Вярцінскі: У нейкай меры гэта так. Нават гісторыкі сьведчаць пра тое, што і гэты артыкул, і некаторыя іншыя публікацыі, зьмешчаныя на старонках «ЛіМа» ў тыя часы, спрыялі разьвіцьцю грамадзка-палітычных падзеяў у Беларусі. Калі коратка адказаць на ваша пытаньне, то скажу так. Калі я пазнаёміўся з публікацыяй, у мяне ня ўзьнікла ніякага сумненьня ў тым, што гэта ня толькі трэба друкаваць, але што я павінен зрабіць усё для таго, каб гэты матэрыял быў апублікаваны. Для таго, каб нейкім чынам падстрахавацца, я зьвярнуўся да Васіля Быкава і папрасіў яго напісаць некалькі слоў у форме прадмовы да артыкулу Пазьняка і Шмыгалёва.
Соўсь: Ці ўзгаднялі вы гэта з партыйным начальствам? Хто ведаў пра тое, што вы будзеце гэта друкаваць?
Вярцінскі: Ніякага ўзгадненьня з начальствам я не рабіў. Што тычыцца наступнай публікацыі Зянона Пазьняка «Шумяць над магіламі сосны», то гэта быў мой загаловак, разам мы зь ім шукалі назву. Гэты артыкул мне ўжо прыйшлося нейкім чынам узгадняць спачатку ў ЦК КПБ з загадчыкам аддзелу, нават двума загадчыкамі — культуры ды ідэалёгіі, агітацыі і прапаганды. Яны мяне адправілі да тагачаснай намесьніцы старшыні Саўміну Ніны Мазай. Пасьля публікацыі Пазьняка і Шмыгалёва на самім высокімі ўзроўні, не бязь ведама ЦК КПБ, зразумела, была створаная спэцыяльная камісія па гэтай публікацыі і па ўшанаваньні памяці загінулых. І кіраўніком гэтай камісіі была прызначаная Ніна Мазай. Мы з Пазьняком ішлі да яе, каб яна нам дала дабро на публікацыю наступнага арытыкулу — «Шумяць над магіламі сосны».
Соўсь: Публікацыя пра Курапаты назаўсёды застанецца ў гісторыі Беларусі. Была вельмі рэзанансная дыскусія ў «ЛіМе» пра закон аб мовах. Адрозна, напрыклад, ад расейскага грамадзка-палітычнага часопісу «Огонёк» , «Літаратура і мастацтва» была ў асноўным газэта для нацыянальна арыентаванай, дэмакратычнай інтэлігенцыі. Вы прынесьлі ў студыю заканадаўчы акт аб дзяржаўнай сымболіцыі Рэспублікі Беларусь. Я так разумею, што невыпадкова.
Вярцінскі: Як матэрыяльнае ўвасабленьне. Такое супадзеньне, што тры дні таму мне тэлефануе галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч і просіць знайсьці газэту, дзе мы ўпершыню апублікавалі ліст Якуба Коласа ў ЦК КПБ наконт мовы. Тэма як быццам апрабаваная ўжо, у нейкім сэнсе аднесеная ў архіў. Але не. Яму прыслаў чытач допіс пра гэты ліст Коласа і пра тое, якую ролю ён адыграў. І я знайшоў гэтую публікацыю з нашай рэдакцыйнай прыпіскай. Падобныя рэчы адбываліся і зь іншымі публікацыямі. Вы згадалі дыскусію пра мову. Мы актыўна змагаліся за тое, каб беларускай мове надалі статус дзяржаўнай. Ішло змаганьне. Пад гэтай рубрыкай выступалі Васіль Вітка, Кастусь Цвірка, сьпявак Віктар Скарабагатаў, прадстаўнікі нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі...
Соўсь: Ведаю, што менавіта ў «ЛіМе» быў надрукаваны першы пераклад Оруэла па-беларуску, які зрабіў Сяргей Шупа... Вы згадалі пра тое, што папрасілі Васіля Быкава напісаць прадмову да артыкулу пра Курапаты. Вы былі яму блізкім сябрам, у свой час ініцыявалі цэлую кампанію ў ягоную абарону, пісалі лісты Машэраву. А хто ваш асабісты герой ці героі незалежнасьці Беларусі? Бачу, што вы прыйшлі ў студыю са зборнікам вершам...
Вярцінскі: Давайце мы тады зьвернемся да тых людзей, якія мелі самае непасрэднае дачыненьне да незалежнасьці Беларусі зь ліку маіх калегаў і сяброў. Гэта былі Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін... 80-ю гадавіну з дня нараджэньня Бураўкіна мы нядаўна адзначылі, 85-ю зьбіраемся адзначаць. На жаль, яны ня будуць ужо разам з намі. Ня быў Генадзь Бураўкін і ня будзе Ніл Гілевіч у ліку тых, хто будзе адзначаць свае слынныя ўгодкі. Менавіта ў гэтай плыні я і працую апошнім часам. Я зьяўляюся адным з суаўтараў кнігі ўспамінаў пра Генадзя Бураўкіна, якая называецца «Перадусім Беларусь».
Я прысьвяціў сьветлай памяці Генадзя Бураўкіна верш, сугучны з многімі ягонымі вершамі:
Анатоль Вярцінскі Генадзю Бураўкіну:
Ты, дружа, не сьпяшай з адказам
...І, як ніколі, у гэты дзень
Адчуў я, што я нешта значу,
Што прызначэньне нас, людзей, —
Ня толькі клопат пра сваю ўдачу.
І што ў адказе за тых усіх,
Каго мы прыручылі,
За ўсіх, хто сам прывык да нас,
За ўсё жывое на зямлі айчыннай.
Найгоршы, пэўна, грэх —
Не апраўдаць даверу іх,
Іх спадзяваньня.
Такім вось чынам, дарагі Генадзь,
Я успрыняў тваё пасланьне.
Скажы, я слушна прачытаў твой верш?
Ты, дружа, не сьпяшай з адказам.
Ты ў вершы жыў і ў ім жывеш,
а ў маім жывем мы разам.
Читать дальше