— Паўстае занадта ідылічная карціна — і шляхта, і сяляне адстойваюць свае правы, улады пільнуюцца іхнага захаваньня. А наезды, грамадзянскія войны?
— Так, пачынаючы ад канфэдэрацыяў, у якіх удзельнічалі тысячы прадстаўнікоў пэўных саслоўяў, ды рокашу як варыянту грамадзянскай вайны, можна перайсьці да так званых наездаў — калі адна група шляхты, звычайна аб’яднаная вакол сям’і, спрабавала з дапамогай зброі высьветліць адносіны зь іншай сям’ёй. Пашыранасьць збройных спосабаў адстойваньня правоў сьведчыць ня толькі пра любоў да свабоды, але, на жаль, і пра слабасьць улады ды нястачу сацыяльных тармазоў у грамадзтве. Як і рокашы, наезды сталіся своеасаблівай традыцыяй «залатой вольнасьці». Калі адказчык у справе аб спрэчнай маёмасьці не сьпяшаўся выконваць рашэньня суду, ягоны праціўнік спрабаваў змусіць яго сілаю ці проста захапіць спрэчны маёнтак альбо вёску. Такі «праўны» наезд звычайна называлі «заездам». Выдатнае апісаньне такога заезду даў у «Дыярыюшы жыцьця майго...» беларускі пісьменьнік шляхціц Марцін Матушэвіч:
...Даведаўся я, што Арэшка, пінскі судзьдзя земскі й маёр Пінскага рэгімэнту Агінскага, польнага пісара Літоўскага, паехаў на заезд Булкава, таго самага, за які айцец мой даў 70 000 злотых Салагубавай, берасьцейскай ваяводавай, ды, узяўшы ад яе застаўнае права на той жа Булкаў, пусьціў яго ёй жа самой у арэнду.
...Ехаў тады я ўсю ноч, і як толькі золак — убачыў колькісот чалавек ушыхтаваных і гатовых да заезду. Мінуў я іх ды ўляцеў да Булкаўскага двору, які застаў пусты, бо жыд Ёсель, які трымаў Булкаў у арэнду ад Салагубавай, уцёк. Людзі, якім абрыдла жыдоўская арэнда, бараніцца не хацелі. Сам тады я з адным слугою быў у двары й, зрэш ты, знайшоўшы некалькі чалавек, загадаў вароты замкнуць і загарадзіць. Гэтак і чакаў прыезду судзьдзі Арэшкі. Хутка, як сонца ўзышло, прыехалі. Я бараніўся, і судзьдзя прыняў абарону маю, а калі даў пароль кавалерскі афіцэрскі, што ўжо па прыняцьці абароны маёй гвалту чыніць ня будзе, тады загадаў я ў карчме абед гатаваць, а тым часам шляхты зь дзьвесьце наехала й так пачаставаных і судзьдзю й шляхту выправадзіў я, а сам аж да вяртаньня Ёселя, арандатара булкаўскага, затрымаўся. Потым з Булкава пабег проста да Воўчына, апераджаючы сваёй рэляцыяй князя падканцлера, а тым часам наступілі сьвяты, на якія быў я ў Воўчыне.
— Зь якіх прычынаў, апроч маёмасных, адбываліся наезды?
— Часам прычынаю наезду была асабістая сварка ці зьнявага. Бывала, што нязначная прычына выклікала працяглую й жорсткую вэндэту, у якой ворагі нават пісьмова раілі адзін аднаму «сьцерагчыся свайго праціўніка ў доме, у касьцёле, у лазьні, на полі, едучы, ува сьне, на дарозе й на кожным месцы, бо на нім помсьціцца будзе й на горле ягоным сядзе». Нездарма шляхецкія маёнткі звычайна добра ўмацоўваліся, бо бараніцца прыходзілася ня гэтак ад татараў, як часам ад уласных суседзяў. Гісторыя поўніцца расповедамі пра забойствы суперніка нават у касьцёле, пра гвалты й рабаўніцтвы. Улада рэдка мела магчымасьць абараніць ахвяру ці прыпыніць баявыя дзеяньні, бо на баку кожнага з праціўнікаў ваявалі часам сотні прыхільнікаў са сваякоў, дробнай залежнай шляхты ці аддзелы прыватнага войска. Калі ворагі былі багатыя і ўладныя, у грамадзянскіх (дамовых) войнах удзельнічалі тысячы жаўнераў, гэта былі ўжо войны «палітычныя», часам з удзелам замежных войскаў. Так, на пачатку XVІІІ стагодзьдзя ВКЛ было ахопленае вайной з родам Сапегаў, якія выступілі на баку швэдзкага караля Карла XІІ. Іхныя праціўнікі Радзівілы ды іншыя буйныя роды ўступілі ў хаўрус зь Пятром І. Гэткім чынам, крывавыя падзеі Паўночнай вайны шчыльна перапляліся са сваркамі паміж магнацкімі родамі.
— З чаго ж пачыналіся індывідуальныя сутычкі й як адбываліся? Ці існавалі пэўныя правілы паядынкаў і боек?
— Большасьць прыватных боек пачыналася за сталом. Прыхільнасьць шляхты да алькагольных напояў ды неўтаймаваная пыха былі прычынай шматлікіх сварак. За стол сядалі звычайна са зброяй. Слугі за плячыма ці ў двары таксама былі пры палашах альбо стрэльбах. Гэтак жа й на сойміках, куды шляхта зьяжджалася мала як не на вайну. У падагрэтай віном размове было дастаткова пары вострых слоўцаў. Звычайна, калі шляхта хапалася за шаблі, спрэчку разьвязвалі на двары, калі ня проста пры стале. Пачатак быў хуткі — хутка ўсё й заканчвалася. Вось што прыгадваў у сваіх успамінах Ян Ахоцкі:
Калі Казімер Жавускі, зарызыкаваў нейкі канцэпт, які не прыйшоўся да смаку Эўстахію Сангушку, той, наблізіўшыся ляканічна запытаў:
Читать дальше