Дзiкi стаялi як сцяна. Маленькiх парасят яны схавалi ўсярэдзiне статка, а самi, збiўшыся ў шчыльны гурт, магутнымi ўдарамi адбiвалi атакi ваўкоў. Доўгiя, ужо не жоўтыя, а чырвоныя iклы Вiнга мiльгалi, нiбы маланкi. Ён паспеў распароць жываты двум ваўкам, i ў гэты мiг на яго збоку кiнуўся Гыр. Вiнг заўважыў, крутнуўся ў мутнай вадзе, ажно пырскi шуганулi наўкола, на ляту спаймаў Гыра вострымi iкламi. Той толькi змог учапiцца яму ў вуха. I адразу ж адляцеў убок, спусцiў дух.
Дзiкi перамаглi. Фырк, хiстаючыся, стаяў каля Вiнга. Кроў залiвала спiну. Але ён вельмi ганарыўся, што не аказаўся палахлiўцам.
— Мы абаранiлi сваё балота, — цiха сказаў Вiнг i апусцiўся на каленi, бо не мог трымацца на нагах. Шмат ранаў на сваiм доўгiм вяку атрымаў Вiнг, але сённяшнiя былi смяртэльныя. Ён гэта ведаў i таму, памаўчаўшы, пачаў гаварыць:
— Усяго трое засталося вас. Ты, Рохк, i ты, Бурк, i ты, Фырк, усе разам, як толькi я назаўсёды закрыю вочы, хутчэй iдзiце адсюль. За чаратамi ёсць сухая зямля. Iдзiце туды i там убачыце блiскучы белы пясок. Ён лечыць раны. Гыра i ваўкоў болып няма. Вам iх не трэба баяцца. Бойцеся Жалезных Людзей. Дзе нi ўбачыце, уцякайце, хавайцеся ў балоце.
Вiнг адчуў, што памiрае, i загаварыў хутчэй:
— Даўным-даўно, калi ўсiм навокал яшчэ валодалi Каменныя Нажы, адзiн з дзiкоў, Чвак, паверыў Каменным Нажам. З балота, са свайго сховiшча ён пайшоў да iх, жыў побач з iмi. Каменныя Нажы былi хiтрыя. Яны давалi Чваку самую смачную траву, калi ён ляжаў, наеўшыся, яны часалi яму жывот. А потым забiлi Чвака. Каменных Нажоў ужо няма. Iх, як калiсьцi яны Чвака, знiшчылi Жалезныя Людзi. Паслухайце ж мяне, старога Вiнга. Нiколi не выходзьце з балота. Жывiце i памiрайце тут. А зараз падыдзiце да мяне. Як нашы прадзеды, дакранемся на развiтанне адзiн да аднаго лычамi.
Яны дакранулiся да Вiнга лычамi i пайшлi праз чараты да сухой зямлi. Не азiраючыся, яны чулi, як гаворыць Вiнг:
— Вазьмi мяне, Вялiкае Балота. Хачу вярнуцца ў зялёныя лугi, да бацькi майго, да дзеда майго.
За чаратамi яны ўбачылi сухую зямлю i на ёй блiскучы белы пясок. Яны павалiлiся ў гэты пясок i пачалi качацца па iм. Фырку, нiбы агнём, апякала рану на спiне. Ён вiшчаў, курчыўся ад болю, але яшчэ мацней уцiскаўся ў пясок, блiскучы, белы i салёны.
Раны зажылi хутка. I зноў пачалося звычнае жыццё. Толькi цяпер дзiкоў было ўсяго трое, i яны зрабiлiся яшчэ больш асцярожнымi. Шукаць ежу выходзiлi ноччу, а днём вылежвалiся ў чаратах. Фырк прыслухоўваўся да наваколля, i трывога сцiскала сэрца. Сваiм вострым слыхам ён лавiў нейкiя незразумелыя гукi. Гукi гэтыя з кожным днём усё наблiжалiся, ахоплiвалi чараты з усiх бакоў.
— Сюды iдуць Жалезныя Людзi, — разгублена сказаў Рохк, якi пасля гiбелi Вiнга быў у iх за важака. — Жалезныя Людзi iдуць i ўдзень, i ўначы таму, што не ведаюць. што такое сон. Хутка яны прыйдуць сюды.
Дзiкi паглядзелi на чорна-зялёнае неба, на чырвоныя i аранжавыя зоркi, i iм захацелася, каб iхнiя чараты перанеслiся раптам на неба, туды, дзе няма Жалезных Людзей. Але неба — радзiма птушак, а дзiк спрадвеку можа жыць толькi ў балоце. I яны шчыльней уплiшчылiся ў цёмную ваду i затаiлi дыханне.
I вось да чаратоў, да схованкi дабралiся Жалезныя Людзi. Страшна было глядзець на iх. Яны былi зроблены з блiскучага металу, што сляпiў вочы. Рукi i ногi доўгiя, прымацаваныя да тулава меднымi спружынамi. На грудзях у Жалезных Людзей, як злыя чырвоныя агеньчыкi, гарэлi электрычныя лiхтарыкi. Часам гэтыя лiхтарыкi пачыналi тухнуць, ледзьве свяцiлiся, i тады Жалезныя Людзi спынялiся, бралi нешта з металiчных скрыначак, якiя былi прыкручаны ў кожнага да правага калена, i сыпалi ў дзiрачку, што была прабiта ў жалезных галовах замест роту. Праз колькi часу лiхтарыкi зноў ярка ўспыхвалi, i Жалезныя Людзi iшлi ўперад. У правай руцэ кожны трымаў доўгi чорны прут. Усё, да чаго дакраналiся гэтыя пруты, адразу ж знiкала, быццам яго i не было. Жалезныя Людзi iшлi павольна таму, што сваiмi прутамi iм трэба было дакранацца да кожнага дрэва, кожнага кусцiка i чарацiнкi. Следам за першым ланцугом Жалезных Людзей рухаўся другi. З вялiкiх насосаў-помпаў яны залiвалi голую зямлю гарачым бетонам. Жалезныя Людзi з трэцяга ланцуга, што замыкаў гэта няўмольнае шэсце, былi абуты ў вялiзныя, тоўстыя, жалезныя чаравiкi.
Iмi яны старанна ўтоптвалi бетон, i той рабiўся гладкi, як стол.
Дзiкi ў сваiм сховiшчы перасталi нават дыхаць. А Жалезныя Людзi падыходзiлi ўсё блiжэй. Яны iшлi моўчкi, без адзiнага слова. Толькi было чутно, як у апошнiм, трэцiм, ланцугу цяжка грукаюць жалезныя чаравiкi аб бетон: тук… тук…
Першы не вытрымаў Бурк. Ён выскачыў з-пад кучы звялага вецця i рынуўся на Жалезных Людзей, пагрозлiва нахiлiўшы вострыя iклы. Але што мог зрабiць дзiк, нават самы моцны, самы агрэсiўны i адважны? Бурк падбег да Жалезнага Чалавека, i Фырк з Рохкам убачылi, што ён таму ўсяго толькi па калена. Жалезны Чалавек нават нi крышачку не пахiснуўся ад магутнага тараннага ўдару. Чорным прутом ён лёгенька дакрануўся да Бурка, i Бурк знiк. Толькi засталiся сляды ад ягоных капытоў.
Читать дальше