— Аклiматызуемся i пойдзем у балоты, — весела адказаў той.
— З чым пойдзеце?
— Як з чым? Вядома ж, без гэтага, — грэблiва зморшчыўся кiраўнiк «зялёных», паглядзеўшы на карабiн за плячамi ў Грома. — Пойдзем з бела-зялёным сцягам жыцця i мiру.
— Ну-ну, — хмыкнуў Стралковiч.
Тым часам Гай Дубровiч зацiкавiўся, што за будынiна — гумавы надзiманы купал — стаiць на ўзлеску.
— Там збiраюцца нашы левiтатары, — растлумачыў Гром. — Нiна таксама туды ходзiць, але зараз чакае дзiця…
Аб левiтатарах, людзях-птушках, якiя спрабуюць перамагчы зямное прыцягненне, сiлу гравiтацыi, Гай чытаў у газетах. I таму, як толькi выпала магчымасць, пайшоў да iх.
Проста на падлозе, на пярэстых цыноўках, сядзела каля дваццацi мужчын i жанчын. На галовах ва ўсiх былi вянкi з рознакаляровых птушыных пер'яў. Рукi яны трымалi на каленях i вельмi засяроджана, амаль не мiргаючы, сачылi за белым голубам, якi лётаў пад самым купалам. Нiна была тут жа, але, як зразумеў Гай, у якасцi трэнера. Яна стаяла на невялiкiм узвышэннi пасярод залы, трымаючы ў руцэ нешта накшталт дырыжорскай палачкi. Вось яна плаўна ўзмахнула гэтай палачкай, i левiтатары развялi рукi ў бакi, вочы ў iх заблiшчэлi, твары зрабiлiся адухоўлена-светлымi.
— Вы — родзiчы арлоў! — крыкнула Нiна, — узлятайце ж!
Некалькi чалавек (не ўсе) раптам адарвалiся ад падлогi, узнялiся над ёй на вышыню ў два-тры метры. Адна дзяўчына ўзвiлася аж пад самы купал, дзе лётаў белы голуб. Гай бачыў яе твар — надзiва прыгожы, нахтнёны i шчаслiвы. "Узляцець, адарваць сваё цела ад зямлi без нiякага рухавiка, а проста намаганнем волi i мускулаў можа толькi шчаслiвы чалавек", — раптам зразумеў ён. Ён перавёў позiрк на Нiну, як бы ўбачыўшы яе ўпершыню, i залюбаваўся вытанчанасцю i высакароднасцю яе рухаў, цеплынёй, што струменiлася з шэрых вачэй, лагоднасцю i той натуральнай шчырай грацыёзнасцю, якiя заўсёды ўпрыгожваюць маладых жанчын. Нездарма прырода вянцом прыгажосцi зрабiла менавiта жанчыну, бо яна стаiць каля самых таемных вытокаў новага жыцця, сама з'яўляецца вытокам, i той, хто прыходзiць у гэты свет, у самыя найпершыя iмгненнi свайго прыходу адразу сустракаецца з прыгажосцю. Непрыгожых мацi не iснуе — гэта аксiёма.
Юна адчула Гаеў позiрк, уздрыгнула, i палачка абвяла ў яе руцэ. I амаль адразу ж болыпасць левiтатараў прызямлiлася на свае цыноўкi. Толькi дзяўчына самазабыўна лунала пад высокiм купалам i ўсмiхалася адтуль. "Мой сын павiнен жыць, — увесь гэты час, пазiраючы на Нiну, думаў Гай. — Ты такая прыгожая, такая моцная, па ўзмаху тваёй рукi цяжкiя чалавечыя целы, як пух адуванчыкаў, адрываюцца ад зямлi. Ты можаш усё цi амаль усё. Над тваёй галавой, калi пiльна-пiльна прыглядзецца, пульсуе залацiсты нiмб. Гэта б'е цераз край, бушуе твая жыццёвая энергiя, твая дабраносная аўра. Запалi ж два жыццi — жыццё свайго будучага дзiцяцi i жыццё майго сына".
Праз тры днi, адпачнуўшы, аклiматызаваўшыся, «зялёныя» рушылi ў балоты. Дарэмна Гром Стралковiч угаворваў, затым i ўпрошваў iхняга кiраўнiка ўзяць хоць якую-небудзь зброю, хоць рэвальверык укiнуць у кiшэнь, дарэмна спрабаваў для страхоўкi паслаць разам з «зялёнымi» сваiх паляўнiчых.
— Мы абсалютна мiрныя людзi, — горда адказаў рудабароды кiраўнiк, нацiскаючы на слова «абсалютна».
I яны пайшлi. Шэсць мужчын i дзве жанчыны. Бела-зялёны сцяжок трапятаў над iмi. Густыя чараты праглынулi купку людзей i зноў сышлiся шчыльна i непралазна, глуха замураваўшы кволыя чалавечыя сляды на ядавiта-карычневай балотнай зямлi.
— Няшчасныя, — махнуў рукой Гром i адразу ж загадаў самым жвавым са сваiх паляўнiчых пайсцi з «зялёнымi» паралельным маршрутам.
— Але пайсцi не так, як бяжыць у чаратах паранены воўкасабака, а так, як падае на ваду бярозавы лiст, — удакладнiў ён задачу, што патрабавала ад падначаленых амаль стопрацэнтнай бясшумнасцi.
Гаю Дубровiчу таксама хацелася паблукаць па балотах, пабываць у таямнiчых трыснягах. Учора, седзячы каля развiтальнага вогнiшча, адна з жанчын шэптам, каб не пачуў кiраўнiк, расказала, што ў самым цэнтры балот ёсць невялiкiя грудкi сухой зямлi i на адным з гэтых грудкоў узвышаецца Зялёная Постаць. I адтуль далятаюць прыглушаныя гукi, быццам нехта б'е ў звон.
— Вы — «зялёныя». Постаць таксама зялёная, — не паверыў, пакпiў Гай. Занадта шмат зелянiны. Нехта з паляўнiчых, помнiцца, хiхiкнуў.
— Так расказваюць вiдавочцы, — строга паглядзеўшы на Гая, сказала жанчына. — Пад святлом месяца яны бачылi менавiта Зялёную Постаць, i хоць навокал вылi воўкасабакi, яны чулi там, у цэнтры дзiкiх балот, удары ў царкоўны звон. Вось так: бо-о-ом, бо-о-ом…
Читать дальше