Навумчык: Гэта мэмуарная літаратура, гэта не бэлетрыстыка, я нічога не прыдумляю, абапіраюся на тое, што бачыў, на дакумэнты, якія маю. А аўдыторыя.. Ведаеце, калісьці Васіль Быкаў ўзяў зь мяне такое абяцаньне, што калі-небудзь я напішу гісторыю БНФ, увогуле гісторыю Адраджэньня. Ну, звычайна такога кшталту абяцаньні мы адкладаем на «потым, потым». Але недзе годзе ў 2005 я атрымаў емэйл ад хлопца з Горак, старшаклясьніка ці першакурсьніка, ён пісаў — дапамажыце мне даказаць настаўніцы, што бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» былі дзяржаўнымі сымбалямі, настаўніца аспрэчвае, і ўвесь клас мне ня верыць. Я зразумеў, што вырасла пакаленьне, для якога гэта было і засталося — не, зрабілі для іх гэта terraincognito. І я зразумеў, што трэба пісаць, І ня я адзін пішу, некаторыя мае калегі напісалі. На вялікі жаль, пакуль што не напісаў такую кнігу Зянон Станіслававіч Пазьняк, але ён выдае іншыя, у яго ўжо цэлая бібліятэка ў ягоным выдавецтве «Беларускія ведамасьці» па найноўшай гісторыі назапасілася.
Але я завяршу адказ на папярэдняе вашае пытаньне. Калі б тады не была б скліканая сэсія, у жніўні 91-га, магло б і ня быць Незалежнасьці. Бо ўжо праз тры тыдні бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню» мы прымалі «голас у голас», яны ўжо ачухаліся і маглі не прыняць Незалежнасьць. Станіслаў Шушкевіч кажа, што цяпер адкрытая перапіска — сапраўды, рассакрэчаная перапіска ў тым ліку і Дзярждэпартамэнту ЗША таго часу, і зь яе вынікае, што ў пэўных колах разглядаўся варыянт захаваньня «СССР» у форме «Расея, Казахстан і Беларусь». І мы ведаем, што Назарбаеў абвясьціў незалежнасьць толькі 16 сьнежня. Таму я ня згодны са Статкевічам — зусім па іншым варыянце магла разьвівацца гісторыя.
Соўсь: У 1991 Беларусь пачала адбудоўвацца як самастойная дзяржава. І сёньня застаецца незалежнай, затое — недэмакратычнай. У адрозьненьні ад краінаў Балтыі ці Польшчы дэмакратычныя сілы не прыйшлі да ўлады. Чаму? І дзе быў той пункт незвароту, пасьля якога дэмакратыя ў Беларусі пачала згортвацца? Гэтае пытаньне я задавала ўсім удзельнікам цыклю і прасіла правесьці своеасаблівую працу над памылкамі. Вось як на яго адказаў Мікола Статкевіч.
Статкевіч: Кропка невяртаньня была недзе годзе ў 1987... Калі аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, якія называліся тады Беларускі Народны Фронт, прынялі рашэньне, што людзі, якія займаюць кіруючыя пасады ў камуністычнай партыі, ня могуць быць сябрамі БНФ. Была створаная сытуацыя немагчымасьці саюзу элітаў — рэальнай, гаспадарчай, кіруючай эліты і новай, апазыцыйнай, культурніцкай. Я разумею, калегі з мастацтва напалохаліся гэтых кіраўнікоў, якія маглі іх выцесьніць, мо і выцесьнілі б... Але калі б гэты саюз адбыўся, а многія былі гатовыя да яго (ён адбыўся ў краінах Балтыі, быў вельмі пасьпяховым), то тады гісторыя, магчыма, пайшла б па-другому. Другая такая магчымасьць была ў пачатку 1990-х. Напрыклад, украінскі Рух, прайграўшы выбары, пайшоў на саюз з намэнклятурай. Намэнклятура прымала яго ідэалёгію, і гэта дазволіла сфармаваць нацыю. А ў нас культурніцкая эліта, па сутнасьці, абвясьціла вайну гаспадарчай. Эліта раскалолася, і ў гэты раскол увайшла трэцяя сіла. І мы атрымалі тое, што атрымалі...
Соўсь: Як вы чулі, Мікола Статкевіч ў якасьці галоўнай прычыны вызначае немагчымасьць саюзу элітаў, якая, як ён лічыць, утварылася па віне БНФ. А ці была магчымасьць для такога аб’яднаньня?
Навумчык: Давайце ізноў па пунктах. Ніякага рашэньня, пра якое кажа Мікола, з боку БНФ ня браць камуністаў ці намэнклятуру ў БНФ — не было. Я вам нагадаю першыя словы самай першай заявы аргкамітэту БНФ (кастрычнік 1988): «Перабудова, распачатая лепшымі сіламі КПСС..».. Наадварот — ЦК, абкамы, райкамы распачалі проста шалёны наступ праз ўсе свае СМІ (а іншых не было, толькі камуністычныя), на Беларускі Народны Фронт. Моладзь гэтага ня ведае, але Мікола Статкевіч мусіў бы гэта памятаць.
Другое. Ён прыгадвае пачатак 1990-ых. Адразу, як была ў 91-ым абвешчаная Незалежнасьць, вось у новай кнізе Пазьняка «Незалежнасьць», дзе сабраныя дакумэнты таго часу, я працытую заяву, якую мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, прынялі на наступны дзень пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці: «Усе сумленныя людзі, што так ці інакш апынуліся ў КПСС і ЛКСМБ, пакідайце гэтыя антынародныя арганізацыі, выходзьце зь іх, вы свабодныя. Уключайцеся ў дэмакратычны працэс, у рух адраджэньня вольнай, сувэрэннай Беларусі. У нашай культурнай, памяркоўнай, дэмакратычнай Бацькаўшчыне ніхто не павінен і ня будзе перасьледаваць чалавека толькі за членства ў камуністычнай партыі ці ў камсамоле».
Читать дальше