— Белая магія — гэта чараўніцтва з дапамогай боскіх сілаў, так?
— Ня толькі. З дапамогай усіх сьветлых сілаў. Тут і зварот да зары, да вады, да сонца, да месяца. Скажам, у дарогу выпраўляе маці сына, на душы трывога, і тады трэба сказаць: «Мяне маці радзіла, сонейкам абгарадзіла, месяцам падперазала, у дарогу адпраўляла. Раньні бег — не дабег. Позьні бег — не дабег. А мне ад Бога шчасьлівая дарога!». Ёсьць звароты й да Бога, і да прыродных сілаў — да сьвяціла, да зары. Так, па дапамогу зьвярталіся да зары: «Зара-зараніца, божая памачніца, заўсёды й вадзіца царыца».
— Ці патрэбная нам сёньня магія, ці будзе яна запатрабаваная наступнымі пакаленьнямі, якім жыць ужо, напэўна, ня толькі ў кампутарызаваным сьвеце, а ў яшчэ больш тэхнагенным?
— Ніхто ня ведае, якім будзе ў далечы чалавек. Але ўсе ягоныя досьведы жывучыя, і зь бегам часу яны так ці іначай выкарыстоўваюцца. Хай сабе толькі для таго, каб проста ўквеціць жыцьцё. Ня веру асабліва, што замова страціць сваю функцыю й стане проста паэзіяй. Хаця тут ёсьць, безумоўна, і паэтычныя знаходкі, але ўсё ж замова трымаецца на пэўнай функцыі, на практычнай патрэбе. І перш за ўсё на патрэбе душы, бо душа хоча цуду, і цуд гэты дае магія.
Размова з Тацянай Валодзінай
Чалавек жыве ў сьвеце гукаў — гукаў прыроды, сьпеваў, гулу машынаў. Дый сам чалавек актыўна стварае самыя розныя гукі й, галоўнае, мае голас. Камунікацыю й жыцьцё наагул бяз гукаў цяжка сабе і ўявіць. Абсалютная цішыня існуе, бадай, толькі на тым сьвеце. А народная традыцыя гукавыя паводзіны прыпісвае іррэальным пэрсанажам, прыкладам, таму ж дамавіку.
— Дык якія сэнсы маюць гукі ў культурнай традыцыі? Які ён, гукавы «каталёг» народных звычаяў і абрадаў беларусаў?
— Гук, як і іншыя зьявы навакольнага сьвету, у традыцыйнай культуры можа набываць значэньне, станавіцца знакам, мець культурную функцыю і ўлучацца ў культурны тэкст. Апазыцыя «гук — цішыня» йейны адпаведнік у сьвеце чалавечых гукаў «голас — маўчаньне» ёсьць адной з асноўных катэгорыяў сымбалічнай мовы культуры. На глыбінным роўні ёй адпавядае кардынальнае для ўсёй культуры супрацьпастаўленьне зямнога сьвету людзей, што гучыць і гаворыць, замагільнаму сьвету мёртвых, дзе пануе цішыня й бязгучнасьць.
— Самы блізкі нам гук — гэта наш голас. Якое месца голас займае ў духоўнай культуры?
— Голас чалавека займае асаблівае месца ў шэрагу гукаў. Як прыродная функцыя чалавека, ён служыць прыкметаю «гэтага», зямнога сьвету ў супрацьлегласьць замагільлю. Нездарма дэманаў выганяюць туды, дзе «сякеры не сякуць, слова не чуваць і куды пеўнеў голас не даходзіць». Разам з тым голас набывае розныя магічныя функцыі — абароны, адгону, прадукаваньня й нават лекаваньня. Голасам можна адвесьці ад чалавека хваробу й перадаць яе іншаму:
Верылі, ліхаманку можна нават адсьпяваць. Тады хворы на ўсходзе сонца, каб ніхто ня бачыў, лез на плот, як певень, ды ўголас крычаў: «Кукарэку, я сьпяваю, хто тое чуе, няхай мае».
Варта адзначыць і тое, што голас у рытуальнай практыцы так ці інакш маркаваны. Замову, напрыклад, шэпчуць, мяняюць рытм, інтанацыю й нават тон; пры абыходзе палёў гаварыць стараліся як мага гучней, нават крычаць, каб добра зарадзіла збожжа.
— Адгонная функцыя голасу зразумелая, мы й сёньня крычым, каб напалохаць ці адагнаць непажаданага спадарожніка. Але як з дапамогаю голасу небясьпеку папярэдзіць?
— У міталягічным сьветаглядзе голас і гук ствараюць своеасаблівую агароджу. Але адрозна ад агароджы, прыкладам, збудаванай ці ўзаранай, якая праходзіць толькі па пэрымэтры, чалавечы голас запаўняе ўсю прастору цалкам і датуль, пакуль ён будзе чутны. На Палесьсі існавала нават мера адлегласьці, і за адзінку вымярэньня бралася магутнасьць гукаў, у дадзеным выпадку — хатніх жывёлаў. Верылі, што нечысьць не падыдзе «на валоў рык».
— Дзе чуваць голас — там жыцьцё. А дзе голасуняма?..
— Там сфэра сьмерці й дэманаў. Аднясеньне маўчаньня й цішыні да замагільля рэглямэнтуе й паводзіны чалавека. У час пахаваньня й памінак удзельнікі стараюцца гаварыць шэптам, бо, згодна з павер’ямі, душы продкаў зьяўляюцца да стала, і кожнае слова можа напалохаць іх і прагнаць, а гэта пагражае бядой. Час сьмерці Ісуса Хрыста адзначаны ў каталіцкай традыцыi маўчаньнем званоў.
— Да сёньняшняга часу захавалася традыцыйная хвіліна маўчаньня. Маўчым мы й прысеўшы перад выправай у дарогу. Відаць, карані гэтых звычаяў трэба шукаць у міталягічных поглядах?
Читать дальше