Слухаючы Аюса, зямляне дайшлi да Ракi Адноўленых Твараў, i Радаслаў старанна прамыў рану. Потым у «ваду» зайшоў сам кароль жывёл планеты Вар i з вялiкай насалодай тры разы акунуўся ў яе. Конь, бык i певень з берага ўважлiва пазiралi на яго, i нiхто з iх нават не шавяльнуўся. "Прыдворны этыкет", — падумаў Радаслаў Буслейка.
Начавалi ў Вялiкiм Балоце. Прычым дзiк i ўсе астатнiя жывёлы пайшлi спаць у чараты, а зямляне атабарылiся ў маленькiм сiнiм вагончыку, якi стаяў на круглым лапiку бетону. Пэўна, тут была нейкая паходная майстэрня Жалезных Людзей, бо на падлозе валялiся блiскучыя маткi дроту, выкарыстаныя электроды, балты i гайкi. Востра пахла машынным маслам. Уздоўж сцен вагончыка стаялi два старыя тапчаны.
— Спартанскiя ўмовы, — уздыхнула Вера. — Трэба адзначыць, што Вар не самая камфортная планета.
— Дзе беласнежныя прасцiны? Дзе душ? — у тон ёй, але яўна пацвельваючыся, ледзь не праспяваў Клён.
Вера ўважлiва паглядзела на яго.
— Мiлы Клёнiк, — сказала яна, — дадаць можна яшчэ адно пытанне: "Дзе асобная жаночая спальня цi хаця б шырма?" Але прабач, я забылася, што плазмоiды бясполыя i iх падобныя пытаннi нiколькi не хвалявалi.
— Неяк пакiмарым, — вiнаватым голасам прамовiў Радаслаў Буслейка. — Мы з Клёнам паспрабуем умясцiцца на адным тапчане.
Перад сном Клён выйшаў з вагончыка. Моцны вецер, якi дзьме толькi ўначы, ужо ваўсю пачынаў развiнаць свае халодныя крылы. На фоне зялёнага неба трывожна хiсталiся вершалiны тулураў. Фасфарычны, нежывы бляск струменiўся адтуль. Клёну здавалася, што нечае цяжкое вока пiльна пазiрае на яго. Адчуванне гэтага позiрку было такое вострае, такое рэальнае, аж дрыжыкi пабеглi па скуры. Вярнуцца б на Зямлю, на Чорны Хутар, хутчэй убачыць мацi з бацькам, а потым на захадзе сонца слухаць, як шумяць дробнай варухлiвай лiстотай маладыя бярозкi.
Раптам з густой зялёнай цемры пачуўся гук, якi прымусiў уздрыгнуць сэрца. Гэта адначасова быў i ўрачыста-радасны крык, i прыдушаны стогн, i невыносны хваравiты хрып. Ён выплыў з начных прастораў Вара нечакана i ўладна. Але нечаканым ён быў для зямлянiна, для Клёна, бо нейкае падсвядомае пачуццё падказала, што гэты ашаламляльны крыкенк жыве тут заўсёды, вечна, што наваколле прывыкла да яго, як прывыкаюць да неба над галавой. Вядома ж, выдаваць такi гук, вывяргаць яго магла толькi жывая iстота, прычым каласальных памераў. Клён хуценька вярнуўся ў вагончык, накiнуў знутры металiчную завалу на дзверы, асцярожна лёг побач з Радаславам. Сэрца ўсё калацiлася, i ён прыцiснуў руку да грудзей, i кляў сябе самымi крыўднымi словамi за палахлiвасць, бо памiж равеснiкаў заўсёды хадзiў у адважных. Ужо супакоiўшыся, засынаючы, ён падумаў, што на Вары адвага, як i ўсё астатняе, можа быць не падобнай на зямную адвагу.
Спалi ўсю ноч, гэта значыць, каля сарака васьмi гадзiн. Арганiзм зямлянiна ў нармальных умовах не разлiчаны на такi працяглы сон, але плазмоiды далi па глытку элiксiру, якi ўшчыльняе час.
Прачнуўся Клён ад пякучага адчування трывогi. Радаслаў з Верай ужо стаялi каля дзвярэй вагончыка. Стрэсаператар, скiнуўшы металiчную завалу, спрабаваў адчынiць дзверы, ды яны чамусьцi не адчынялiся. Радаслаў аж пачырванеў ад напружання.
— Радаслаў Алесевiч, нас нехта не хоча выпусцiць, — спалохана, пацiшэлым голасам сказала Вера Хрысцiнюк.
— Што за д'ябальшчына? — гарачыўся Радаслаў, налягаючы плячом.
Клён усхапiўся з тапчана, прыслухаўся. Нi шолаху, нi шэпту не даносiлася знадворку. Здавалася, увесь Вар яшчэ спiць, усё анямела. А зусiм жа нядаўна з лiпкай зялёнай цемры нёсся жахлiвы ўсемагутны крык, ад якога ледзянела душа. Клён падбег да прарэзанага ў сцяне вагончыка вузенькага акенца. Яно было амаль пад столлю, i давялося стаць на пальчыкi i выцягнуць шыю. Ён убачыў такое, ад чаго адхiснуўся, нiбы ў твар плюхнулi кiленем. Трыма шарэнгамi, плячо да пляча, маўклiва стаялi, абкружаючы вагончык, нейкiя металiчныя блiскучыя стварэннi з чорнымi прутамi ў рукахклешнях. Пэўна, гэтая нямая раць ужо даўно пiльнавала зямлян, з самай ночы, бо ўсе яны былi абсыпаны густой расой.
— Жалезныя Людзi! — усклiкнуў Клён. Радаслаў падышоў да акенца, глянуў на вулiцу. Вочы зрабiлiся суровымi.
— Здаецца, мы палонныя, — сказаў ён i адразу ж дадаў: — Толькi не хвалюйцеся, Вера. Думаю, што гэтыя робаты не асмеляцца крануць зямлян i нам давядзецца мець справу з iхнiмi гаспадарамi, фiялетавымi i чырвонымi плазмоiдамi. Толькi чаму не прыйшоў Аюс?
— Гэты дзiк завёў нас у пастку, — злосна выдыхнуў Клён. — Як вы маглi яму паверыць, Радаслаў Алесевiч?
Читать дальше