Сёньня на досьвітку я напісаў верш, прысьвечаны Нілу Гілевічу. Назваў яго «Пытаюся».
Вярцінскі Гілевічу:
Ведаю сам пра сваю адзіноту.
Прабач за турботу
Дружа Ніл Сымонавіч, Ніле!
Ты ў магіле?
Ты не на гэтым,
Ты на тым сьвеце?
Гэта ж вельмі далёка,
Недзе за даляглядам,
За небакраем.
Ня бачу, ня чую, не размаўляем.
А праўда, што зямелька пухам,
Якую любіў ты сэрцам і духам,
Якую з мовай яе і яе лёсам
Славіў шчыра радком узьнёслым?
Напраўду лёгкая, ня цяжкая?
Ці можа іншая якая?
Яшчэ пытаюся з болем сардэчным,
Ці сьняцца сны табе ў сьне тваім вечным?
А калі сьняцца, пра што і якія?
Сьветлыя, добрыя ці благія?
Зрэшты, здагадвацца можна.
Пэўна, сьніцца табе трывожна
Маці-радзіма, адзіная родная,
Непаўторная і несьмяротная,
Якую любіў ты любоўю бязьмернаю,
Якой служыў праўдай і вераю,
Якая пра лепшую долю ўсё дбае,
Якой сягоньня цябе не хапае.
Ведаю сам пра сваю адзіноту.
Прабач за турботу.
Соўсь: Вы прачыталі цудоўны верш. Мне здаецца вельмі сымбалічным, што падчас размовы пра незалежнасьць Беларусі вы гаворыце пра такіх людзей як Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў, Генадзь Бураўкін. Яны адышлі, іх няма, а вы зараз у нашай студыі, дзе мы ўспамінаем падзеі 25-гадовай даўніны. Вы з тых людзей, дзякуючы якім Беларусь цяпер — незалежная краіна. Як вы думаеце, што пагражае незалежнасьці Беларусі цяпер?
Вярцінскі: Пагроза ёсьць, на жаль. Калі глядзім па тэлевізары, як сустракаюць чэмпіёна паралімпійскіх гульняў Ігара Бокага і на аэрадроме ўручаюць торт, на якім выявы беларускага і расейскага сьцягоў. Гэта факт у нейкім сэнсе камічны. Гэта тэма, на якую чамусьці не зьвяртаюць увагі нашыя дэмакратычна настроеныя апазыцыянэры-палітыкі. Што такое «саюзная дзяржава»? Нават віцэ-прэзыдэнт ЗША называў яе пратэктаратам. Мая пазыцыя зразумелая. Мы частка так званай «саюзнай дзяржавы».
Сяргей Навумчык: “ Пазьнякгодна адказаў на выклік, які гісторыя паставіла перад нацыяй”
Соўсь: Мой суразмоўца — мой цяперашні калега, супрацоўнік Радыё Свабода Сяргей Навумчык. У мінулым — дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, адзін з аўтараў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. А ў цяперашнім часе — аўтар кніг пра пэрыяд найноўшага беларускага Адраджэньня. Гэтай перадачай мы завяршаем цыкл «Пасьля СССР. 25 гадоў Незалежнасьці». У перадачах бралі ўдзел тыя, хто спрычыніўся да абвяшчэньня Незалежнасьці альбо адыграў істотную ролю ў палітычным жыцьці краіны ў наступныя гады. Сёньня мы пагаворым зь Сяргеем пра вайжнейшыя этапы станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці і пракамэнтуем некаторыя ацэнкі, якія гучалі з вуснаў удзельнікаў цыклю.
Сяргей, усіх ўдзельнікаў перадачы «Пасьля СССР. 25 гадоў Незалежнасьці» я прасіла працягнуць фразу знакамітага эсэ Уладзімера Арлова «Незалежнасьць — гэта..». і адказаць на пытаньне — што для іх азначае незалежнасьць. Сяргей, што для Вас Незалежнасьць?
Навумчык: Незалежнасьць — гэта шчасьце. І, канешне, галоўная ўмова існаваньня чалавека. Для любога чалавека, думаю, незалежнасьць — другое пасьля фізычнага жыцьця. Для палітыка гэта мусіць быць галоўная ўмова ягонага існаваньня, ягонай дзейнасьці ў палітыцы. Мне вельмі падабаюцца словы Пётры Садоўскага, майго калегі па дэпутацкай Апазыцыі БНФ, ён, прыгадваючы жнівень 1991 года, сказаў, што гэта быў час, калі мы былі «гістарычна шчасьлівыя». Сапраўды, вось гэтыя першыя некалькі дзён у жніўні 91-га я адчуваў (і я думаю, і мае калегі), такое вось поўнае шчасьце. Я толькі потым яшчэ раз такое перажыў, у гэтым годзе, калі пасьля 20-гадовай эміграцыі прыехаў у Беларусь — вось першыя гэтыя хвіліны, першыя гадзіны... Ну далей ужо, канешне, пачынаеш бачыць нейкія там нюансы... Але вось першыя гэтыя моманты — яны былі абсалютна шчасьлівыя. А тады, у 91-ым, мы сапраўды былі гістарычна шчасьлівыя.
Соўсь: А вось як на гэтае пытаньне — што такое Незалежнасьць — адказалі ўдзельнікі цыклю»Пасьля СССР. 25 гадоў Незалежнасьці» Станіслаў Шушкевіч, Зянон Пазьняк, Мікола Статкевіч, Уладзімер Ганчарык і Валянцін Голубеў.
Шушкевіч: Цяжка адказаць адным сказам. Незалежнасьць — гэта ўсьведамленьне таго, што мы незалежныя.
Пазьняк: Калі ты ў сваёй краіне заходзіш у любую ўстанову, і з табой гавораць па-беларуску, гэта ёсьць незалежнасьць. А калі гэтага няма, значыць, ня ўсё добра ў нашым каралеўстве.
Статкевіч: Незалежнасьць для мяне — гэта найперш магчымасьць для беларусаў самім вызначаць свой лёс, жыць у сваёй хаце, і каб гэта была беларуская хата.
Читать дальше