— Рамесьніцкае азначэньне «кравец» паходзіць, як мяркуюць лінгвісты, праз народна-этымалягічнае вытлумачэньне ад балцкага «kryvіs», у славянска-моўнай рэдакцыі — «крывец». Дый архаічная тэхналёгія краеньня вопраткі — ці не адпавядае яна акту сымбалічнага ахвярапрынашэньня як падставы для стварэньня адзеньня паводле міту, рытуальнай мадэлі?
— Пацьверджаньне гэтай думкі знаходзім зноў-такі ў алтайскай шаманскай міталёгіі, дзе вярхоўны нябесны бог Ульгень кроіць (разумей — стварае) душы людзям — накшталт абутку ці вопраткі, што ў нашым выпадку сапраўды мог выконваць чалавек, набліжаны да багоў — жрэц. Здольнасьць краўца-крывіса ператварацца ў зьмея — ці ня сьведчаньне пра шаманскую тэхніку — левітацыю, здольнасьць перамяшчацца ў паветры? Пра гэта неверагодна шмат у шаманскіх міталёгіях — як індаэўрапейскіх, так і ўральска-алтайскіх.
— Такім чынам, элемэнты шаманства можна назіраць у тэхніках рамёстваў. Якія яшчэ традыцыйныя рамёствы ці іхныя тэхналёгіі можна зьвязаць з шаманствам?
— Большасьць архаічных тэхналёгіяў паўстала зь першапачатковых рытуальных дзеяньняў. Старажытныя жрацы Сусьвет выкоўвалі, ткалі, высякалі — як цесьляры, ляпілі — як ганчары. Гэтаксама, як багі. І напачатку, і пазьней захавалася стаўленьне да рамесьнікаў як да чарадзеяў, людзей, што маюць уласьцівасьць зносіцца з найвышэйшымі сіламі. Бортніцтва надзвычай багатае на элемэнты шаманскай ідэалёгіі. Гэта раскрываецца напоўніцу, калі параўнаеш беларускі шаманскі досьвед зь сібірскім і алтайскім досьведамі, дзе шаманства захавалася як цэласная сыстэма да нашых дзён. Архаічная форма бортніцтва — гэта борці, разьмешчаныя на дрэвах, ці раі, што жывуць у дуплах дрэваў. «Сьвятыя пчолкі», «біты ярыя» («біты»ў беларускіх песьнях ад балцкага "bіte" — «пчала»), што жывуць у дупле дрэва, — сымбаль вельмі глыбокай архаікі, карані якога ў пачатках індаэўрапейшчыны. І тут цікавая асоба бортніка. Рэч у тым, што лазаньне па дрэве ёсьць адной з найважнейшых магічна-апэрацыйных практык шамана. Шаманская тэхніка, запраўды, заключаецца ў пераходзе з адной касьмічнай сфэры ў другую: зь Зямлі на Неба або зь Зямлі ў Пекла. Дрэва ёсьць дарогай для ягоных падарожжаў.
— З тэмай Сусьветнага Дрэва, мёдам (апасродкавана — пчалярствам) зьвязаны й цэлы блёк германска-скандынаўскай міталёгіі. Гэта найперш міт пра бога Одына, гэткага бога-экстатыка.
— Сапраўды, асоба Одына й міт пра яго — Страшэннага Ўладара й Вялікага Мага — паказваюць нам некалькі істотных шаманскіх рысаў. Каб спасьцігнуць таемную мудрасьць рунаў, Одын сам сябе прыцяў кап’ём да крывога дрэва, правісеў там дзевяць дзён і начэй. Навукоўцы бачаць у гэтым абрад пасьвячэньня. А калі яшчэ згадаць, што Одын праславіўся й тым, што здабыў мёд паэзіі, то перад намі паўстае вобраз сапраўднага бога-пчаляра. Бортніцтва ў сувязі з сыстэмай пісьма яскрава адлюстраванае й на балцка-крыўскіх этнаграфічных і моўных фактах. Славянскае слова «борць» паходзіць ад дзеяслова са значэньнем "буравіць", "длубаць", а ў латыскай мове слова «burts» азначае знак або літару. Вядомыя «бортныя знакі» — ці не рэлікт нейкай тутэйшай граматы, накшталт германскіх рунаў — гэткія «чэрты й рэзы», адкрытыя ў прасьвятленьні тутэйшым бортнікам-шаманам падчас мэдытацыі пад пчаліны гуд, калі яны сядзелі на дубовым суку. Бортнікі ў народным уяўленьні мелі вельмі высокі статус. У песьнях яны займаюць побач з дударом найвышэйшае месца.
— Шаманізм зьвязваецца з экстатычнымі перажываньнямі, экстатычным станам чалавека. Вельмі часта экстазу чалавек дасягае праз музыку.
— Дудар у шаманстве моцна ўражвае, вось сапраўды — утрапёны скамарох, жрэц экстатычных абрадаў, творца рытуальнага экстазу! І ў дзеяньнях дудара шмат элемэнтаў шаманства. Гэта, безумоўна, вешаньне дуды на дрэве, тутэйшага шаманскага інструмэнту, зробленага з прынесенай у ахвяру казы («эх, павесіў ён дуду, на зялёным на дубу»). Гэта й матыў граньня дудара, які сядзіць на дрэве («сядзіць дзед на дубе й іграець на дудзе»), або замена яго арніталягічным увасабленьнем — жоравам («сядзіць жораўна дубе й іграець на трубе»). Ён можа быць заменены ўвогуле таямнічай асобай нейкага камара («сядзіць камар на дубе»), і ўжо гэты ж камар сядзіць на палку ў лазьні («камар лазьню тапіў»)... Потым усеяны пачынаюць валіцца ад наляцелай буры, ломіць сабе бакі, ногі... Далей яшчэ цікавей! Узьнікае тэмалазьні, «магічнага жару» — яшчэ аднаго таксама знакавага элемэнту шаманства. Рытуальныя лазьні выконвалі магічную ролю ў падрыхтоўцы будучых шаманаў — як месца экстатычных перажываньняў. Насамрэч лазьня — культавае месца: камяні, агонь, вада — элемэнты, зь якіх складаецца сьвет, і ўсе яны ў рытуальна-касмаганічным узаемадзеяньні!
Читать дальше