Балаш ужо быў гатовы адказаць на словы Скрута згодай, аднак перадумаў. У яго не было ўпэўненасці ў тым, што той агеньчык можна знайсці. Хутчэй за ўсё тут вінаваты які-небудзь крышталь. У пэўны час на яго трапляе зорнае святло, і тады ён пачынае палымнець у начной цемры. Удзень яго, зразумела, не заўважыш.
Гэта прынясе Скруту расчараванне, пакіне адчуванне, што існуе нешта неразгаданае, разгадаць якое ў яго не стала ўмення. І, магчыма, праз усё жыццё ён пранясе ў сабе пачуццё віны, што мог, але не адкрыў для людзей адну з загадак прыроды. Балаш уздыхнуў і сказаў:
— У нас вельмі мала часу.
Балаш не хлусіў. Праз двое сутак надыходзіў найлепшы момант для старту. Толькі ў гэтым выпадку яны здолеюць сустрэцца з экспедыцыяй у вызначаным пункце прасторы. Любое спазненне прывядзе да таго, што прыйдзецца даганяць зоркалёт, а гэта значыць, давядзецца тармазіць, змяняць курс і зноў разганяцца, што не выключае іншых непрадбачаных непрыемнасцей. Здарылася ж у іх вось тут вымушаная пасадка, калі раптам невядома чаму паскорыўся рэжым работы рухавікоў. Сілавое поле планеты яшчэ будуць вывучаць, з гэтага боку некаторыя даследаванні, якія яны правялі, прынясуць карысць. Але зараз галоўнае для іх — вярнуцца назад.
— У нас два дні, дзве ночы і яшчэ некалькі гадзін, — удакладніў Скрут.
І гэта была праўда. Нейкі час яны сапраўды мелі, і не было патрэбы, каб Скрут абавязкова знаходзіўся гэтыя дні на караблі. Падумаўшы, Балаш амаль здаўся.
— Пагаворым раніцай, — паабяцаў ён. Світанне прыйшло пахмурнае. Шалёны вецер нёс аднекуль з поўдня хмары дробнага пяску. У гэтай рухомай шэрай мешаніне было гэтак жа цяжка арыентавацца, як і ў тумане.
— Можа, пачакаем пагоды? — сказаў Балаш.
— У нас толькі два дні, адна ноч і яшчэ некалькі гадзін, — паўтарыў свае словы Скрут.
Балаш усміхнуўся і дазволіў выязджаць. Урэшце, лакатары бачаць і ў больш шчыльным асяроддзі.
Аднак ні Скрут, ні Балаш не ўлічылі адну акалічнасць — у гарах, дзе трэба было шукаць агеньчык, давялося хадзіць пешшу, пакінуўшы ўсе прыборы ў кабіне ўсюдыхода. Скрут вярнуўся ні з чым.
Пад вечар вецер сціх. Асеў пясок. На пацямнелым небе заблішчалі зоркі.
— Не бядуй, — суцяшаў Балаш таварыша, — сёння мы яго абавязкова зловім.
Яшчэ звечара яны расставілі прыборы, настроілі іх. Цяпер, калі з'явіцца агеньчык, яны не толькі даведаюцца напрамак, але і адлегласць да яго з дакладнасцю да аднаго метра. Калі сцямнела, яны занялі пазіцыю на вяршыні ўзгорка.
Час, здавалася, да неверагоднасці запаволіў свой бег. Яны раз-пораз пазіралі на гадзіннікі, не давяраючы электроннаму сакратару. Але нават секундная стрэлка быццам ператварылася ў хвілінную — так мала абаротаў зрабіла яна па круглым цыферблаце.
Скрут адышоў убок, пакінуўшы Балаша каля прыбораў. Ён хваляваўся і адчуў патрэбу зараз пабыць аднаму. Прысеў на камень. Пасля цэлага дня блуканняў было прыемна выпрастаць стомленыя ногі. Скрут прыхінуўся спіной да скалы, з задавальненнем адчуваючы пад эластычным надзейным касцюмам-скафандрам яе зямную цвёрдасць.
Ноч, перадапошняя для іх на гэтай планеце, нячутна накрыла ўсё навокал. Густую непраглядную цемру не маглі перамагчы ні Млечны Шлях, ні яркі Сірыус, што ў сваёй статычнасці ўяўляўся як намаляваны. І ўсё астатняе было такое ж далёкае ад рэальнасці — нерухомае, нежывое. Адно, што здавалася жывым, гэта тая чырвоная кропка, якая няйначай сігналіла ім аб нечым невядомым і, можа, неабходным для людзей. Хутка яна з'явіцца зноў. Ён даведаецца, дзе яна, і прыйдзе заўтра на тое месца. Чаму ён верыць, што за гэтым агеньчыкам нешта ёсць? А раптам, сапраўды, спадзявацца на нешта незвычайнае можа толькі такі навічок, як ён?
Ён помніць выпадак, які стаў ужо хрэстаматыйным для многіх пакаленняў вучняў касмічных школ. Некалі два стажоры прыслалі з Марса паведамленне, што сутыкнуліся з рэшткамі невядомай цывілізацыі. На здымках, якія яны перадалі, людзі ўбачылі нешта вельмі падобнае на прылады працы, мудрагелістай формы фігуркі, якія былі або параджэннем фантазіі іх стваральнікаў, або, наадварот, расказвалі аб выглядзе саміх стваральнікаў.
Гэта была сенсацыя. На Марс адправілі вялікую экспедыцыю. І першае больш-менш дэтальнае абследаванне паказала, што знойдзеныя фігуркі — рэшткі не загінуўшай цывілізацыі, а метэарыта. Трапіўшы ў атмасферу Марса, ён узарваўся, і асколкі, аплавіўшыся, набылі гэтую дзіўную форму.
Але гэта павінны былі ўстанавіць самі стажоры. Яны не зрабілі гэтага, бо такое ўжо вялікае жаданне ў кожнага маладога касманаўта быць першаадкрывальнікам. Ці не падобны ён нечым на тых стажораў?
Читать дальше