ГАДАВОЕ КОЛА Й БЕЛАРУСКІ ЛЁС
Размова зь Пятром Васючэнкам
Больш за сем тысяч гадоў таму, як сьведчыць Біблія, Гасподзь, Творца існага, даў ход галяктыкам, зоркам і плянэтам. Ад тае пары мільярды касьмічных гадзіньнікаў пачалі адлічваць кожны свой час. І самым зразумелым для насельнікаў Зямлі сталася сонечнае гадавое кола. Менавіта яно вымярала чалавечае жыцьцё й гісторыю чалавецтва. Міталёгія, рэлігія, навука, культура — кожнае па-свойму — трактавалі хаду часу й падлічвалі век Сусьвету й чалавецтва. Але гадавое кола, зь ягонай зададзенасьцю й непазьбежнасьцю, прызнавалася ўсімі. Яно было сапраўды тым адзіным рытмам, які зьвязваў рытм чалавечага жыцьця з рытмам Сусьвету, з рытмам космасу. Беларусы ў вылічэньні часу не былі выключэньнем з правілаў.
— Але ці не былі нашы продкі цалкам замкнёныяў гэтым коле? Можа, нават адчувалі сябе палоньнікамі гэтага кола?
— Сапраўды, усё жыцьцё нашых продкаў было зьвязанае зь пераменамі, якія адбываюцца на працягу году. Лета зьмяняе вясну, восень зьмяняе лета, і трэба сказаць, што продкі нашы не адчувалі сябе ахвярамі, хоць і былі палоньнікамі гадавога кола. Я мяркую, што яны адчувалі сябе шчасьлівымі ў гэтым коле, бо ведалі, што будзе восень — будзе ўраджай, будзе вясна — настане час сяўбы. Гадавое кола зьмяшчала й іхныя веру, дабрабыт, зямную працу, каханьне, сьвяты. Хутчэй, наш продак дбаў пра тое, каб гэтае кола працягнула сваю хаду. І таму ён прыносіў ахвяры, каб не памерла сонца. Быў і дзень ушанаваньня стралы — абрад, прысьвечаны таму, каб доўжылася гадавое кола, каб быў ураджай, каб пладзіліся статкі й каб працягваўся чалавечы род.
— Калі казаць пра архаічных беларусаў, дык, напэўна, можна зазначыць, што кола было й іхным шчасьлівым фатумам. А што зьмянілася тут са зьменай веры?
— Хрысьціянства шмат што памяняла ў побыце беларуса, але яно захавала гадавое кола. Сьвяты памянялі свой рытуал, але самі яны засталіся. Хіба што Ярыла ператварыўся ў Юр’я, Купальле — у сьвята ў ноч сьвятога Яна, а Куцьця — у Раство Хрыстова. Але паэзія гадавога кола, ягоная рытміка захаваліся. Невыпадкова адзін зь першых хрысьціянаў у Беларусі Кірыла Тураўскі паэтызаваў надыход вясны, зьвязваючы Вялікдзень ня толькі з Уваскрэсеньнем Хрыстовым.
— Тут відавочныя агульныя праславянскія ўяўленьні. Але ў Сярэднявеччы, у эпоху Рэнэсансу беларускія хлопцы пачынаюць ужо вандраваць па Эўропе, вучыцца ў найлепшых эўрапейскіх унівэрсытэтах, дзе знаёміліся й з ідэямі пратэстанцтва. Прагрэсіўнае мысьленьне адукаваных беларусаў ці адбілася на разуменьні сонечнага гадавога кола?
— Беларус за часам Сярэднявечча, Рэнэсансу апынуўся ў іншым сьвеце, населеным іншымі рытмамі, а часам і арытміямі. І ў гэтым сьвеце вобраз гадавога кола, ягоны сымбаль, на нейкі час як бы адышоў на другі плян. Вельмі сымптаматычна, што нашы летапісы ў гэты час перасталі быць, уласна кажучы, гадавымі запісамі, яны сталі хронікамі й апісвалі падзеі, якія выйшлі за межы гадавога кола. Але ў генэтычнай памяці беларусаў вобраз, сымбаль гадавога кола ўсё ж застаўся — і зноў вярнуўся да свайго культурнага гістарычнага жыцьця, мяркую, у ХІХ стагодзьдзі, дый застаецца і ў нашым часе таксама.
— Чаму менавіта ў ХІХ стагодзьдзі выяўляецца новая гістарычная актуальнасьць гадавога кола?
— Пачатак ХІХ стагодзьдзя — гэта пачатак вялікіх ілюзіяў. Чалавецтва ўваходзіла ў стадыю цывілізацыі. А беларускія культурныя дзеячы — у час, калі культура стваралася ў шляхецкіх сядзібах, была замкнёная ў іх. Чалавек — творца гэтай культуры — у існасьці зноў уваходзіў у стасункі зь біярытмамі, судакранаўся з гэтымі рытмамі, якімі жыве супольна прырода, чалавек і Сусьвет. І такім чынам у асяродзьдзі гэтай шляхецкай культуры ўзьніклі творы, што адлюстроўваюць сядзібнае сьветаўспрыманьне. Кампазыцыйны пачатак гэтых твораў — усё тое ж гадавое кола. Прыгадайма твор Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...», дзе распавядаецца пра калядны цыкль. І раман Элізы Ажэшкі «Над Нёманам», і «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, і цыкль вершаў вясковага лірніка Ўладзіслава Сыракомлі зноў падпарадкаваныя гэтым рытмам. Тады ж беларусы адчулі й хаду гісторыі, менавіта ў гэты час яны змаглі азірнуцца на мінулыя эпохі й супаставіць зь імі эпоху рэвалюцыяў ды іншых сацыяльных зрухаў. Якраз тады гісторыя пачала ўсьведамляцца як цыкль, правобразам якога зьяўляецца гадавое кола. У такой мадэлі адно з дамінантных месцаў належала вобразу вясны. Вось жа і Ўладзіслаў Сыракомля выкарыстоўваў яго ў зьвязку з падзеямі 1848 году. Тады ў Эўропе пачыналася гэтак званая «вясна народаў». Хваля рэвалюцыяў і паўстаньняў пракацілася па найбуйнейшых эўрапейскіх сталіцах. І Ўладзіслаў Сыракомля адгукнуўся вершам «Добрыя весьці», дзе апэлюе да рэвалюцыйных падзеяў і чакае, пакуль вясна дакоціцца да Беларусі. Пройдзе яшчэ трынаццаць гадоў, і ў 1861 годзе Сыракомля напіша іншы верш — «Ужо птушкі пяюць усюды», дзе будзе наракаць на тое, што вясна не надыходзіць так хутка, як яму хацелася.
Читать дальше