— Не турбуйся, Дэйсі, мама займае гасцей свецкай гутаркай у гасцінай, і ты можаш спакойна прайсці да сябе і пачысціць пёркі, — сказала Эма. Яе вочы паблісквалі ад хвалявання. Звычайна Эма пачынае драпежна ззяць толькі пры выглядзе сталовага срэбра, адрэзаў шоўку і іншых матэрыяльных скарбаў, якія можна згрэбці ў ахапак і панесці ў свой бяздонны шыфаньер. Але зараз быў асаблівы выпадак. І чаму сватаўство так займае розумы жанчын самага рознага ўзросту?
— Так-так, — сказала бабуля хмурна. — Калі хочаш, ты можаш назвацца хворай. Ты не абавязана выходзіць да гасцей, Дэйсі.
Вы чуеце? Бабуля, найсумленнейшы чалавек, прапануе мне зманіць, так пячэцца пра маё разбітае сэрца. А можа, баіцца, як бы я з гора не пагадзілася выйсці замуж за якога-небудзь дзіўнага суб’екта з комплексам Эдыпа і вялікай калекцыяй зубачыстак.
Асвяжыўшыся і надзеўшы ўлюбёную сукенку (чытач, табе яшчэ не надакучылі мае блакітныя ружачкі?), у гасціную я спускалася з выразам найдасканалейшай абыякавасці на твары. І спатыкнулася на апошняй прыступцы, ледзь не зваліўшыся са сходаў, калі ўбачыла гасцей.
Сэр Лемюэль Грымсвотн-малодшы ўласнай персонай сядзеў у крэсле насупраць Эмы і штосьці ёй распавядаў. Спадзяюся, не пра нямышаў і мазгаклюяў — мая сястра не аматар выдуманай фаўны. Молі сядзела на канапе побач з Алісай — яны разглядалі альбом з рэпрадукцыямі, і сястра штосьці аўтарытэтна тлумачыла, тыкаючы тоненькім пальчыкам у старонкі. Цётка Аўгуста, у сваім не самым вытанчаным, але затое самым дарагім уборы, стаяла ля акна побач са стройнай, элегантна апранутай дамай, у якой я без вялікіх намаганняў пазнала j матухну Лемюэля.
— А вось і Дэйсі! Прашу знаёміцца, мая старэйшая дачка! — выклікнула цётка адным са сваіх «гасцявых» галасоў. Яна мае некалькі такіх галасоў: адзін заступніцкі — для нясмелых юнакоў, векавух і бедных сваякоў, другі «багемны» — для сябровак-каваманак і іх франтаватых мужоў, трэці — голас вялікапакутніцы, шматдзетнай маці, якая аддае ўсю сябе сям’і і дому. Але для сённяшніх гасцей цётка прызапасіла самы ўрачысты тон. «А вось і Дэйсі!» яна абвясціла з такім пафасам і весялосцю, нібы толькі ўчора асабіста выляпіла мяне з гліны і цяпер запрашала ўсіх палюбавацца на рук сваіх тварэнне. На рынку зазывалы такімі галасамі запрашаюць усіх паспытаць журавінавага збітня ці купіць рэдкіх заморскіх караляў. Што ж, не спрачаюся, я тавар ляжалы, незаморскі, і без хітрыкаў мяне з рук не збыць, вось цётка і намагаецца — трэба аддаць ёй належнае. Мне стала трохі сорамна: яна ж не падазрае, што Лемюэль ужо (ну ці амаль) жанаты…
Згледзеўшы мяне, Лем ускочыў, прадставіўся і адвесіў глыбокі паклон. Разгубіўшыся ад гэтай цырымоннасці (бо калісьці ж мы былі з ім на ты), я прысела ў рэверансе. Цётка Аўгуста глядзела на мяне і на яго па чарзе, пакутліва разважаючы, ці спадабаемся мы адно аднаму, ці даставаць ёй парадны сталовы сервіз альбо можна абысціся звычайнымі талеркамі і супніцай, у якой акуратна склеена трэснутая ручка.
— Вельмі рады пазнаёміцца з вамі, — паведаміў Лемюэль урачыста, даючы мне зразумець, што наша «тыканне» засталося ў мінулым (значыць, усё-ткі жаніўся?) ці што гэту блізкасць не варта афішыраваць перад маімі роднымі.
— Узаемна, сэр, — адказала я, апусціўшы галаву, як і належала сціплай, добра выхаванай дзяўчыне.
Затым я нанова пазнаёмілася з місіс і міс Грымсвотн, якія відавочна не чакалі сустрэць мяне і разгубіліся, калі Лемюэль стаў знарок урачыстым голасам прадстаўляць нас адну адной. Молі ледзь стрымлівалася, каб не захіхікаць, а місіс Грымсвотн спагадліва ўсміхалася, дазваляючы моладзі ўцягнуць яе ў гэту дзіўную, але бяскрыўдную гульню. Падумаўшы крыху, я перапоўнілася гарачай падзякай да іх усіх. Бо калі б яны выклікнулі: «Ба, Дэйсі, колькі лет, колькі зім!» — давялося б мудрагеліць і маніць, тлумачачы, дзе ж я паспела набыць новых сяброў. Не даваць жа маёй радні такую шыкоўную нагоду для насмешак на ўсё астатняе жыццё: ваша Дэйсі, маўляў, чараўніка шукала, усіх састарэлых цётачак абышла, усе камоды з сакрэтнікамі абшукала.
За абедам я не столькі ела, колькі прыслухоўвалася да гутарак. Я даведалася, што матухна Лемюэля пазнаёмілася з маёй цёткай на дабрачынным кірмашы ў мінулым месяцы, і цяпер, трапіўшы праездам у наш край, сямейства Грымсвотнаў вырашыла зрабіць нам спантанны візіт.
— Я бачу, Аўгуста, што вы ніколькі не перабольшвалі, кажучы пра прыгажосць сваіх дачок, — усміхаючыся, прамовіла матухна Лемюэля, і цётка задаволена кіўнула. — Праўда, вы казалі пра дзвюх дачок, а іх, аказваецца, тры, — працягнула місіс Грымсвотн, і самаздаволеная ўсмешка павольна спаўзла з цётчынага твару, саступаючы месца збянтэжанасці.
Читать дальше