ПАСЬЛЯ СССР. 25 ГАДОЎ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ
ЦЫКЛЬ ГАННЫ СОЎСЬ
Зянон Пазьняк: Здабыць незалежнасьць авангард здолеў. Сілы, каб узяць уладу, ужо не было
У новым цыклі Свабоды «Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасьці» удзельнікі гістарычных падзеяў гавораць пра тое, як гэта адбывалася, што можна было зрабіць інакш і хто найбольш выйграў ад незалежнасьці. Першае ў цыклі — інтэрвію з адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту, лідэрам Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, адкрывальнікам Курапатаў Зянонам Пазьняком.
25 гадоў таму 25 жніўня 1991 году Беларусь абвясьціла незалежнасьць. Пасьля правалу маскоўскага путчу на сэсіі Вярхоўнага Савету БССР Дэклярацыі аб сувэрэнітэце быў нададзены статус закону. Як гэта адбывалася? Хто найбольш скарыстаўся зь незалежнасьці? Чаму з гэтых 25 гадоў 22 гады Беларусьсю кіруе Аляксандар Лукашэнка? Што можна было б зрабіць інакш? І што пагражае незалежнасьці Беларусі? На відэасувязі зь Нью-Ёрку — непасрэдны ўдзельнік тых падзеяў Зянон Пазьняк.
Ганна Соўсь: Зянон Станіслававіч, працягніце знакамітае эсэ Ўладзімера Арлова «Незалежнасьць — гэта...» адным сказам.
Зянон Пазьняк:... калі ты ў сваёй краіне заходзіш у любую ўстанову, і з табой гавораць па-беларуску, гэта ёсьць незалежнасьць. А калі гэтага няма, значыць, ня ўсё добра ў нашым каралеўстве.
Соўсь: А галоўная пагроза незалежнасьці Беларусі — гэта...
Пазьняк: Гэта Расея. Гэта было ўвесь час, усю нашу гісторыю ёсьць і будзе, пакуль гэта імпэрыя будзе існаваць. Гэта першае і самае важнае, што павінен усьвядоміць кожны беларус. Калі гэтага ўсьведамленьня ня будзе, то пагроза нашай незалежнасьці будзе яшчэ большай.
Соўсь: Як вы мяркуеце, а ці магло б быць іначай — ці мог бы Савецкі Саюз існаваць і сёньня?
Пазьняк: Савецкі Саюз, такі, як ён быў, сёньня ўжо існаваць ня мог. Ён існуе ў цяперашнім стане, таму што ў 1991 годзе адбыўся паўраспад, і гэты паўраспад працягваецца і будзе працягвацца, пакуль будзе існаваць Расея, пакуль будзе існаваць гэты ўсечаны Савецкі Саюз. Іншая справа, што, калі б справа склалася так, што ня быў бы Ельцын, ня здарыўся бы гэты канфлікт, то той Саюз мог бы яшчэ праіснаваць гадоў дзесяць, але скончыўся бы вялікай вайной і вялікай крывёй. Так што варыянт паўраспаду, які адбыўся, як раз быў варыянт лепшы.
Соўсь: 25 гадоў таму адбылася нечарговая пятая сэсія Вярхоўнага савету БССР 12-га скліканьня, на якой Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, прынятай у ліпені 1990 году, быў нададзены статус Канстытуцыйнага закону. Гэтыя падзеі дэтальна адлюстраваныя ў вашай кнізе «Сэсія незалежнасьці». Калі згадаць тыя падзеі, то ў які момант вы дакладна ўсьвядомілі, што ўсё, перамаглі, атрымалася, Беларусь становіцца незалежнай дэ-факта? Які быў пераломны момант?
Пазьняк: Я гэта выдатна памятаю. На сэсіі былі два галоўныя пытаньні. Першае — незалежнасьць, і другое — забараніць дзейнасьць КПСС. Што да забароны дзейнасьці КПСС, то стала зразумела, што мы выйграем, калі сагналі з трыбуны Малафеева, і яны пайшлі раіцца за кулісы, не запрасіўшы нас. Зразумела, што яны шукалі шляхі адступленьня, так яно і атрымалася. Спынілі дзеяньне КПСС, і гэта быў пераломны этап з Малафеевым. Што датычыць незалежнасьці, то да самага канца сэсіі была вялікая трывога. І фактычна стала ўжо зразумелым, што мы выйгралі, пасьля майго выступу, калі ў залі была мёртвая цішыня, і калі выступіў Мачуленка (другі сакратар Гомельскага абкаму КПБ Міхаіл Мачуленка прапанаваў стопрацэнтна падтрымаць Пазьняка і прагаласаваць за незалежнасьць, — РС). Справа ў тым, што тады была канстытуцыйная норма — дзьве траціны галасоў. Поўнай упэўненасьці да апошняга часу, што гэтая норма будзе набраная, не было, таму што ў залі быў поўны разброд. І яны былі напалоханыя, у іх не было адзінага кіраўніцтва. Яны ня ведалі, што рабіць. Яны баяліся нас, ня ведалі нашай пазыцыі дакладна. І другі момант. Незалежнасьць, як мы меркавалі, павінна была быць прынятая аднагалосна. Гэта было вельмі важна, каб не было ніякіх спрэчак, ніякіх перагаласаваньняў. Ужо фактычна было пастаўлена пытаньне на галасаваньне, і я тады падышоў да мікрафону і сказаў тое, што сказаў, тое, што трэба было сказаць. І тады я проста адчуў у залі, што да іх дайшло. І калі выступіў Мачуленка, адзін зь іх аўтарытэтаў, і сказаў, што трэба падтрымліваць, што трэба ісьці да незалежнасьці, што гэта адзіны выхад для Беларусі, канечне, стала зразумела, што мы выйгралі і, відавочна, выйгралі аднагалосна. Так яно і атрымалася.
Читать дальше