— Пачнем з паядынкаў, эўрапейская традыцыя якіх зьвязаная з паняцьцем рыцарства. Ці бойка беларускай шляхты разьвівалася таксама ў рыцарскім кантэксьце?
— Рыцарства зь ягонымі гербамі й законамі разьвілася ў ВКЛ значна пазьней, чым у Заходняй Эўропе — з XV стагодзьдзя, і наша рыцарства ня мела такога досьведу, як, скажам, крыжовыя паходы, калі складаліся традыцыі й суровыя правілы рыцарскіх паводзінаў. Нашая традыцыя абароны гонару бліжэй да таго старажытнага часу, калі кожны вольны чалавек хадзіў зь мячом, сякерай ці кіем і бараніў гонар або жыцьцё гэтак, як лічыў патрэбным. Таксама важна, што ў славянаў і балтаў не было разьвітай традыцыі «Божага суду», як у германцаў ці франкаў. «Божы суд» — гэта іспыт вадой, агнём альбо зброяй. Паядынак — гэта не прыватная бойка, а менавіта «Божы суд», калі прайгралы лічыўся вінаватым і перад сьвецкім правам.
— Дык што, беларускія шляхцюкі проста біліся між сабой, як п’яныя мужыкі ў карчме?
— Часам бывала й так. Але галоўнае, што паядынак ніколі не лічыўся ў нашым рэгіёне справядлівым разьвязаньнем канфлікту. Таму ён не прымаўся ўладамі й доўгі час грамадзтвам. Лічылася злачынствам марна праліваць шляхецкую кроў, прызначаную для больш важнай справы — абароны Айчыны. У Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 году было выразна сфармулявана:
Іж той шкадлівы звычай учаўся быў межы падданымі нашымі, звлашча стану рыцарскага, каторыя за леда прычынаю, цярплівасьці прыстойнае ў асобе не захоўваючы і правам паспалітым не абыходзячыся, і ўвогуле ім яко бы пагарджаючы, свавольна й быстра адзін на другога торгнуўшыся, а затым на руку павабіўшы й абавязаўшыся словамі, якія пачцівасьці й добрае славы датычаць. Потым супольна б’ючыся й раны сабе задаючы, да ранаў шкадлівых і нянавісьці паміж сабою прыходзяць, а некаторыя зброі шкадлівай, яко бы супраціў пастароньнему непрыяцелю, ды да таго дзіўных паступкаў ужываючы, насьмерць адзін другога забіяюць і супольна сябе мардуюць ня йначай, яко бы ўлады й справядлівасьці над сабою ня мелі. Аднак жа то ў рэчы паспалітай жаднага памнажэньня й пажытку ня чыніць і ўвогуле, калі кроў людзкая часам і нявінная праліваецца, Пан Бог тым бывае абрушаны; такжэ й пакой паспаліты абражаны. А патаму мы гэтаму, яко шкадліваму звычаю ў панстве нашым Вялікам Княстве Літоўскім не хацелі дапусьціці большэй шырыціся...
Паядынкі дазваляліся ў выключных выпадках і менавіта вярхоўнаю ўладаю — самім вялікім князем. Толькі ў XVІІІ стагодзьдзі пад уплывам заходняй моды даволі шырока ўсталяваўся звычай паядынкаў «па правілах». Але й тады ў выпадках сьмерці ці калецтва яны сурова караліся законам.
— Тады паўстае пытаньне: ці ня ёсьць перабольшаньнем мэмуарыстаў славутая ваяўнічасьць шляхты? А мо гэта ўвогуле літаратурны міт?
— Ваяўнічасьць была — і немалая, але я прапанаваў бы падысьці да гэтага пытаньня зь іншага боку. Нездарма я спыніўся на «Божым судзе» й на праве — менавіта паняцьце права, на маю думку, ёсьць ключавым у гісторыі разьвязаньня канфліктаў у краінах былой Рэчы Паспалітай. Дзеля абароны сваіх правоў шляхта аб’ядноўвалася ў канфэдэрацыі. Гэта быў законны спосаб аб’яднаньня тых, хто лічыў, што правы ягоныя парушаюцца, скажам, каралеўскай уладай. У абароне сваіх правоў канфэдэрацыя магла зьвярнуцца й да зброі. Самай вядомай збройнай канфэдэрацыяй была Барская, якую ўтварылі ў 1768 годзе ў горадзе Бар ва Ўкраіне дзеля абароны незалежнасьці й традыцыяў ды супраць расейскага ўмяшаньня ў справы краіны. На тэрыторыі Беларусі канфэдэраты сустрэлі зброяй войска, скіраванае царыцай Кацярынай ІІ на дапамогу свайму стаўленіку каралю Станіславу Аўгусту. Расейскім войскам камандаваў малады яшчэ генэрал Сувораў. — Канфэдэрацыі былі абавязкова збройныя?
— Сход збройнай шляхты супраць каралеўскай і вялікакняскай улады ў XVІ стагодзьдзі пачалі называць «рокаш». Шляхта зацята адстойвала сваё права на рокаш — збройную абарону сваіх правоў і прывілеяў. Менавіта ў гэтым, як і ў праве на «Lіberum veto» (што значыла «Не дазваляю»), бачыла шляхта прынцыпы «залатой вольнасьці». Рокаш ня быў бунтам — гэта быў спосаб абароны сваіх правоў экстрэмальным чынам.
— Ці толькі шляхта змагалася за свае правы? А ніжэйшыя саслоўі?
— Большасьць выступаў сялянаў ці гараджанаў былі спробамі абараніць свае неад’емныя правы, бо ў нашай дзяржаве мелі свае правы нават прыгонныя (прынамсі, на паперы). Словы Аляксандра Пушкіна пра «русский бунт, бессмысленный и беспощадный» не пасуюць Беларусі. Віцебскія ці полацкія мяшчане й крычаўскія сяляне змагаліся супраць, як яны лічылі, парушэньня прадстаўнікамі ўлады іхных статутных правоў. Змагаліся часам бязьлітасна, але ўсьведамляючы мэту й сэнс змаганьня. Таму звычайна, хаця завадатараў і каралі сурова, але патрабаваньні паўстанцаў задавальняліся.
Читать дальше