважнаму магутнаму чалавеку поспех, няўжо дарэмныя былі яго пакуты?
Скрут хваляваўся, як ніколі яшчэ ў жыцці. А голас у шлемафоне гучаў роўна, непадуладны ніякім няўдачам. З дня ў дзень чалавек коратка кідаў у мікрафон: «Нічога новага». Ён, відаць, многа працаваў, бо ўсё радзей і радзей трапляліся ў запісе разважанні. А можа, ён бярог энергію батарэй — яны ж, як і робат, не былі невычэрпныя.
— Больш не магу! — нервова выгукнуў Балаш і пайшоў да выхаду.
— Мы мусім даслухаць, — сказаў яму Скрут. — Для нас мае значэнне не сутнасць яго адкрыцця, а сам факт.
Яны ўжо нічога не чакалі ад асуджанага на марудную смерць. Яны думалі аддаць яму даніну як чалавеку. А ён здзівіў іх зноў.
«Здаецца, усё. Я ведаю формулу».
Трэба быць вялікім матэматыкам, каб толькі запомніць з аднаго разу гэты доўгі рад інтэгралаў, лічбаў і знакаў. Чалавек прачытаў яе, потым, падумаўшы, паўтарыў больш павольна, нібы даючы слухачам магчымасць удумацца ў яе сэнс. І раптам прамовіў з сумненнем: «Ці ўсё гэта?»
— Усё! Усё! — крыкнуў Балаш, быццам чалавек мог яго пачуць. — Людзі на Зямлі вывелі тваю формулу...
Доўгае шыпенне ў навушніках было адказам Балашу. Чалавек маўчаў. Можа, думаў, можа, у яго не стала ўжо сілы, каб сказаць апошняе, развітальнае слова, а можа, ужо лічыў гэта слова наогул неістотным, непатрэбным.
Маўчанне шлемафонаў было невыносным. Але ні Скрут, ні Балаш не адважваліся выключыць апарат. Ім здавалася, што тым самым яны дачасна абарвуць жыццё гэтага мужнага чалавека. Прайшла, напэўна, гадзіна. Вяршыні гор пасвятлелі — пачынаўся дзень.
— Трэба вяртацца, — сказаў Балаш, — мы безнадзейна познімся.
— Яшчэ крышачку... — папрасіў Скрут.
Балаш паківаў галавой, адчуваючы і сам, што не можа пайсці адсюль, не дачакаўшыся канца.
Патушылі ліхтар. Ранішняе святло, лёгкае, свежае, пранікла праз зроблены Скрутам уваход у пячору. Прамень сонца крануў гермашлем чалавека, і твар яго нібы ажыў, разгладзіліся пакутлівыя складкі. Скрут усхапіўся, навёў кінаапарат. І тут шлемафоны ажылі.
«Вось цяпер, здаецца, усё».
Зноў прагучала доўгая формула, пасля паўзы чалавек паўтарыў яе. Для гэтага ён знайшоў сілы. І гэта, відаць, былі яго апошнія намаганні. Апарат даў сігнал, што запіс скончаны.
— Хто ён? — спытаў Скрут, думаючы над тым, чаму гэта пасвятлеў твар Балаша. — Няўжо мы не знондзем дзе-небудзь тут яго імя?
— Не ведаю. Але ён выратаваў нас. Ён зазірнуў глыбей, чым мы. Не ведаючы яго адкрыцця, мы на адваротным шляху паўтарылі б лёс яго карабля.
Читать дальше