— Але паверыў i ты, — паклаў Буслейка руку на плячо Клёну. — Нiколi не вучыся перакiдваць сваю вiну, якой бы малой яна нi была, на чужыя плечы. Запомнi — ты мужчына з планеты Зямля.
Ад такiх слоў Клён нервова прыкусiў губу. Ён лiчыў сябе сумленным, прынцыповым, i заўвага стрэсаператара балюча ўдарыла па самалюбству. Атрымлiвалася, што ён яшчэ маленькае дзiцятка i толькi блытаецца пад нагамi ў дарослых. Ды Клён сцярпеў, як i належыць чалавеку ВЭП. Каб патушыць агонь крыўды, ён зноў глянуў у акенца i раптам здзiўлена закрычаў:
— Да нас коцiцца зорка!
Вiдовiшча было, трэба сказаць, фантастычна-прыгожае. Клён бачыў, як зладжана i бязгучна расступiлiся ў бакi Жалезныя Людзi, ствараючы шырокi праход. I вось у гэты праход-пралом у блiскучай металiчнай сцяне павольна i велiчна кацiлася пяцiкутная, надзвычай зiхоткая зорка. Яна скочвалася (а можа, iшла?!) з травянiстага спадзiстага ўзвышша ў лагчыну, дзе стаяў вагончык. Нечаканая госця была метры чатыры ў папярэчнiку, i Жалезныя Людзi выглядалi на яе фоне маленькiмi, кволымi. Залацiстае ззянне струменiлася ад зоркi. Там, дзе адзiн з яе пяцi канцоў датыкаўся да пяску або травы, усё ружавела, iскрылася, быццам адразу маладзеючы. Плямы яркага святла, якое, аднак, не рэзала вочы, клалiся на плечы i галовы Жалезным Людзям. Зорка падкочвалася ўсё блiжэй. "Усё-ткi яна iдзе, — здагадаўся Клён. — Пяць канцоў не што iншае, як пяць яе ног". У думках ён спачатку назваў яе Пяцiножкай, але ў назве была нейкая здробненасць, мiнiяцюрнасць, а зорка мела ўнушальныя памеры, i ён прыдумаў ёй iмя — Пяцiног.
— Якая прыгожая, — прашаптала Вера, калi зiрнула на зорку.
Пяцiног падкацiўся-падышоў да вагончыка, у якiм знаходзiлiся зямляне, спынiўся. У акенца палiлося мяккае святло. Было ў iм нешта ад бляску расы на ранiшнiм лузе.
— Цiкава, гэта жывая iстота цi чарговая мадыфiкацыя якога-небудзь робата? — быццам у самога сябе запытаў Радаслаў Буслейка.
— Агрэсiўная або мiралюбная гэта прыгажуня? — у сваю чаргу, спытала Вера.
— Гэта — Пяцiног, — раздражнёна сказаў Клён.
— Як? Пяцiног? — Радаслаў задумлiва паглядзеў на Клёна. — Ты ўжо, аказваецца, iмя знайшоў. Што ж, тваё права. Першаадкрывальнiк, а ты першы ўбачыў зорку, мае законнае права прысвойваць ёй iмя. Такiм чынам, перад намi Пяцiног…
Радаслаў хацеў яшчэ раз глянуць на зорку, памкнуўся тварам наперад, але раптам насустрач яму ў акенца жвава торкнулася адна з ног Пяцiнога. Стрэсаператар адскочыў убок. Зямляне затаiлi дыханне.
Несумненна гэта была частка цела (нага, рука або хобат — iншая справа) жывой iстоты. Вiдно было, як пульсуе ў ёй дыханне, як дробненька ўздрыгвае яна. Нагу шчыльна пакрывала ярка-залацiстае лускавiнне, што аж гарэла ў паўзмроку вагончыка. Але самым здзiўляючым, самым ашаламляльным было… вока, вялiкае, таксама залацiстае, з чорнай зрэнкай усярэдзiне.
— Пяцiног глядзiць на нас, — аднымi вуснамi выдыхнуў Клён i пачаў адступаць, тулiцца да Радаслава.
Жывое пранiзлiвае вока, вока невядомага стварэння пiльна i ў той жа час насцярожана сачыла за зямлянамi. Што рыхтаваў гэты позiрк людзям?
Тым часам у акенца пралезла яшчэ адна нага з яшчэ адным вокам.
— Думаю, што гэта i Пяцiног i Пяцiвок, — стараючыся быць бадзёрым, сказаў Радаслаў, але раптам, глыбока ўздыхнуўшы, падышоў да акенца, пакорлiва схiлiў галаву.
— Што вы робiце?! — закрычала Вера Хрысцiнюк i адразу ж здагадалася, абвяла голасам. — Гiпноз…
Буслейка стаяў, як смiрнае рахманае цялятка, i не адрываючыся глядзеў на Пяцiнога.
— Радаслаў Алесевiч, — шкуматнуў яго за руку Клён. — Глядзiце на мяне. Глядзiце на мяне, а не на яго.
— Адвяжыся, — цiхiм абыякавым голасам сказаў стрэсаператар. — Ты нiчога не разумееш. Вялiкае шчасце пазiраць у мудрыя вочы Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы.
Клён зразумеў — зараз ён для Буслейкi, як надакучлiвая восеньская муха. Не болей.
Тым часам у руках у некалькiх Жалезных Людзей з'явiлiся вострыя, адпалiраваныя да люстранога бляску сякеркi. Нiхто iм iх не даваў, i нiдзе яны iх не бралi. Проста сякеркi выскачылi знутры iхнiх рук-клешняў, рукi гэтыя зрабiлiся сякеркамi. Жалезныя Людзi з найвялiкшай стараннасцю i метадычнасцю пачалi секчы вагончык, пашыраючы акенца.
— Што яны хочуць? — дрыготкiм голасам спытала Вера.
Раптам Пяцiног схапiў Радаслава за шыю i за плячо i ў адно iмгненне выцягнуў з вагончыка.
— Жахоцце! — закрычала Вера, але адразу ж зацiхла, бо вiрлавокiя ногi вярнулiся назад i Пяцiног накiраваў на яе неадрыўны позiрк, як стрэлiў. Вера спачатку збялела, потым паружавела, i неўзабаве лагодная супакоеная ўсмешка засвяцiлася на твары.
Читать дальше