— Што з Клёнам? — у роспачы закрычала Вера Хрысцiнюк.
— Ён у рацэ, — давячыся ветрам, адказаў Радаслаў. — Як нас несла сюды, ён стаяў у рацэ.
— Бедны хлопчык, — сумна прамовiла Вера. — Ды i мы з вамi, Радаслаў, няшчасныя бедныя людзiч Вы адчуваеце сваю нiкчэмнасць, поўную безабароннасць сярод гэтага незразумелага вар'яцкага хаосу?
— Я? — спытаў Буслейка. — Нi кропелькi не адчуваю. Мы — зямляне, Вера. I гэтым сказана ўсё. I я зараз жа iду шукаць Клёна. А вы заставайцеся тут, чакайце.
— Я таксама пайду.
— Не трэба. Там небяспечна. Я хутка вярнуся.
Радаслаў, нiзка прыгнуўшыся, закрываючы вочы рукамi, цяжка пакрочыў да Ракi Адноўленых Твараў. Ён адчуваў, як гарачым ветрам яму абсмальвае шчокi. Грымела з усiх бакоў, зверху. Здавалася, яшчэ iмгненне i яго наскрозь пранiзае смертаносны востры рог маланкi. Зямлю пад нагамi ("Як завецца тут тое, па чым я iду? — падумаў ён. — Вар? Варыт?") залiвала зялёным, вельмi яркiм святлом.
— Клён? — крыкнуў Радаслаў. — Клён, дзе ты?!
Раптоўна, як па ўзмаху нейкай чароўнай палачкi, усё сцiхла, адразу ж праяснiлася неба, Рака Адноўленых Твараў нерухома ляжала перад Буслейкам, толькi «вады» ў ёй было трохi менш, бо металiчны блiскучы бераг цягнуўся да самага небасхiлу шырэйшаю паласой. Клён стаяў на тым жа месцы, дзе яго заспела нечаканая бiтва-вiхура плазмоiдаў. Проста ў яго над галавой, як шчыт, што прыкрывае ад удараў, вiсела група плазмоiдаў, каля васьмi дзесяцi шароў.
— Радаслаў Алесевiч! — радасна закрычаў Клён, убачыўшы Буслейку. — Якоё шчасце, што вы жывыя! А я ўжо думаў — нiколi не сустрэнемся. Так грымела, так грымела.
Ён палахлiва зiрнуў на чыстае зялёнае неба, на якiм не было нi хмурынкi, толькi дзе-нiдзе лёталi вялiзныя крангi, моцна сцiскаючы ў кiпцюрыстых лапах свае пярэстыя яйкi.
— Што гэта за птушкi? — спытаў Клён.
— Не ведаю, бо ўсяго другi дзень гасцюю на гэтай планеце, — весела адказаў Радаслаў. — Падобны на нашых зямных грыфаў — такiя ж голыя шыi.
Буслейка быў вельмi задаволены, што Клён жывыздаровы. Гэты падлетак паспеў ужо запасцi яму ў сэрца сваiм трагiчным лёсам, сваёй напорыстай весялосцю, дый проста тым, што быў, як i ён, як i Вера, зямлянiнам. За некалькi дзесяткаў парсекаў ад Зямлi такое адчуваецца надзвычай востра. Сусвет напоўнены мноствам жывых iстот, але Чалавек, куды нi пракладзi курс касмiчных караблёў, адзiн, непаўторны, i ўдалечынi ад роднай блакiтнай планеты яго сустракаеш, як Брата. Вядома ж, куды лепш напаткаць у касмiчным вандраваннi не васьмiлапага звышразумнага павука, не генiяльнага суперiнтэлектуальнага яшчара з касцiстым грабянцом на шурпатай спiне, а двухногага i двухвокага нашчадка Адама, якi мае адну галаву i адно чалавечае сэрца.
Да Ракi Адноўленых Твараў ужо бегла Вера Хрысцiнюк. Шчасцем свяцiлiся вочы. Некалькi хвiлiн назад яна думала, што i Радаслаў i Клён загiнулi, што яе таксама чакае непазбежная смерць на гэтай жахлiвай планеце, дзе люта б'юцца памiж сабой не людзi, не страшыдлы, а нейкiя шары.
— Радаслаў! — закрычала яна. — Клёнiк! Даражэнькiя вы мае!
Клён спахмурнеў, убачыўшы Веру. Успомнiлася, як некалi на Чорным Хутары яна пажадлiва, з бляскам у вачах глядзела на ягонага бацьку. Зараз чамусьцi яму кiнулася ў вочы, што ў яе дужа белыя, як снежныя, зубы, i гэта было непрыемна. Каб неяк вылузнуцца з прыкрага становiшча (усё ж Вера — зямлянка, а тут, на планеце Вар, iм, зямлянам, трэба трымацца дружна, разам), ён сказаў:
— Стаяў, калацiўся ў гэтай рацэ i нават твар не замачыў. Эх, i нырну ж я зараз!
Раптам пачуўся рэзкi ўладны голас:
— Не купайся ў Рацэ Адноўленых Твараў! Памятай, жыхар не нашай планеты, — тое, у чым ты стаяў i стаiш, не Н2О. Калi ты не хочаш, каб твой мозг звар'яцеў i захацеў неадкладна аддзялiцца ад твайго цела, асцярожна выходзь на бераг. Цябе там чакаюць твае сябры. Ты паспiш, адпачнеш i паляцiш на планету Зямля. Ты — Гарант Вечнага Шру.
— Ты — Гарант Вечнага Шру! — зладжаным хорам усклiкнулi ўсе плазмоiды, што вiселi над Клёнам.
— Якi яшчэ гарант? — незадаволена сказаў Клён, але адразу ж пачаў выбiрацца на бераг, стараючыся iсцi нешырокiмi крокамi i па прамой лiнii.
— Прывiтанне, землячок! — сцiснуў яго, як малодшага брата, у абдымках Радаслаў Буслейка.
— Добры дзень, Клёнiк, — цмокнула Клёна ў шчаку Вера Хрысцiнюк.
Ад прылiву ўдзячнасцi, нават любовi да гэтых малазнаёмых людзей (Радаслава да планеты Вар ён наогул не ведаў) Клён ледзь не заплакаў. Але стрымаўся, як i належыць мужчыне. Спытаў:
— I калi мы паляцiм назад на Зямлю? Плазмоiды ж абяцалi, што паспiм, адпачнем i адразу паляцiм. Значыць, адпраўляемся заўтра?
Читать дальше