— Як ставіліся людзі да калдуноў?
— Людзі ставіліся да калдуноў вельмі па-беларуску: калі што забаліць, здохне жывёла ці скрадуць жывёлу, калі трэба палячыцца, дык ішлі да знахара. Ну, а калі не атрымлівалася, чары не спрацоўвалі, дык маглі знахара й пабіць. Але ўвогуле, стаўленьне да іх было вельмі паважнае. Зноў жа, як казала адна жанчына, раней да калдуноў ставіліся з павагай, як да людзей сьвятых, на іх маліліся. Яны ў сьвядомасьці беларусаў мелі статус ня меншы, чым бацюшка або ксёндз. Праўда, іхныя ролі былі розныя. Як сьвята — ішлі ў царкву, а як штосьці забаліць, здарыцца якая бяда, дык ішлі да знахара.
— Чаму менавіта ў Беларусі й чаму менавіта ў Менску даўжэй, калі параўнаць зь іншымі эўрапейскімі народамі, захоўвалася паганская традыцыя веры ў калдуноў, вешчуноў?
— Чаму ў Менску, я ня ведаю. Гэтае пытаньне, напэўна, застанецца на вякі. А чаму ў Беларусі, дык ёсьць некалькі меркаваньняў. Па-першае, відаць, паўплывала рэлігійная талерантнасьць, якая замацавалася яшчэ ад часу Вялікага Княства Літоўскага. А зь іншага боку — відавочна, што гэта зьвязана з прыроднымі ўмовамі Беларусі, бо гэта пераважна лясны й балоцісты край. Людзі са шматлікіх вёсак выходзілі «ў сьвет», як кажуць, два разы за жыцьцё, бо бліжэйшая царква ці касьцёл знаходзіліся за пяцьдзясят вёрстаў. Прырода спрыяла захаваньню традыцыйных уяўленьняў. Традыцыйная культура, традыцыйная мадэль сьвету беларусаў вырастае з гэтай прыроды, адухаўляе яе й надае свой стыль, можна сказаць, пэўны кшталт апісаньня і ўваходжаньня ў гэты краявід, гэты ляндшафт.
Размова з Алесем Анціпенкам
У плыні бульварнай літаратуры, якой запоўнены беларускі рынак, шмат перадрукаў сумнеўных соньнікаў. Яны прынесеныя з усяго сьвету. Але ёсьць адна кніга іншага кшталту — «Беларускі народны соньнік», складзены вядомым беларускім фальклярыстам Уладзімерам Васілевічам. У кнізе сабраныя матэрыялы, што запісаныя фальклярыстамі непасрэдна з вуснаў народу. А гэта азначае, што тлумачэньні сноў як бы зьяўляюцца часткай народнай творчасьці. І як пісаў яшчэ ў пазамінулым стагодзьдзі Мікалай Нікіфароўскі, на народных тлумачэньнях сноў не адбіліся соньнікі маскоўскага рынку. Натуральна, толькі наіўны, даверлівы чалавек будзе зьвяраць убачанае ў сьне з растлумачаным у кнізе, перажываючы й чакаючы, калі абяцанае ў ёй нарэшце спраўдзіцца. Сур’ёзны чытач знойдзе багаты сьвет народных асацыятыўных уяўленьняў. Спробы народных разгадак сноў, напэўна ж, даюць разуменьне, у якіх кірунках ішла чалавечая думка, як у снах адбіліся псыхалёгія нацыі й ейны досьвед.
— Як можа прачытаць «Беларускі народны соньнік» з пазыцыяў сучаснага чалавека навуковец?
— Падобныя зборнікі, натуральна, ёсьць у кожнага народу, і гэта сьведчыць толькі пра тое, што сон — вельмі істотная й, я сказаў бы, адна з самых загадкавых зьяваў чалавечае псыхікі. Безумоўна, сон выклікаў цікавасьць і ў нашых продкаў. А наколькі ён сапраўды ёсьць важнай часткай нашага псыхічнага жыцьця, сьведчаць элемэнтарныя разьлікі, якія зрабілі сучасныя псыхолягі. Прыкладна трэцюю частку свайго жыцьця чалавек праводзіць у стане сну, гэта прыблізна дваццаць пяць гадоў жыцьця. Каля шасьці гадоў мы бачым сны. Невыпадкова, што гэта мусіла абавязкова знайсьці адлюстраваньне ў той схеме сьветабачаньня, якую будаваў чалавек.
— Сон — таямніца. Дык якім чынам таямніцу можна суаднесьці са сьветабачаньнем асобы, а тым болей цэлага этнасу, канкрэтна — этнасу беларускага?
— Сны — гэта ўнівэрсальная зьява, своеасаблівая філязофія сьвету, дзе ёсьць дзьве часткі: псыхічны сьвет і сьвет фізычны, у якім жыве чалавек. Што тычыцца менавіта кнігі Васілевіча, дык тут мы прачытваем сьветапоглядныя рэчы, характэрныя для нашага народу. Найперш — вельмі старажытны пласт сьветаўспрыманьня, які зьвязаны з дахрысьціянскім пэрыядам. Можна заўважыць цікавыя паралелі. Літаральна на пачатку гэтай кнігі ёсьць інструкцыі, рэкамэндацыі, як бачыць праўдзівыя сны. Такую ж структуру, структуру падрыхтоўкі да мэдытацыі, маюць усходнія рэлігійныя сыстэмы. І ў дадзеным выпадку я маю на ўвазе ёгу. У соньніку сказана, напрыклад, ня есьці перад сном мяса, капусты, гароху, бобу й наагул цяжкой стравы. Ёгі — вэгетарыянцы, і такім чынам чалавек рыхтуецца да мэдытацыі, якая ёсьць спосабам убачыць пэўныя праўдзівыя рэчы, што нябачныя нашым фізычным зрокам. Ці, скажам, ня піць гарэлкі, кавы й гарбаты. Усе напоі, якія ўзбуджаюць чалавека, у ёзе забараняюцца. Альбо перад сном праветрыць хату — гэта трывіяльная рэч, але яна ўваходзіць у вельмі складаную сыстэму ёгі. Ці ні з кім не сварыцца, не спрачацца. Гэта тое, што называецца ёгаўскай этыкай, якая таксама рыхтуе чалавека да глыбокага трансу, да праўдзівай мэдытацыі. Для нашых продкаў было абсалютна зразумелай рэччу, што існуюць два сьветы, таму ў іх нават не ўзьнікала сумневу ў рэальнасьці таго сьвету, куды чалавек трапляў праз сны. Сны, у дадзеным выпадку, былі проста спосабам уваходу ў гэты другі, днём нябачны сьвет — сьвет сьненьняў. Прачытаем асобныя тлумачэньні сноў зь «Беларускага народнага соньніка»:
Читать дальше