Размова з Тацянай Валодзінай
З чаго складаецца чалавек? Традыцыйны адказ: зь цела й душы. А голас? Сьлед? Цень, нарэшце? Што гэта? Частка чалавека альбо нейкі вонкавы ягоны адбітак? Здаецца, з існаваньнем душы нават былыя матэрыялісты-атэісты амаль пагадзіліся. Вось жа душа — нябачная, а цень — заўсёды побач і разам з намі перамяшчаецца. Ці ня ёсьць у такім выпадку цень чалавечым органам, як і нага, сэрца, вочы? Ня мы першыя ставім гэтыя пытаньні. Філёзафы й мысьляры разважалі над дзіўным, здавалася б, пытаньнем: чым ёсьць цень? Так, Карл Юнг пісаў, што за кожным з нас рухаецца якісьці цень, і чым менш у яго правоў увасобіцца ў жыцьці рэальным, тым становіцца ён больш чорным і густым. Філёзаф лічыў, што цень — жывая частка асо бы, што мусіць ён абавязкова быць — прычым, у любой форме. А псыхааналітык Зыгмунд Фройд выказаў гіпотэзу, што сфэра «Я» адносіцца да ценю як сьвятло да цемры, ды менавіта цень робіць нас людзьмі.
— Дык які ж культуралягічны статус мае цень?
— У першабытных народаў скрозь па сьвеце цень разумеўся як таямнічы двайнік чалавека, пераважна — адбітак ягонай душы. У асобных мовах адлюстраваньне, душа й цень нават абазначаюцца адным і тым жа словам. Сылюэтападобныя выявы людзей у наскальным жывапісе пасьляледніковага пэрыяду, часам моцна выцягнутыя ў даўжыню, вучонымі расшыфроўваюцца як вобразная перадача ценю. Адлюстроўваць чалавека забаранялася. Першабытны чалавек клапаціўся пра свой цень, і любы замах на цень разглядаўся як злы выпад супраць яго самаго. Фальклёр большасьці краінаў дае мноства сьведчаньняў гэтаму. Да прыкладу, у асобных месцах забойствы часам адбываюцца праз усаджваньне ў чыйсьці цень нажа альбо цьвіка. Злачынцу, якога зловяць, адразу ж каралі. А беларусы клялі й клянуць: «Каб ты так свайго ценю ня бачыў!», што раўнуецца да насланьня самага горшага. Ды бачаць у ценю свайго суразмоўцу, як дурань у казках, які павыкідаў спадарожніку-ценю ўсе такія смачныя клёцкі.
— Вось і Вы даказваеце, што цень ёсьць склад нікам чалавечае структуры. Але той жа Юнг адназначна заявіў: «Цень — усё тое, чым чалавек ня хоча быць». Відавочна, у гэтую фармулёўку філёзаф укладваў такія значэньні ценю, як увасаблень не ім нэгатыўных бакоў асобы, суму тых непры емных якасьцяў, якія чалавек ня супраць быў бы схаваць. Цень як другое, адмоўнае «Я». Наколькі лягічныя такія разважаньні ў кантэксьце фальклёрных сыстэмаў?
— Імкненьне чалавека ўвасобіць у ценю непаўнавартасныя й прымітыўныя бакі сваёй натуры замацоўваецца ўжо на роўні этыялягічных легендаў славянаў. У адной з баўгарскіх легендаў апавядаецца пра тое, як Бог, стварыўшы Неба і Зямлю, убачыў у вадзе свой цень і сказаў: «Устань!». І тым выклікаў да жыцьця д’ябла. Праўда, напачатку зь ім ён быў у добрых стасунках, але ж д’ябальская натура ўзяла сваё. Як працяг касмаганічнай лініі разглядаецца польскае паданьне пра тое, што Ева зьяўляецца якраз зь ценю Адама. Як бачым, у ценю — як бы другаснае, як бы адбітак у крывым люстры: і я — і ня я. Але адсылкі да дэманалягічных уяўленьняў відавочныя.
— А сам дэман? Ён таксама мае цень? Ці й цень ягоны «не такі»?
— Цень наагул выступае як адна з гіпастасяў міталягічнага пэрсанажа, прычым, для некаторых зь іх характэрная адсутнасьць ценю, у іншых іх адразу два, ці нават больш. Асабліва паказальным ёсьць вытлумачэньне асобных рытуалаў, што тычацца ведзьмаў, Мікалаем Нікіфароўскім:
Ведзьма не адчувае болю, калі яе б’юць па целе, але яна адчувае боль у сто разоў мацнейшы, калі б’юць па яе ценю: гэты цень «прыхвасьцень» ведзьмы — адзін з чарцей, які й перадае ведзьме ўдары. Асаб ліва страшнымі бываюць удары па ценю асьвеча нымі прадметамі: яны могуць нават загубіць ведзьму.
Як бачым, цень наўпрост раўнуецца да чорта — падкрэсьліваецца магчымасьць гэты самы цень чорту прадаць.
— Продаж свайго ценю чорту — матыў, даволі папулярны ва ўсясьветнай традыцыі. Цень пра давалі, як і душу. Цень станавіўся прадметам гандлю й маніпуляцыяў. Калі ж цень «прадаецца», значыць, ён аддзяляецца ад цела? Ці ўсё ж гэта орган?
— У адрозьненьне ад той жа душы як сымбалічнага двайніка чалавека, цень матэрыяльны ў тым сэнсе, што яго можна бачыць. Акрамя таго, цень уяўляецца як існасьць, якая мае і ўласную прыроду. Таму ў сыстэме магічных правілаў агаворваецца трапляньне чалавека ў поле чыйго б ні было ценю, бо гэта прыводзіць да ўлады над ім. У фразэалёгіі «цень навадзіць» на кагосьці азначае «абгаворваць яго, абвінавачваць». Верылі нават у тое, што вельмі небясьпечна трапіць у поле якога-небудзь шкоднага ценю, праз гэта можна захварэць і нават памерці. Што да пытаньня, ці ёсьць цень цялесным органам?.. Адназначна так кваліфікаваць яго нельга з дапамогаю мэдычнай тэрміналёгіі. Мы кажам: сэрца баліць, жывот, нага, і нават душа баліць, а цень не, не баліць.
Читать дальше