"Нашы саюзнiкi з Зямлi трапiлi ў палон да Пяцiнога i знаходзяцца ў Нябесным Зубе, — урачыста сказаў кароль жывёл. — Яны хацелi дапамагчы нам, але атрымалася так, што iм спатрэбiлася наша дапамога. Слухайце мяне, мае падданыя. Я — Аюс Першы, кароль жывёл планеты Вар, аб'яўляю вайну Пяцiногу. Вы, пэўна, не ведаеце, хто такi Пяцiног? З гэтага часу так будзе называцца Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы. А зараз пойдзем да Трох Камянёў, i да нас прыляцiць Страб".
Моўчкi рушылi па балоце. Срэбнымi пырскамi скакала з-пад ног вада. Клён бачыў у небе над сабой нейкiя сухiя карычневыя воблакi. Яны не неслi ў сабе дажджу, яны былi з пылу або з дыму. Святло, што лiлося з нябёсаў, таксама было пыльнае, нярэзкае. Ва ўсiм адчувалася блiзкасць вулкана, якi хоць i патух, прыцiх, але ў сваёй патаемнай недаступнай воку глыбiнi назапашваў пакрысе каласальную разбуральную энергiю. Праз тысячагоддзi ён зноў загрымiць, залямантуе пад гэтым зялёным небам. Праўда, тады ўжо не будзе нi Клёна, нi караля Аюса…
На травянiстай макраватай лугавiне ляжалi тры велiзарныя пасечаныя трэшчынамi камянi. Спынiлiся каля iх. Аюс узняў галаву, пачаў узiрацца ў неба. Яр, I г i Кук неадрыўна глядзелi туды ж. Раптам у самым зенiце з'явiлася чорная кропачка. Спачатку яна была малапрыкметная, марудлiвая, здавалася, мурашка паўзе па зялёным шкле. Але праз некалькi хвiлiн пачуўся ярасны шум крылляў, што iмклiва разразалi, разрывалi, разломвалi паветра, i магутная чарнапёрая птушка лiтаральна ўпала з неба на адзiн з камянёў. Звонка шчоўкнулi доўгiя гнутыя кiпцюры. Агромнiстыя птушыныя крылы рэзка напялiся, як ветразь або як тармазны парашут. Птушка пахiснулася, але ўтрымалася на месцы, толькi яе кiпцюры, падалося Клёну, выбiлi з каменя iскрыну. Вось крылы абмяклi, знерухомелi, i птушка ва ўпор глянула на Аюса, нiбы дзеўбанула вострым смелым позiркам.
"Добра, што прыляцеў, Страб, — нахiлiў лыч да самай травы Аюс. — Мы цябе чакалi з вялiкiм нецярпеннем. Я аб'явiў вайну Пяцiногу — такое зараз iмя Ўльтрамозга, Кладара Таямнiцы".
Чорнае варанёнае пер'е дзiвоснай птушкi пахла халодным верхавым ветрам, цьмяна блiшчэла, i Клён падумаў раптам, што гэта блiшчыць метэарытны пыл, якi асеў на крылле там, у галавакружных нябёсах.
"З намi прыйшоў чалавек з планеты Зямля, — казаў далей Аюс. — Тады, калi на месцы Нябеснага Зуба была ўсяго кучачка пяску, мае прашчуры таксама жылi на ягонай планеце. Пяцiног разам з Жалезнымi Людзьмi захапiў у палон зямлян. Мы павiнны вызвалiць iх".
Страб зiрнуў на вулкан, потым на Клёна.
"Узнiмайся над Нябесным Зубам, Страб, глянь, што робiцца ў кратэры. Глянь, чым займаецца Пяцiног, куды збiраюцца iсцi Жалезныя Людзi".
Аюс падышоў да вялiзнай птушкi, што горда сядзела на вялiзным каменi, i вушы ягоныя былi на ўзроўнi птушыных кiпцюроў. Страб узняў, узвiхурыў крыло, пагладзiў дзiка крылом. Потым рэзка адкiнуў назад сваю прыгожую галаву, закрычаў-заспяваў чыстым высокiм голасам. Нiколi не чуў Клён такой птушынай песнi. Галасы зямных птушак у параўнаннi з гэтым незвычайным голасам былi салодкiм абрыдлым кiсялём, якому нiколi не зраўняцца са старадаўнiм высакародным вiном самага далiкатнага гатунку. Страб шырока ўзмахнуў крыламi, рэзка адштурхнуўся ад каменя моцнымi кiпцюрыстымi лапамi, паляцеў i неўзабаве завiс над вулканам.
"Гэта — Страб, — пачаў тлумачыць Аюс Клёну. — Так мы ўсе яго завём. Я гаварыў табе, хутканогi i вастравокi, што на планеце Вар жывуць толькi крангi, птушкi, якiя адкладваюць у свае гнёзды яйкабомбы. А пра Страба я нiчога не сказаў. Справа ў тым, што ён i жыве i як бы не жыве на Вары".
— Хiба такое можа быць? — не зразумеў Клён.
"Можа. Ён i ягоныя родзiчы ўюць гнёзды на воблаках".
Клён здзiўлена паглядзеў на караля жывёл.
"Так-так, — кiўнуў галавой Аюс, — ты правiльна пачуў — на воблаках. Калiсьцi i страбы, як крангi, ладзiлi свае гнёзды на пяску, у скалах або на дрэвах. Ды плазмоiды аб'явiлi iм вайну, нiхто нават не ведае чаму, з якой прычыны. Пэўна, плазмоiды пачалi зайздросцiць страбам, такiм прыгожым, хуткiм, звонкагалосым. Яны аб'явiлi: "Неба Вара належыць плазмоiдам i крангам". Страбаў пачалi лiчыць д'ябальскай птушкай, знiшчаць iхнiя гнёзды, яйкi, iх самiх. Так было сотнi гадоў. I страбы знiклi, нi пярынкi не засталося. Усе думалi, што з iмi назаўсёды скончана, забылiся пра iх. Але аднойчы я зусiм выпадкова ўбачыў гэтага Страба. Ён прыляцеў на Вар на самым досвiтку, калi неба было яшчэ зусiм цёмнае, i вельмi стараўся, каб нiхто яго не прыкмецiў. Напачатку я падумаў, што гэта якiсьцi гiганцкi кранг, бо нiколi на свае вочы не бачыў жывых страбаў. Ды гэта быў менавiта ён — самы сапраўдны страб. Як каралю жывёл планеты Вар ён адкрыў мне сваю таямнiцу, прызнаўся, што разам са сваiмi родзiчамi навучыўся вiць гнёзды на воблаках".
Читать дальше