— Ты будзеш жыць, — пiльна i неадрыўна ўзiраючыся ў твар Клёну, як заклiнанне, як малiтву, паўтараў i паўтараў Буслейка. Так загадалi плазмоiды. Тое ж самае рабiла i Вера Хрысцiнюк, дыск якой вiсеў над ракой метры за тры ад Радаслава.
I вось Клён павольна i, адчувалася, пакутлiва расплюшчыў вочы.
— Ура! — пляснула ў ладкi Вера Хрысцiнюк, i дыск пад ёй захiстаўся.
— Цiшэй, жыхарка не нашай планеты, — адразу пачулася збоку невялiкага зялёнага шара, якi цiха-цiха кружыўся над металiчным берагам Ракi Адноўленых Твараў. — Трэба суадносiць свае дэцыбелы, акустычную моц свайго голасу са свяшчэннасцю гэтай хвiлiны. У дадзеную бiялагiчную структуру вяртаецца жыццё, а ты можаш спалохаць яго, як лугавую птушку, сваiм крыкам. Цiшэй.
Вера Хрысцiнюк пагардлiва зморшчыла прыгожы носiк, але адразу ж прыкусiла язык. Радаслаў жа прыкмецiў, што акрамя зялёнага шара па абодва берагi ракi роўным шнуром, як бы нешта вычэкваючы, застылi фiялетавыя i чырвоныя шары. "Два кланы, якiя не хочуць мiрыцца з чалавецтвам, здагадаўся стрэсаператар. — Iхнiя прадстаўнiкi, дакладней, iхнiя шпiкi, таксама прысутнiчаюць пры ажыўленнi Клёна. Настроены яны даволi агрэсiўна пускаюць iскры".
Тым часам Клён здзiўлена пазiраў знiзу ўверх на Радаслава i Веру, на iхнiя дыскi. Потым, рэзка шырока раскрылiўшы рукi, адштурхнуўся ад «вады», стаў на ногi, i адчувалася — рака глыбокая i стаiць ён не на дне. I што цiкава — не пачулася анiякага плёскату. «Вада» была безгалосая, нямая.
— Дзе я? — разгублена спытаў сам у сябе Клён. Пэўна, ён думаў, што бачыць усё гэта ўва сне.
— Жыхар не нашай планеты, ты знаходзiшся на Свяшчэннай планеце Вар, стрымгалоў сарваўшыся з месца, падляцеў да яго зялёны шар.
— Дзе? Якi самавар? — не дачуўшы, iранiчна зморшчыўся Клён Дубровiч.
— Ты знаходзiшся на Свяшчэннай планеце Вар, — з годнасцю, нi на ёту не пакрыўдзiўшыся, паўтарыў зялёны плазмоiд.
Тут да Клёна нарэшце дайшло, што ён не спiць, а стаiць па пояс у нейкай вадкасцi i размаўляе, як з жывым (!), з нейкiм шарам.
— Што ж са мной было? — спалохана, глытаючы словы, спытаў ён.
— Ты быў мерцвяком. Клеткi твайго галаўнога мозга пачыналi разбурацца…
— Мерцвяком? — аж падскочыў Клён. I зноў «вада» ў Рацэ Адноўленых Твараў не ўзляцела ва ўсе бакi пырскамi, засталася бясшумнай.
— Так, бо ўсё жывое павiнна некалi памерцi. "Каб не памерлi, дык неба б падперлi". Здаецца, гэта'к кажуць на планеце Зямля? Але Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў ажывiў цябе. Жывi i памятай, што ты — гарант прымiрэння дзвюх цывiлiзацый: Старой, або Плазмоiднай, i Бялковай.
У гэты час на берагах ракi пачулася разгневанае шыпенне. Радаслаў Буслейка заўважыў, што фiялетавыя i чырвоныя шары пачалi пагрозна раздзiмацца, узбуджана скакаць. Iскры так i сыпалiся з iх. Вось яны, шчыльней згуртаваўшыся, павольна паплылi да сярэдзiны Ракi Адноўленых Твараў, дзе знаходзiўся ўшчэнт разгублены Клён, якому здавалася, што ён скрануўся з глузду.
— Спынiцеся, Фiялетавыя i Чырвоныя Браты! — гучна прамовiў зялёны плазмоiд. — Падумайце, што болып: два кланы цi пяць кланаў?
Але тыя павольна падплывалi ўсё блiжэй.
— Мне страшна, — умольна пазiраючы на Радаслава, дрыготкiм голасам прамовiла Вера Хрысцiнюк.
— Дайце сваю руку, — загадаў ёй Радаслаў.
Яны памкнулiся адно аднаму насустрач, ледзь не ўпалi з дыскаў, i ўсё ж Буслейку ўдалося падцягнуць яе разам з дыскам да сябе. Трое зямлян: жанчына, мужчына i падлетак i зялёны плазмоiд побач з iмi насцярожана сачылi за няўмольным наблiжэннем раз'юшаных чырвоных i фiялетавых шароў.
— Мы апынулiся памiж молатам i кавадлам, — цiха сказаў Радаслаў, моцна сцiскаючы вузкую цёплую далонь Веры.
I тут зялёны плазмоiд, рэзка ўзвiўшыся ўгору, каменем упаў адтуль унiз, пляснуўся аб застылую паверхню Ракi Адноўленых Твараў, рассыпаўшыся на сотнi дробных рознакаляровых кавалачкаў-iскрынак. "Ахвяраваў сабой", — зразумеў Радаслаў.
Тое, што яны ўбачылi адразу ж пасля самагубства зялёнага шара, пераўзыходзiла ўсе самыя фантастычныя мроi на палотнах мастакоў-сюррэалiстаў. Рака зараўла, як параненая мядзведзiца. Мноства яркiх, самых розных колераў i адценняў пухiроў з'явiлася, ускочыла па ўсёй яе шырынi. Некаторыя з iх звонка, аглушальна лопалiся, але большасць адрывалася ад ракi, пакiдаючы на сваiм месцы варонкi, i ўзлятала ў паветра. Яны iмгненна групавалiся, ствараючы элiпсавiдныя колы, i рашуча кiравалiся насустрач фiялетавым i чырвоным плазмоiдам. Вось пярэднiя сутыкнулiся, загрымеў гром, блiснулi зiхоткiя маланкi, гарачы вецер нясцерпна пайшоў наўкол. Магутным парывам Радаслава скiнула з дыска, i ён паляцеў (Вера Хрысцiнюк ляцела разам з iм) над Ракой Адноўленых Твараў, у якой здранцвела стаяў Клён Дубровiч. Ён баяўся, каб iх не ўдарыла аб металiчны бераг, але iм пашанцавала, i яны ўпалi ў мяккi зялёны пясок i нейкi час ляжалi нерухома. Дзiкая бура свiстала, грукатала над iхнiмi галовамi, разломваючы неба. Асляпляльныя маланкi ўспыхвалi адна за адной i мелi форму крыжоў, востраканцовых зорак, вогненных мядуз.
Читать дальше