— Тут сьмех хіхітуна злосны, зларадны. Дэманы ня ўмеюць сьмяяцца так, як сьмяецца шчасьлівы чалавек. Але ж сёньня ніхто не сумняваецца, што хвіліна сьмеху працягвае жыцьцё на гадзіну…
— І ў народных уяўленьнях сьмех надзяляўся адгоннымі функцыямі й самай яркай жыцьцесьцьвярджальнай патэнцыяй. Чалавек сьмяяўся, і наўкола станавілася чыста — без чарцей і зламысьнікаў, стымуляваліся прыродныя рытмы, маладзела душа. Як указцы: расьсьмяшыў Ванька царэўну Несьмяяну — чакай вясельля.
Размова з Тодарам Кашкурэвічам
Шаманства ёсьць адной з архаічных тэхнік экстазу й адначасна містыкай, магіяй і рэлігіяй у шырокім разуменьні гэтага слова, з уласьцівымі ёй касмалёгіяй і магічнымі тэхнікамі. Элемэнты шаманства знаходзяцца, бадай, ва ўсіх рэлігійных сыстэмах сьвету. Мы ведаем пра шаманства ў Сібіры, Скандынавіі.
— Але ці было ўласьцівае шаманства архаічным беларусам? Якія элемэнты вызначаюць рэлігійную сыстэму як шаманскую?
— Адным з цэнтральных элемэнтаў шаманскай касмалёгіі зьяўляецца трохчасткавы падзел Сусьвету ў ягонай вэртыкальнай праекцыі, сымбалем і ўвасабленьнем якога зьяўляецца Сусьветнае Дрэва. Сусьветнае Дрэва мае прынцыповае значэньне для шамана. Яно стаіць у Цэнтры Сьвету, ягоныя галіны дасягаюць Неба, ягоныя карані сягаюць Апраметнай. Дрэва — шлях для шамана. Узьбіраючыся на яго, шаман мае магчымасьць трапіць ва ўсе часткі Сусьвету: у сьвет багоў, у сьвет продкаў. Зь ягонай драўніны шаман робіць сабе бубен. Што да спэцыфічнай шаманскай тэхнікі, то яна выяўляецца ў здольнасьці ўзносіцца на Неба, сыходзіць у Апраметную, выклікаць і ўвасабляць духаў дзеля ажыцьцяўленьня экстатычнага вандраваньня. Гэта й здольнасьць уладарыць надагнём.
— Хто ж мог быць шаманам?
— Шаманы былі «абраныя», і яны былі далучаныя да сфэры сакральнага, недасяжныя для астатніх сяброў грамады. Шаман — паэт, сьпявак, музыка, прарок, жрэц і лекар, ён — захавальнік рэлігійных і народных традыцыяў, паданьняў. Ну, акурат як апісвалі менскія жанчыны сьвятара Савасьцея зь менскага капішча: і швец, і жнец, і ў дуду ігрэц.
— Традыцыйна шаманства зьвязваюць са жрэцкімі практыкамі. Але жрэцкі кодэкс пасьля прыняцьця хрысьціянства стаўся практычна белай плямай.
— Пра жрэцкі стан у беларускай архаічнай традыцыі захавалася надзвычай мала паведамленьняў. А пра характар жрэцкіх практык невядома нічога. Перш чым казаць пра шаманства ў беларусаў, колькі словаў пра сакральны статус іхнай зямлі. «Крывія» — як цэнтар Сусьвету, месца, адкуль бяруць вытокі найбуйнейшыя ўсходнеэўрапейскія рэкі — Волга, Дняпро, Дзьвіна. Гэта — месца, дзе рэканструктыўна знаходзілася Гіпэрбарэя, гара Мэру, Хара Бэрэзайці, краіна, дзе знаходзіліся ўваход на Неба і ў Падзямельле, краіна жрацоў-крывісаў. Сярод народных паданьняў з пракаветных часоў ёсьць і такія, што расказваюць пра старажытных насельнікаў нашай зямлі — асілкаў, або волатаў. Пра гэта ж знойдзем і ў міталёгіях іншых індаэўрапейскіх народаў. Характэрнай рысай пракаветных волатаў была такая фізіялягічная ўласьцівасьць, як лішняя «чортава» костка — рабро ці грудзіна, як суцэльны панцыр. Відаць, тая костка была адной з прычынаў неверагоднай моцы волатаў. Пазьней этнолягі зафіксавалі карагод, у часе якога ўдзельнікі моцна круціліся, узяўшыся за рукі, і сьпявалі: «Чортава костка, хто адарвецца, гора набярэцца…».
— Чаму менавіта костка ва ўяўленьнях архаічнага чалавека набывала магічны сэнс?
— Паводле некаторых лінгвістаў, нашы продкі размаўлялі на дыялектах балцкай моўнай групы, дый дагэтуль некаторыя беларускія дыялекты маюць рысы заходнебалцкага характару. У старажытнапрускай мове, роднаснай мове нашых продкаў, слова, што азначае рабро, гучыць як «greіwakaulіn», што значыць «крывая костка». Але нашы міталягічныя факты дазваляюць разумець гэтае слова й як «костка (жраца) Крыве», адпаведна — костка першанасельнікаў нашае зямлі, волатаў, жрацоў-крывічоў. Тое, што старажытныя тутэйшыя жрацы валодалі нейкай своеасаблівай косткай, крывой косткай як нейкім атрыбутам, цікава ў зьвязку з алтайскай шаманскай традыцыяй. Там адным з галоўных атрыбутаў шамана ёсьць костка, рабро або грудзіна птушкі — гэтыя прадметы давалі шаману здольнасьць да палётаў у розныя сьветы.
— Ці захаваліся ў беларусаў легенды пра людзей зь нечалавечымі здольнасьцямі — прыкладам, пра такіх, што могуць лятаць?
— Існуе легенда пра Зьмея-краўца з навакольляў Лукомскага возера — так бы мовіць, з крыўскага Лукамор’я, які жыў у камені, шыў вопратку людзям, што служыла сто гадоў. Калі ўладальнік той вопраткі рэгулярна хадзіў на ігрышчы, то вопратка была практычна нязносная, але калі ўладальнік ейны заходзіў у царкву, то яна развальвалася на кавалкі. Кравец меў здольнасьць ператварацца ў зьмея й лётаў праз Лукомскае возера ў вобразе вясёлкі да сваёй каханкі. Ну, а так хадзіў у міры як чалавек, схаваўшы крылы пад пінжак. Паўстае вобраз самотніка-ведзьмака, які, калі ў гарадах ужо панавала хрысьціянства, вымушаны быў хавацца й жыць у лесе, займацца няхітрым рамяством — кравецтвам.
Читать дальше