— Гэта чалавек зьнешні. А чалавек як адзінства душы й цела?
— Вядомая дыхатамія душы як божага, райскага пачатку й матэрыяльнага цела як пякельнага нізу. Але яна не распрацаваная. Выразным ёсьць толькі тое, што самае страшнае пекла — гэта, што ўнутры кожнага з нас, пекла, якім можа стаць наша сумленьне, душа й нават сэрца. Увогуле ж, ідэя раю й пекла — не чалавечае вынаходніцтва, яна не прагматычная, а анталягічная. Гэта — вынік разважаньняў пра жыцьцё як свабоду волі й свабоду выбару. У гэтым сэнсе рай і пекла — толькі адлюстраваньне дабра й зла, між полюсаў якіх месьціцца ўсё наша жыцьцё.
ТОЙ СЬВЕТ І ЯГОНЫЯ АГЕНТЫ
Размова з Тацянай Валодзінай
Той сьвет… Сёньня нам за гэтымі словамі бачыцца магільны жвір, чуецца подых жалобы й сьмерці. Станоўчыя эмоцыі зьнікаюць. Іншыя скептычна ўсьміхнуцца, маўляў, той сьвет — казкі ды забабоны старых бабуляў. Між тым, для гэтых бабуляў, і яшчэ далей — для нашых продкаў, той сьвет — такая ж рэальнасьць, як і сьвет гэты, наш, асвоены й абжыты. І што істотна, ад духоўнага кантакту з насельнікамі й прадстаўнікамі таго сьвету наўпрост залежалі посьпех і лёс кожнага зь зямлянаў.
— У якой жа ступені традыцыйная культура арыентаваная на тагасьветную пэрспэктыву?
— У традыцыйнай культуры кожны абрад і кожны рытуал прадугледжвае дачыненьні з тым сьветам і абавязковае санкцыянаванае пераступаньне мяжы, той мяжы, што падзяляе жывых і нежывых. А мяжа гэтая парушалася з кожным актам сьмерці й з кожнай падзеяй народзінаў.
— Як вынікае з кантэксту традыцыі, той сьвет — ня толькі прадоньне з закапанымі там продкамі. Дык тады дзе ён — ці далёка, ці высока?
— Нябожчыкаў хаваем у зямлі, там жа ў норах жывуць Зьмей і розныя іншыя пачвары, значыць, той сьвет там, унізе. У казках дзед па бобінцы лезе на неба й страчаецца там з Богам, у самым раі, у выраі. А Іван, ягоны ўнук, забіўшы Кашчэя пад зямлёю, вяртаецца адтуль… на птушцы. Але ж птушкі ляцяць у рай-вырай, а не пад зямлю. Пра зьмеяў кажуць — пайшлі ў вырай, але ведама куды, пад карэньне. А сьцьвярджаюць гэтыя настолькі звыклыя вераваньні, што ў сьвядомасьці беларусаў той сьвет наўкола: і ўнізе, і зьверху, і сьпераду, і асабліва ззаду, і ў балоце, і ў лесе, і нават у хаце.
— У хаце? Але ж жытло — найпершая крэпасьць, у якой чалавек павінен быў бы ад таго сьвету адмежавацца. Дый абразы ж у куце… Пра які той сьвет можна гаварыць?
— У тапаграфіі хаты засталіся месцы, прыналежныя ня толькі й ня столькі чалавеку. Гэта — падпечак, адкуль сочыць за падзеямі хатні дух, гарышча, парог. Магчыма, такія ўяўленьні маюць грунтам архаічную практыку пахаваньняў пад парогам. Яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі дзіцячае месца (ці пасьлед) закопвалі менавіта пад печчу. Дый дамавік у асобных месцах такі называўся — пячурнік.
Устае пячурнік рана й палохае пеўня, штурхануўшы яго. Певень зь перапуду лопае крыламі й крычыць, чым і падымае сямейнікаў на працу. Калі ж тыя ставяцца да пячурніка без належнае павагі — ён ці то ад суму, ці ад крыўды, ці мо з помсты некалькі начэй запар будзе выць і крычаць у коміне…
— Калі нават у хаце ёсьць аднесеныя да таго сьвету месцы, дык што тады казаць пра навакольле? Ці не азначае гэта, што «агентура» таго сьвету пралезла ва ўсе куточкі традыцыйнае прасторы?
— Амаль што. Прастора ўяўлялася архаічнаму чалавеку ў выглядзе канцэнтрычных колаў, што, як кругі ў мішэні, разыходзіліся ва ўсе бакі ад сакральнага цэнтру. Якраз хата, у ёй печ, пазьней кут — гэта й ёсьць тая самая шанаваная кропка, дзясятка, ад якой чым далей, тым бліжэй да пекла.
— Але ж Вы толькі што казалі, што печ — таксама рэзыдэнцыя таго сьвету ў хаце. Ці няма тут якой супярэчнасьці?
— Не. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае дзьве найважнейшыя рысы архаічнага мэнталітэту. Па-першае, мікракосм хаты паўтарае макракосм Сусьвету, і печ — той сакральны цэнтар, шанаваны хатні камінак — робіцца аналягам пекла. Як у павер’і: «Затушыўшы печ, ліні туды троху вады, тады, як трапіш у пекла, там табе вады не пашкадуюць». А па-другое, тут нагляднае, зусім адрознае ад нашага, стаўленьне да іншасьвету. Мы яго толькі баімся, а продкі верылі, што ўсё іхнае жыцьцё адбываецца пад пільным наглядам і продкаў-дзядоў, і духаў, і дэманаў, якія, адпаведна, ці апякуюцца, ці караюць. І таму страх непарыўна суседнічаў з павагаю, імкненьнем да добрасуседзтва, і нават з шанаваньнем. Менавіта гэта й стала падмуркам выключнага ў сваёй значнасьці ў Беларусі культу дзядоў-продкаў.
Читать дальше