Я ўздыхнула. Выходзіць, усе гэтыя намёкі Эмы на сватаўство — лухта. Так, адкуль магла цётка ведаць, калі Грымсвотны не вельмі распаўсюджваюцца пра будучае вяселле.
— І хто ж гэтая шчасліўка? — кіслым голасам запыталася цётка.
— У свой час вы пра ўсё даведаецеся, — сказаў Лемюэль напышліва. — Аб’ява пра вяселле сэра Лемюэля Грымсвотна-малодшага будзе змешчана ва ўсіх газетах акругі адначасова з паведамленнем пра выхад першага тома твораў сэра Лемюэля Грымсвотна-старэйшага і пра выхад дэбютнага зборніка твораў сэра Лемюэля Грымсвотна-малодшага, — ён збіўся з ролі і збянтэжыўся, злавіўшы мой здзіўлены погляд, але потым дадаў велічна: — Мы выклічам сапраўдны фурор!
— Пайду распараджуся наконт кавы, — сказала цётка Аўгуста холадна. — Эма, галубачка, прасачы, каб цукар быў наколаты не занадта дробна.
Гэта фраза заўсёды гучала ў момант, калі цётцы хацелася хутчэй уцячы ад дакучлівых гасцей ці непрыемнай гутаркі. І абед, і каву гатавала яна сама, разам з Эмай і бабуляй, але пры людзях увесь час падкрэслівала, што выконвае ў гэтым доме выключна ролю гаспадыні, а не кухаркі і, крый божа, прыслугі. Ёй чамусьці заўсёды хацелася здавацца на прыступку ці дзве вышэй, чым яна стаяла насамрэч.
Наогул, мы маглі б дазволіць сабе прыслугу, калі б трохі скарацілі расходы на дамашняе начынне і незлічоныя ўборы, але цётка Аўгуста не раз паўтарала, што не трэба трымаць чужыя вочы і вушы ў доме. Ужо не ведаю, якія шкілеты цётка хавае ў шафе, але калі ёй падабаецца самастойна змятаць з іх пыл, хто ж будзе пярэчыць?
Пакуль на кухні ўяўная прыслуга пад кіраўніцтвам цёткі і Эмы гатавала каву, Аліса, паддаўшыся поклічу муз, пырхнула на гарышча — прашу прабачэння, у сваю майстэрню. У гасцінай засталіся толькі госці і мы з бабуляй.
— Я недачула, ці сапраўды хутка выйдзе ваша кніга? — спытала я ў Лемюэля.
— А хіба ён табе не казаў? — прастадушна спытала Молі. — Ой, я хацела сказаць. Я думала, усяму свету вядома, што наш Лем — пісьменнік.
— Я асцярогся б слова «пісьменнік», мілая сястрыца, — сціпла адказаў Лем. — Вось калі мая кніга будзе мець поспех, тады — але не раней — я заслужу гэта ганаровае званне. Пакуль жа прашу называць мяне няйначай як «пісака», — ён збянтэжана ўсміхнуўся і паглядзеў на мяне.
«А ён жа і сапраўды піша», — падумала я. Яшчэ ў нашу першую сустрэчу я звярнула ўвагу на рукі, выпацканыя чарніламі, і ён казаў штосьці такое пра ночы, праведзеныя за працай, і ўвесь час ухіляўся ад адказу, калі я пытала, чым жа ён быў так заняты. Пісьменнік. Яму падыходзіць. Бо ён выдумшчык, якіх пашукаць.
— І што ж вы пішаце? — пацікавілася я. — Навуковую працу пра гадоўлю нямышаў у няволі? Раман пра нялёгкае жыццё мазгаклюя? Ці, можа быць, даследаванне, прысвечанае таямнічым пыльным слядам на падлозе? «Завяртушкі: міф ці рэальнасць»?
— Ён піша казкі, — усміхнулася спадарыня Грымсвотн і патрапала Лемюэля па галаве, як маленькага. Лем паглядзеў на мяне. «Цяпер і ты ведаеш маю маленькую таямніцу», — казаў яго збянтэжаны погляд. Я ўсміхнулася. І ў каторы раз падзівілася сваёй здольнасці не заўважаць відавочнага. Дэйсі, Дэйсі, калі ж ты навучышся разбірацца ў людзях?
Цётка Аўгуста і Эма прынеслі каву, вяршкі, цукар, талерку з сырамі, арэхавы рулет. Кававы сервіз падалі новы — той самы, набыты да вяселля Эмы. Мабыць, цётка Аўгуста хацела паказаць, што, хоць яе дочкі і не атрымліваюць у спадчыну велізарных дамоў і дарагіх сачыненняў, але таксама не бядуюць. Новыя сурвэткі і сталовае срэбра з Эмінага пасагу таксама былі закліканы рэабілітаваць наш дом у вачах Грымсвотнаў, якія аказаліся — які жаль — зусім не беднымі людзьмі.
За кавай ішла мірная гутарка пра розныя дробязі. Місіс Грымсвотн захоплена адазвалася пра бабуліны белыя гіяцынты, што ўпрыгожвалі стол, а мая бабуля, пры ўсёй сваёй стрыманасці, аказалася вельмі гаваркой асобай, калі размова зайшла пра садоўніцтва. Молі з цікавасцю распытвала Эму і цётку Аўгусту пра хуткае вяселле. Мне нават здалося, што яны ўсе неяк празмерна захоплены, залішне гучныя і знарок не глядзяць у наш з Лемюэлем бок. Безумоўна, тут рыхтавалася нейкая змова. Калі ж гэты напышлівы багаты спадкаемец і вялікі пісьменнік паціху ўзяў мяне за руку ды пацягнуў у суседні пакой (гэта была нятопленая і даволі цёмная музычная гасціная з засмучаным раялем ды старымі гардзінамі), я пакорліва пайшла за ім.
— Дэйсі, нам трэба вельмі сур’ёзна пагаварыць, — сказаў ён, калі дзверы зачыніліся за намі.
Читать дальше