— Цi не затэмпературыў ты, сынок? — спалохалася, жаласлiва сказала мацi. — Зараз жа пазваню доктару Бергу. А цябе вельмi прашу — пацярпi яшчэ тры днi! Праз тры днi скончыцца каранцiн, i ўсёй сям'ёй пойдзем у цырк. Ты ж, калi вучыўся ў малодшых класах, дужа любiў яго.
Клён з непаразуменнем зiрнуў на яе, нiчога не сказаў, уздыхнуў.
— Чарлi i я згатавалi для цябе цудоўнае марожанае. Арэхавае. Са свежымi сунiцамi. Хочаш? — падлашчвалася мацi.
А глыбокай ноччу, калi ўжо мо дзесяты раз быў успомнены Вар, калi ўсё цела было бяссонным, наструненым i гарачая падушка неаднойчы падала з ложка на падлогу, раптам успыхнула ў пакоi мяккае срабрыстае святло. Клён уздрыгнуў, але звалодаў з сабою, пачаў пiльна ўзiрацца туды, дзе яно з'явiлася. Ён убачыў, як з разеткi асцярожна выплывае маленькi элiпсападобны плазмоiд.
— Я памятаю цябе, мы сустракалiся, — усхвалявана зашаптаў Клён. — Ты такi прыгожы, такi яркi… Але ж СЦ перасялiлася на Вар. Чаму ты застаўся на Зямлi?
— Мне сумна, — адказаў плазмоiд, павольна кружачыся над Клёнам. — Я нiколi не быў на Вары, i мяне там чакае самазнiшчэнне. А я ведаю, што вельмi сумна i табе. I я рашыў дапамагчы. Апранайся (толькi рабi ўсё цiха, бясшумна), i я павяду цябе.
— Куды? — зачаравана глядзеў на плазмоiда Клён, а сам ужо нацягваў свiтэр.
— Да той жанчыны, якая знiкла i з якой ты быў на планеце Вар.
— Да Веры? Ты ведаеш, дзе знаходзiцца Вера Хрысцiнюк, i яна жывая?
— Жывая. Хутчэй апранайся.
— Але там, за дзвярыма, сядзяць робаты-вартаўнiкi. А ў дзвярах электронны замок.
— Маўчы i апранайся.
Праз лiчаныя iмгненнi яны пакiнулi пакой. Плазмоiд падплыў да дзвярэй, дакрануўся да замка, i замок мякка, бясшумна адчынiўся. У самы апошнi момант Клён шапнуў:
— Пачакай. Мне трэба ўзяць з сабой малаток.
— Навошта? — здзiвiўся плазмоiд.
Але Клён не стаў тлумачыць, сярод слясарнага рыштунку схапiў малаток, увапхнуў у кiшэнь курткi.
Вярнiдуб з Каратыстам своечасова зрэагавалi на нечаканую атаку: узвiлiся на ўвесь свой магутны рост. Ды плазмоiд толькi чыркануўся аб iхнiя жалезныя галовы, i робаты селi на табурэты, знерухомелi.
На вулiцы бушаваў рэзкi ўсёпранiкальны вецер. Белачолы месяц мiльгаў памiж хмарамi.
— Мне падалося, што ты малатком хочаш разбiваць iлбы робатам, засмяяўся плазмоiд.
Клён нiчога не адказаў, падбег да пастамента, на якiм стаяў помнiк Чалавеку з брыльянтавым сэрцам, з нянавiсцю паглядзеў на яго. Помнiк быў зроблены з цёмна-сiняга шкла, сэрца, зiхоткае, прамянiстае, гарэла ўнутры, нават (калi даўжэй засяродзiць позiрк) пульсавала.
— Табе паставiлi помнiк, — з павагай прамовiў плазмоiд, праплыў наўкол шкляной фiгуры, дадаў: — Вельмi падобны.
Раптам Клён размахнуўся, ударыў малатком. Пырснулi шкляныя аскабалкi.
— Што ты робiш?! — закрычаў плазмоiд. А Клён бiў i бiў, сашчамiўшы зубы i заплюшчыўшы вочы. Ляцела ва ўсе бакi, звiнела, трашчала шкло.
— Вось вам, — як закляцце, паўтараў Клён. — Наце… Вось вам… Атрымайце…
Са шкляной фiгуры вывалiлася, выскачыла сэрца, пазвоньваючы, пакацiлася, затарахцела па асфальце. Яно аказалася звычайнай, трошкi падзалочанай бляшанкай. Клён з лютасцю пачаў таптаць яго нагамi.
— Вось вам, — цяжка дыхаючы, казаў ён.
Потым адшпурнуў малаток, сеў на краёк пастамента, заплакаў. Плазмоiд як бы з нейкiм спалохам завiс у яго над правым плячом. Шалеючы, выў вецер.
— Пойдзем да той жанчыны, — нарэшце сказаў плазмоiд.
— Дзе Вера? — устрапянуўся, ажыў Клён. — Вядзi!
Яны паiмчалiся праз шэры свiтальны туман — уперадзе, нiзка над зямлёй, ляцеў плазмоiд, следам за iм бег Клён. У гэтым iмклiвым руху было ягонае выратаванне, суцяшэнне, самазабыццё. Яму здавалася — спынiся вось зараз, проста прымарудзь, i адразу памрэш. Ён не ведаў, адкуль узялося такое адчуванне, але яно было, жыло ў кожнай клетцы цела. А яшчэ ён уцякаў ад сябе ранейшага, учарашняга, ад сябе наiўна-зялёнага, якi глядзеў у рот дарослым, прымаючы на веру кожнае iхняе слова. У гэтым бегу ён нанова нараджаўся. Так нараджаецца малады жытнёвы колас, выплываючы вясной з цёплай зямлi.
Яны прыпынiлiся на зарослым дрэвамi i хмызняком беразе возера Маладзёжнага.
— Дзе Вера? — задыхана i нецярплiва спытаў Клён.
— Вось яна, — адказаў плазмоiд, з нейкай нерашучасцю наблiжаючыся да маладой лiпы, што стаяла над самай вадой.
Цёмныя хвалi нястрымным бурлiвым ланцугом iшлi з туманнага возера i клалiся каля самых каранёў лiпы, ужо трохi падмытых вадою. Трымцела зялёнае вiльготнае лiсце. Чуўся трывожны i няясны шум, у якiм была сама патаемнасць.
Читать дальше