— Трэба i нам зiрнуць на караля жывёл, нанесцi яму вiзiт ветлiвасцi, сказаў, быццам жартам, Радаслаў Буслейка, але ў голасе чулася разгубленасць.
— Калi тут, на планеце Вар, такiя разумныя жывёлы, то мне тым болыы трэба як мага хутчэй вяртацца на Зямлю, — пачухаў патылiцу Клён.
Вера Хрысцiнюк засмяялася, i яны пайшлi да Аюса Першага.
Незвычайны дзiк стаяў на металiчным беразе Ракi Адноўленых Твараў. Плазмоiды хмарамi кружылiся каля яго. У iхных паводзiнах, рухах не было агрэсiўнасцi або злосцi — адна цiкаўнасць.
Аюс адразу ўбачыў людзей, здзiвiўся, бо сустракаў зямлян, вядома ж, упершыню. Шэрыя вострыя вочы глядзелi насцярожана, але без кроплi страху. "Я — Аюс Першы, кароль жывёл планеты Вар, — сказалi вочы. — Хто вы?"
— Мы прыляцелi з планеты Зямля, — спынiўся насупраць дзiка Радаслаў Буслейка. — Твае продкi, кароль Аюс, таксама прыляцелi некалi на Вар з нашай планеты.
"Я ведаю Iша гэта", — з годнасцю адказалi вочы.
— Ён размаўляе не голасам, а вачамi, — здзiўлена шапнуў Веры Клён Дубровiч. — Ён усё-ўсё разумее, што яму гавораць, а размаўляе вачамi.
"Хто ў вас галоўны? — казаў мiж тым Аюс. — Ты, светлавалосы i высакарослы? Слухай. Мы не хочам, каб наша балота, наш луг i наш зялёны пясок залiвалi бетонам агiдныя Жалезныя Людзi. Пасля бетону не застаецца нi гнёздаў, нi нораў, нi лежбiшчаў. Нават нашых слядоў не застаецца. Скажы, светлавалосы i высакарослы, як нам жыць? Хiба на тваёй далёкай планеце не водзяцца болей звяры, птушкi i рыбы?"
— Водзяцца, — глухiм голасам прамовiў Радаслаў Буслейка. Ён усё не мог прызвычаiцца да таго, што размаўляе, як з чалавекам, з дзiком.
"Мы не плазмоiды, — працягваў кароль жывёл планеты Вар. — У нашых жылах цячэ чырвоная кроў, падобная на вашу. Гэтая лясная кроў нiколi не скорыцца бетону. Дапамажы нам, светлавалосы i высакарослы. Дапамажы i ты, прыгожая жанчына. I ты, хутканогi i вастравокi юнак".
— Мы згодныя, але як? — разгублена ўсмiхнулася Вера Хрысцiнюк.
— Мы дапаможам! — усклiкнуў Клён.
"Трэба захапiць Нябесны Зуб i зрабiць усё, каб з яго нiколi не выходзiлi Жалезныя Людзi".
— Нябесным Зубам ты называеш патухлы вулкан? — спытаў Радаслаў Буслейка.
"Так".
Зялёнае неба ззяла над Ракой Адноўленых Твараў. Плазмоiды святкавалi, шумна i весела, Дзень Забiтага Брата. Усё новыя i новыя шары, да якiх вярнулася жыццё, узвiвалiся ўгору, упляталiся ў карагод, што вадзiлi iхнiя суродзiчы. З тулуравага лесу даносiлiся гартанныя галасы крангаў. Планета Вар iмклiва i бясшумна плыла ў чорнай касмiчнай безданi. Далёка-далёка адсюль, як дробненькае макавае зярнятка, блiшчала Зямля. Трое зямлян, стоячы на зялёным пяску чужой планеты, шэптам, каб не падслухала чыё-небудзь вуха, клялiся дапамагчы каралю жывёл Аюсу Першаму.
На планеце Вар Радаславу, Веры i Клёну заставалася яшчэ прабыць трохi менш двух сутак. Калi памятаць, што суткi на Вары ўкладваюцца ў сорак восем гадзiн, дык у iхнiм распараджэннi быў ладны кавалак часу. У першую чаргу трэба было неяк пазбавiцца ад пастаяннай апекi плазмоiдаў. Плазмоiды (маюцца на ўвазе пяць мiрных кланаў) паказвалi сябе гасцiннымi, клапатлiвымi гаспадарамi. Толькi гасцiннасць гасцiннасцю, але калi проста ў цябе перад носам цэлы дзень, нi на хвiлiну не аддаляючыся, круцяцца рознакаляровыя шары, хочацца плюнуць i ўваткнуць галаву ў падушку або ў мяккую зялёную траву. Ды не было падушак, а замест зялёнай травы рыпеў пад нагамi зялёны буйназярнiсты пясок.
— Мы хочам паспавядацца свайму Богу, — сказаў Радаслаў гiду, Талеркiю Сiняму 83. — На Вары няма нашых храмаў, i таму мы пойдзем, пойдзем толькi трое, бо пры споведзi нельга прысутнiчаць чужым вачам i вушам, на высокае чыстае месца, дзе i пагутарым са сваiм Богам. Там нас можа пачуць адзiн вецер, але ён вольны, нiкому не служыць, нiкому нiчога не расказвае.
— Што такое Бог? — спытаў плазмоiд.
— Гэта тое, чаму ты верыш, — адказала Вера Хрысцiнюк.
Плазмоiд памаўчаў, потым сказаў:
— Значыць, гэта — плазма, наша несмяротная плазма, наша прамацi ўсiх плазмоiдаў. Зямляне пераглянулiся.
— Мы пойдзем, — сказаў Радаслаў, - i вернемся, калi Зялёная Зорка стане над тулуравым лесам.
Плазмоiд быццам бы не пярэчыў — адпусцiў. Але крокаў праз трыста Вера, азiрнуўшыся, прамовiла шэптам:
— Здаецца, за намi ўвязаўся, як раней казалi, «хвост». Паглядзiце ўважлiвей вунь на той узгорачак, што зарос сiняй травой. Бачыце? Там нiбы сонечны зайчык бегае.
— Гэта плазмоiд, а дакладней, маленькi плазмоiдзiк, — упэўнена сказаў Радаслаў Буслейка. — Ён або малалетак, або карлiк. Што ж зрабiць, каб ён адчапiўся ад нас?
Читать дальше