— Цалуюць жа й нябожчыка на разьвітаньне — і таксама вельмі часта ў рукі ці ў лоб. Прычым, робяць гэта ня толькі сваякі.
— У народнай традыцыі й сустрэчы, і разьвітаньні не абыходзяцца без пацалункаў. Любое расстаньне, хай сабе часовае ці вечнае, на глыбінных роўнях прадугледжвае ўзаемнае дараваньне грахоў, а пацалунак і прызваны замацаваць гэтае дараваньне. Вядомы яшчэ звычай прасіць адзін у аднаго прабачэньня перад Вялікім постам — цалаваліся ўсе сямейнікі. А на Вялікдзень цалуюцца ня толькі сямейнікі, але й госьці, сустрэчныя. Мы цалуемся ў царкве з зусім незнаёмымі людзьмі. Гэтае хрыстосаваньне мела некалі нават міжсаслоўны характар і сьцьвярджала роўнасьць людзей перад агульначалавечай радасьцю — уваскрошаньнем Хрыста. У беларусаў, як і ў іншых народаў, шырока распаўсюджана таксама цалаваньне сакральных аб’ектаў: абразоў, крыжа. Яно магло суправаджацца маўленьнем клятвы ці прысяганьня. Вядомая ў нас і клятва зямлёю, калі зямлю елі альбо цалавалі. Дарэчы, есьці зямлю дазвалялася толькі мужчынам, жанчына мела права яе пацалаваць.
— Такім чынам, пацалункі выдаюць перадусім станоўчыя эмоцыі, прыемныя адчуваньні. Але сьвет ведае й пацалунак Юды...
— Ведае. Гэта дзіўна, але пацалунак бывае нават у сварцы. На Палесьсі этнограф і фальклярыст Часлаў Пяткевіч запісваў:
Бывае такая сварлівая баба, што сустрэнецца з кім-небудзь, дык па-добраму гаворыць, як толькі воласу перагарэць, а далей сварыцца, сварыцца. А калі ўжо вельмі надаесьць, то задзярэ сарочку й андарак па самы пуп і крычыць: «Пацалуй мяне сюды! — да завернецца задам: — І туды!» А казаць «пацалуй мяне ў сраку» вялікі грэх, зьнявага крыжа, бо хрышчоны чалавек цалуе крыж.
І ўсё ж палешукі такія пацалункі «ўчынялі» толькі ў задзірлівых выразах, у жыцьці ж аддавалі перавагу інтымным і этыкетным.
Размова з Тацянай Валодзінай
Бальшыня народных казак — нашмат мудрэйшых за ўсіх мудрацоў — заканчваецца ня чым іншым, як вясельным пірам. Аказваецца, чалавек нараджаецца, каб як і ў жывёльным сьвеце, не перапыняўся, а доўжыўся чалавечы род. Але ж чалавек тым і розьніцца ад жывёлаў, што ягонае сэксуальнае жыцьцё не падпарадкоўваецца толькі працягу ў нашчадках. І таму грамадзтва здавён хвалявала праблема рэгуляваньня нараджальнасьці й, адпаведна, кантрацэпцыя, ці засьцераганьне ад непажаданых цяжарнасьцяў. Адзін з аспэктаў праблемы кантрацэпцыі для людзей мінулага й для сучаснага чалавека — мэдычны. Іншыя ж — з шэрагу рэлігіі, этыкі.
— Як зьвязаная гэтая праблема з народнай культурай, народнымі ўяўленьнямі?
— Найменш гэтая праблема для людзей мінулага была мэдычнай, хаця, безумоўна, жанчыны скарыстоўвалі й зёлкі, і іншыя рэальныя мэдычныя сродкі. Але ж народная мэдыцына ёсьць часткаю агульнай духоўнай, менавіта духоўнай культуры, бо грунтуецца яна на мітапаэтычных стэрэатыпах і схемах. Уключаліся ў агульны фальклёрны фон і перапыненьне цяжарнасьці, і забойства толькі народжаных немаўлятаў, і стаўленьне да такіх жанчын.
— Як засьцерагаліся ў сэксе беларускія сялянкі?
— Пачнем з парады, якую найчасьцей згадваюць вясковыя бабулі. Згодна зь іхнымі аповедамі, адзін са спосабаў народнай кантрацэпцыі палягаў у тым, што нявеста за вясельным сталом падкладвала пад сябе такую колькасьць пальцаў рукі, колькі гадоў не хацела мець дзяцей: два пальцы — тады два гады ня будзе, тры — тры гады й гэтак далей. З гледзішча сучаснага чалавека невытлумачальныя й нават сьмешныя захады. Але яны абсалютна зразумелыя ў рэчышчы мітапаэтычных поглядаў і магічных апэрацыяў. Так, сымболіка пальца зводзіцца да абазначэньня чалавека (згадаем — «адзін як перст»), і перадусім дзіцяці. Беларусы кажуць: «Якога пальца ня ўрэж, усё адно баліць», што паказвае на аднолькавую бацькоўскую любоў да ўсіх дзяцей у сям’і. Ну, а зьмяшчэньне ў прастору за сьпінай, пад сябе фактычна азначала выправу на той сьвет, у нябыт, і папярэджвала зьяўленьне адтуль дзіцяткі. Вось вам і кантрацэпцыя, няхай сабе й мітасымбалічная.
— Якія яшчэ сымбалічныя схемы рэалізоўвалі на практыцы вясковыя жанчыны?
— Увасабленьнем жаночае існасьці й здольнасьці да нараджэньня дзяцей ёсьць мэнструальная кроў. Трохі вады, што засталася пасьля мыцьця кашулі, заплямленай месячнымі, раілі выліць у замок, пасьля чаго замкнуць яго й выліць у студню. У такім разе дзяцей ня будзе ніколі. Калі ж гэтыя захады толькі часовыя, замкнёны замок хавалі ў месцы, што вышэй чалавечага росту. Захацеўшы дзяцей, замок той абавязкова адмыкалі. Каб не нараджаць дзяцей, існаваў і такі абрад:
Читать дальше