Так і не атрымаўшы адказ, я доўга дакарала сябе за празмерную шчырасць. Напэўна, Молі змарылі мае выказванні пачуццяў. Дый каму не надакучыць перапіска з векавухай, яшчэ і безнадзейна закаханай. У юнай вясёлай дзяўчыны знойдуцца больш цікавыя заняткі — выводзіць вяснушкі, выразаць лісты са старых прадзедавых кніг, быць сяброўкай нявесты на вяселлі старэйшага брата…
Ціха і мірна перазімаваўшы, мы дачакаліся цёплых дзянькоў. Я ведаю, у большасці людзей вясна асацыюецца з чымсьці паветраным і бязважкім, з першай лістотай на дрэвах, далікатнымі бутонамі кветак, яркім сонейкам, новымі закаханасцямі, нарэшце. Але ў мяне прыход вясны выклікае дзве ўстойлівыя асацыяцыі — водар угнаенняў у бабуліным садзе і вялікая вясновая ўборка. Эма была заручана: улетку, калі ўсё пойдзе шчасліва, чакалася вяселле, таму мы асабліва старанна драілі дом. Выставілі зімовыя рамы, вымылі вокны, нацёрлі да бляску люстэркі, былі запрошаны палацёры і наладчык раяля, а цётка Аўгуста ўласнаручна перамыла ўсе дзвесце ці трыста крыштальных падвесак велізарнай жырандолі, якая вісела ў гасцінай. Прыбыў новы кававы сервіз на дванаццаць персон, мэбля стракацела свежай абіўкай, куфры Эмы ламаліся ад пасагу, а цётка ўсё не магла супакоіцца, і раз-пораз яны з Эмай вярталіся з горада, нагружаныя пакупкамі. «Цудоўныя абрусы, як было не ўзяць», «сталовае срэбра — гэта так высакародна», «з гэтага батысту выйдзе не менш за сотню насовак».
Бабуля мала ўвагі звяртала на гэтыя справы, яна цалкам сышла ў агародныя будні. Узброеная лапатай і месяцовым календаром, яна ўскопвала, сеяла, палівала. Чым цяплей станавілася, тым больш сіл і ўвагі патрабаваў гарод, затое мы ўжо елі свежую зеляніну і радыску з уласных градак. А я вязала белыя карункавыя накідкі для крэслаў будучага мэблевага гарнітура ў будучым доме Эмы. О, я была толькі рада працы, якую цётка і сёстры падкідвалі мне. Думаючы пра тое, як бы не наблытаць з узорам, я не разважала пра больш сур’ёзныя рэчы.
Калі ж вязанне заканчвалася, я дапамагала бабулі ва ўсіх яе садовых працах: бяліць вапнай ствалы фруктовых дрэў, адкрываць ружы пасля зімы, саджаць моркву. Я нават трохі пакапалася ў зямлі і перастала баяцца кузурак.
Наогул, страх лечыцца вельмі проста — малымі дозамі, але ў частым паўторы. Калі вам на руку зваліўся павук, вы спалохаліся і страцілі прытомнасць, так? А калі вам на руку зваліўся адзін павук, праз хвіліну яшчэ адзін, а потым яшчэ і яшчэ, то ад пятага павука вы проста здрыганецеся, дзясятага абыякава страсяце, а пятнаццатага і наогул заўважыце, толькі калі ён забярэцца на ваш саламяны капялюшык і спусціцца на павуцінцы перад вашым носам.
І вось калі я стрэсвала з капелюша чарговага павучка, у сад прымчалася ўсхваляваная Эма. На абед яна збіралася прыгатаваць смажаніну з трусяціны ў чыгунках
і я падумала, што ў яе прыгарэў смятанны соус ці раптам скончыліся салодкія цыбуліны, і яна хоча паслаць мяне на рынак. Але не. Гледзячы на мяне ва ўсе вочы, Эма ўрачыстым голасам абвясціла, што ў наш дом завіталі госці.
— Добра, я прабяруся праз заднія дзверы і пераапрануся ў чыстае, перш чым спушчуся да стала, — сказала я жартаўліва. — І нават вычышчу бруд з-пад пазногцяў.
— Сярод іх малады чалавек, — паведаміла Эма, па-ранейшаму гледзячы на мяне так, нібы не адзін, а дзесяць павукоў шпацыруюць па палях майго старога капелюша.
— О, тады яшчэ і лісце з валасоў павымаю, — усміхнулася я. Узрушанасць Эмы мяне забаўляла. Калі гаворка ідзе пра маладых людзей, мая сястра заўсёды такая ўсхваляваная. Дзіва што, гэта ж кірмаш жаніхоў і трэба быць напагатове, нават калі праз тры месяцы тваё вяселле.
— Мама прасіла перадаць, каб ты прыпудрыла нос і шчокі. Ты так загарэла, капаючыся на градках, і яшчэ гэтыя твае вяснушкі, — дадала Эма з асуджэннем. — Здаецца, мама хоча пазнаёміць цябе з гэтым госцем. Паслухайся маёй парады, Дэйсі, апраніся ярчэй. А я за абедам абавязкова згадаю, што ты выдатна вяжаш. Ён вельмі мілы малады чалавек, хай і небагаты. Магчыма, ён зробіць цябе шчаслівай.
Старая песня. Ужо некалькі разоў цётка Аўгуста спрабавала знайсці мне жаніха і запрашала сваіх сябровак з вялікаўзроставымі сынамі. Гэтых сыноў я наўрад ці забудуся. Адзін з іх насіў устаўную сківіцу і зачэсваў валасы наўскасяк праз лысіну, другі перабраў з аперытывам і размалаціў шкло ў серванце, трэці ж, наадварот, быў вельмі акуратны і паслухмяны, пытаў дазволу ў сваёй маці кожны раз, калі яму хацелася дабаўкі бульбы ці трэба было адлучыцца з пакоя. Цікава, якая загана ў сённяшняга прэтэндэнта.
Читать дальше