— Не глядзiце на яго, — пачаў упрошваць Клён. — Ён жа зробiць з вамi тое самае, што з Радаславам Алесевiчам.
— Ах, Клёнiк, ты яшчэ такi маладзенькi, — усмiхалася Вера, пазiраючы на Пяцiнога. — Каб ты ведаў, якая асалода быць разам з Ультрамозгам, Уладаром Таямнiцы, чытаць ягоныя думкi. Колькi золата, срэбра i мармуру ў беласнежных палацах гэтых думак.
— Да вы ўсе звар'яцелi! — закрычаў Клён.
Пяцiног гэткiм жа самым чынам, як Буслейку, спрытна схапiў Веру Хрысцiнюк, i ў вагончыку застаўся адзiн Клён. Праз нейкi мiг у акенца ўпэўнена палезла лускаватая нага.
— Ну не, страшыдла, проста так ты мяне не возьмеш, — з адчаем i злосцю сказаў Клён.
Стараючыся не глядзець на Пяцiнога, ён адскочыў у самы далёкi ад акенца кут вагончыка. Тут было цемнавата, i Клён спадзяваўся, што гiпноз не будзе мець такой сiлы. Але нага ўпарта цягнулася ў яго бок, свяцiлася ўсёй сваёй луской, а пранiзлiвае вока пачынала ўжо свiдраваць душу. Як жа ратавацца? Клён убачыў раптам паржавелую металiчную канiстру, якую, пэўна, пакiнулi ў вагончыку робаты. У канiстры плёхалася машыннае масла. Ён лiнуў гэтым маслам у вока Пяцiногу, а потым i канiстру шпурнуў. Мяркуючы па ўсяму, нечаканае супрацiўленне збянтэжыла Пяцiнога. Агрэсiўная зорка iмгненна прыняла сваю нагу, рэцiравалася з вагончыка. Там, за сцяной, наступiла мёртвая цiшыня. Можна было толькi здагадвацца, што Жалезныя Людзi стаяць як стаялi, непарушнай сцяной, i чакаюць, пакуль Пяцiног пачне новыя манiпуляцыi. Ды той чамусьцi не спяшаўся. "Пэўна, зараз робаты зноў возьмуцца за свае сякеркi, падумаў Клён. — Дастануць мяне адсюль, як барсука з нары". Яму было вельмi шкада Радаслава i Веру. Такiя разумныя, такiя адважныя i моцныя, а нейкае страшыдла з лёгкасцю перамагло iх. Значыць, чалавек не ўсясiльны, значыць, не толькi для чалавека некiм задумваўся i будаваўся Сусвет.
У гэты час пачуўся мерны цяжкi тупат. Клён, забыўшы пра небяспеку, кiнуўся да акенца. Жалезныя Людзi шчыльнымi блiскучымi шарэнгамi адыходзiлi ад вагончыка. Ён бачыў толькi iхнiя патылiцы i плоскiя спiны. Паперадзе робатаў велiчна кацiўся-крочыў Пяцiног. Гэтае шэсце нагадвала нечым трумф рымскiх iмператараў, не хапала толькi каляснiцы з белымi коньмi. Радаслава i Веры, як нi ўглядаўся Клён, нiдзе не было. "Я выратаваўся, — успыхнула ў душы радасць. — Пяцiног не здолеў зламаць мяне сваiм гiпнозам. Цiкава, чаму Радаслаў з Верай называлi яго Ўльтрамозгам, Уладаром Таямнiцы? Што паспеў ён унушыць iм?"
Трывога за людзей, якiя дзеля ягонага ажыўлення прыляцелi на Вар i самi трапiлi ў бяду, сцiснула сэрца. Дзе яны зараз? У кратэры вулкана? У патаемнай рэзiдэнцыi Пяцiнога? Цi жывыя яны?
Клён Дубровiч адчуў, што вось-вось пакоцяцца з вачэй слёзы, але ён быў прывучаны нiколi не плакаць, i таму, узяўшы пачуццi ў кулак, пачаў рабiць фiзiчныя практыкаваннi. Гэта дапамагло, i праз колькi хвiлiн вярнулася ўпэўненасць i сiла. Клён падышоў да дзвярэй, прыслухаўся. Здаецца, знадворку нiкога не было. Ён таўхануў дзверы, баючыся, што яны не адчыняцца. Ды дзверы надзiва лёгка паплылi ад яго, выпускаючы з вагончыка.
Ланцуг Жалезных Людзей iшоў, ззяў на схiле вулкана i знiкаў, быццам правальваўся ў кратэр. Стаяла надзвычайная цiшыня — хоць бы адзiн малюсенькi гук. Клёну здавалася, што ў яго вушы залiты воскам. Што ж рабiць? Зноў ляжала перад iм чужая планета, дзе жывуць плазмоiды i крангi, дзе ўначы палохаюць, раздзiраюць душу жахлiвыя незразумелыя крыкi, дзе маўклiвымi робатамi кiруе ўсясiльны Пяцiног, якi ўзяў у палон ягоных сяброў. Заставалася адно — шукаць караля жывёл планеты Вар Аюса Першага. Аюс сказаў, што будзе начаваць у Вялiкiм Балоце, значыць, трэба iсцi ў балота.
Клён, уважлiва гледзячы пад ногi, азiраючыся, павольна пашыбаваў у трыснягi. Разгаралася ранiца. Калiсьцi на Зямлi бацька будзiў яго, пырскаў халоднай вадою ў твар, смяяўся i казаў: "Прачынайся, сынок. Ранiца. Самая часiна iсцi тушыць расу", Яны, дарослы i малы Дубровiчы, уздрыгваючы ад волкай свежасцi, басанож спяшылi на луг, крочылi, прытупваючы, па блiскучай расянай траве. Ногi аж заходзiлiся ад холаду, успыхвала, здавалася, гарэла пад першымi сонечнымi промнiкамi раса, а Клён быў вельмi-вельмi шчаслiвы ён тушыў расу.
Дзе ж Аюс i ўсе астатнiя жывёлы? Няўжо i яны скарылiся Пяцiногу? Клён прайшоў ужо амаль з паўкiламетра, але толькi спудзiў аднаго кранга ды парадкам намачыў ногi. З левага боку праз густую шчэць трыснягу пачала адкрывацца велiзарная заасфальтаваная пустка. Розныя ўчасткi яе мелi розны колер: чорны, шэры, сiняваты. Клён здагадаўся, што пярэстасць афарбоўкi залежыць не ад якасцi раствору, а ад таго, даўно цi нядаўна залiвалi яго Жалезныя Людзi. Раптам крокаў за сто ад сябе на маслянiста-чорным асфальце ён убачыў Радаслава i Веру i ледзь не задыхнуўся ад радасцi.
Читать дальше