Гады таму прыйшоў да яе Глыкс, які лазіў ува ўсе чорныя норы й яміны, прыйшоў да яе ды схіліўся перад ёю, і ўхваліў яе, і пакляўся прыслужваць – і ейная чорная воля з таго часу заўжды крочыла побач зь ім, абараняючы яго ад сьвятла, ад жалю й выратаваньня. Ён паабяцаў прыводзіць ёй ежу. А прагнула яна зусім не таго, чаго ён. Бо няшмат яна ведала пра вежы й пярсьцёнкі альбо што іншае, створанае рукамі ці розумам, дый непатрэбныя былі яны ёй і нецікавыя, а хацела яна толькі забіваць розумы й целы, каб высмактаць усё жыцьцё, і жэрці ў самоце, і пухнуць, пакуль горы ўмяшчалі б яе й цемра здолела б яе ўтрымаць.
Але ж цяпер тая мара была надта далёка, і ўжо даўно ёй хацелася папросту падсілкавацца, бо з узмацненьнем Саўронавай улады ўсё жывое й сьветлае пакінула межы гэтага краю, а горад у даліне памёр, і да яе логвішча не набліжаліся ані людзі, ані эльфы – толькі выпадковыя няшчасныя оркі, здабыча грубая й сьцярожкая. Але ж ёй трэ было есьці, і таму як ні выкопвалі б новыя праходы, як ні рупіліся б, пракладваючы сьцежкі ад перавалу да вежы, заўжды яна вынаходзіла шляхі, каб злавіць. Але ж яна прагнула саладзейшага. I Глыкс паабяцаў.
– Пабачым яшшчэ, вохх, пабачым, – мармытаў ён пад нос, калі злаваўся, на доўгім недарэчным шляху ад Эмін Мюйлу да Моргульскай даліны, – яшшчэ як пабачым. Мажліва, таксс, калі яна выкіне прэч пустое адзеньне й косткі, мы знойдзьдзем, мы атрымаем кашштоўнасьсьць, узнагароду беднаму Сьмеяголю, які прыводзіць добрую ежу. I мы выратуем кашштоўнасьсьць, як і абяцалі. Таксс! А калі мы яе прыдбаем, тады мы пакажам ёй, таксс, мы пакажам ёй, ссплоцім ёй за ўсьсё! Тады мы кожжнаму ссплоцім за ўсьсё!
Гэтак марыў ён, гэтак плянаваў у дальнім закутку свайго розуму й хаваў гэты куточак ад Шэлаб, нават калі зноў зьявіўся перад ёю й пакланіўся нізка ў той час, як спадарожнікі спалі.
А Саўрон добра ведаў, дзе тоіцца яна. Яго задавальнялі ейны голад і няспынная, неўтаймавальная злосьць, бо лепшага вартавога на старажытнай сьцежцы ў ягоную зямлю ён і ўявіць сабе ня мог. Оркі, вядома, былі карыснымі рабамі, але ж надта шматлікімі. Калі раз-пораз Шэлаб і лавіла іх, каб задаволіць апэтыт, дык няхай, дзеля яе не шкада. А раз-пораз, як гаспадар кідае ласунак сваёй котцы (бо " мая котка " клікаў ён яе, хоць яна не прызнавала яго й не паважала), Саўрон слаў ёй вязьняў, якім ня мог прыдумаць іншага карыстаньня. Паводле ягонага загаду іх заганялі ў логава, а пасьля дакладвалі, як Шэлаб забаўлялася.
Гэтак жылі абое, забаўляючыся ўласнымі прыдумкамі, не баючыся аніякага нападу, і нічыёй помсты, і сканчэньня свайго ліха. Аніколі раней нават муха не ўцякала з логава Шэлаб, і незвычайнымі сталі цяпер яе шаленства й прага.
Небарака Сэм не здагадваўся, якое ліха яны абудзілі дый узьнялі супраць сябе, аднак страх рос у ім, пачуцьцё нябачнай пагрозы, і такім цяжарам навалілася яно, што й бегчы стала немагчыма, бо ногі нібы наліліся сьвінцом.
Жах апанаваў яго, бо ворагі чакалі наперадзе, а гаспадар у бязглуздай радасьці бег ім насустрач. Адарваўшы позірк ад ценяў ззаду й глыбокага змроку пад скаламі леваруч, ён зірнуў наперад – і пабачыў тое, што ўкінула ў адчай. Корд, які Фрода яшчэ трымаў аголеным у руцэ, зьзяў блакітным полымем. I хоць нябёсы па-за вежаю пацямнелі, вежавае вакно яшчэ сьвяцілася чырваньню.
– Оркі! – прамармытаў ён. – Гэтак мы не праскочым. Тут процьма оркаў, і горш за оркаў таксама.
Тады, узгадаўшы зноў на сваю даўнюю асьцярожнасьць, прыкрыў даланёю каштоўную шклянку, якую ўсё трымаў у руцэ. Рука засьвяцілася пунсовым ад ягонай уласнай жывой крыві, і ён сунуў сьвятлінку, што магла выдаць ворагам, глыбока ў кішэню на грудзёх дый запахнуўся шчыльна ў эльфаў плашч. А тады паскорыў крок. Бо гаспадар аддаляўся й быў ужо кроках за дваццаць, несучыся, што цень, хутка ён зусім зьнікне з вачэй у шэрым навакольлі.
Не пасьпеў Сэм схаваць сьвятло зорнага фіяла, як зьявілася Шэлаб. Вынырнула з чорнай яміны ценю пад скалою крыху наперадзе й зьлева, паўстала перад Сэмам – найвусьцішнейшая пачвара з усіх бачаных у жыцьці, жахлівейшая ад найчарнейшага начнога трызьненьня. У павучыным падабенстве, але большая за буйных драпежных зьвяроў і значна жудасьнейшая, бо ў яе бязьлітасных вачох зьзяла ліхая воля. Тыя самыя вочы, што ён палічыў адагнанымі, пераможанымі, ізноў запаліліся шалёнай злосьцю, бы згусткі ліха на выцягнутай наперад пачварнай галаве. Шэлаб мела вялікія рогі, а за кароткай шыяй боўталася непамернае разьдзьмутае цела, веліканскі бурдзюк, які калыхаўся й тросься паміж яе нагамі. Чорную сьпіну пярэсьцілі рэдкія блядна-сінюшныя плямы, а пуза зьнізу, цалкам бледнае, нават сьвяцілася гнільлю й невыносна сьмярдзела. Высока над сьпінаю тырчэлі складзеныя ногі, з вузлаватымі суставамі, з валосьсем, што сталёвы дрот, а на канцы кожнай нагі кляцала клюшня.
Читать дальше