— А ці можна гаварыць пра тыпалёгію словаў, дзеяньняў у, скажам, праклёнах? Магчыма, існуе ўласна беларуская тыпалёгія?
— Беларусы — сапраўдныя слоўныя майстры, вынаходлівыя творцы слова! Ніводнае дзеяньне ў іх не адбывалася без магічнай слоўнай формы. Гэта можна прасачыць на прыкладах з традыцыйнага жыцьця — пачынаецца праца, трэба сказаць формулу, хоць простую: «Памажы Божа!», «Дай Божа добры час!». Звароты фармаваліся даўно, і там слова Бог ня ёсьць паказчыкам хрысьціянства. Скажам, пры заканчэньні жніва, гуканьня спарыньні або пры пачатку работы на жніве клікалі сьпешку-парышку. Калі жанчына мыла, то ёй казалі: «Бела Вам!» або «Лебедзі лятуць».
— Белая магія, як Вы сказалі, не шкадлівая. Значыць, яе можна бяз боязі выкарыстаць дзеля, прыкладам, узаемнасьці ў каханьні, а мо нават і шлюбу. Якія ў беларусаў былі ці ёсьць замовы на такія выпадкі?
— Іх шмат. Але б я не адносіла замовы на зьяднаньне з каханым да белай магіі. Гэта ўсё ж шкадлівая магія. Паводле народных уяўленьняў, калі вы праз чараўніцтва, замовы і ўсялякія іншыя дзеяньні прывабілі да сябе чалавека, ажанілі з сабою, дык добрага не чакайце. Чары мінуцца, і пачнецца благое жыцьцё. Вядома, калі дзяўчына моліцца перад невядомымі сіламі, каб захаваць каханьне, тады гэта даравальна. Вось некаторыя з такіх замоваў.
Сьвятою вадою ўмываюся,
Золатам уціраюся,
Сонейкам адзяваюся,
Месяцам падперажуся,
Зоркамі зашпілюся:
Я нікога не баюся.
Як сонца й месяц на ўвесь сьвет сьвецяць,
Так каб я была над увесь сьвет
Міла й люба Раману.
Месяц і зоры,
Не давайце майму Раману спакою:
Каб ён ня еў, ня піў,
Ня спаў, не драмаў,
Толькі пра мяне,
Вольгу, думаў,
Бо я, Вольга, раджона-хрышчона,
Доляю абгараджона,
Сонейка — у вачох,
Месячык — у плячох,
Зорачкі — у раброх,
Ангелы — на небясох,
Камень — у моры.
Як таго каменя з мора не падняць,
Так у мяне хлопца не адняць.
— Якія яшчэ замовы можна лічыць станоўчымі?
— Найперш, усе ахоўныя й лячэбныя замовы. Апошнія, хай сабе не заўсёды вылечваюць, але ў многіх выпадках дадаюць чалавеку ўпэўненасьці, што ён пераможа, што ён паздаравее. Гэта вельмі важна. Нават мэдыкі сьцьвярджаюць, што настроенасьць чалавека на выздараўленьне вельмі патрэбная. Ёсьць такія першасныя, прымітыўныя замовы — ня тыя, што выкарыстоўвалі чараўнікі, майстры, знатакі, а тыя, што магло ведаць і дзіця школьнага веку. Прыкладам, ікаўка ў страўніку. Вучылі пераадольваць такую зьяву, валодаць сабой, перамагаць сілаю волі працэсы, што адбываюцца ў арганізьме. Трэба было набраць паветра й на адным уздыху сказаць: «Ехала ікаўка на сівой кабыле. Кабыла пала — ікаўка прапала». І так тры разы. Часта дзеці бавяцца, падаюць, набіваюць гузы, а потым бягуць да мамы, каб пахукала, каб пагладзіла, а мамы няма, тады можна й самому сказаць: «Ляцела пава — на дубе пала. Дуб скалыхнуўся — удар мінуўся». Вось яшчэ некалькі замоваў:
Цюцька, цюцька,
Твая маці сучка,
Цябе яна радзіла,
Табе вочы засьляпіла.
Ня бачыў ты сьвету,
Ня бач і мяне.
Чый хлеб ясі,
На таго й брашы.
(хваробы на вачах)
Ячмень, ячмень,
На табе кукіш,
Што захочаш,
Тое й купіш.
Купі сабе тапарок,
Пасячыся папярок.
Бег сабачка цераз мост,
Чатыры лапы, адзін хвост,
На масточку забрахаў,
Вольцы ліха адагнаў.
У ложак лажуся,
На бачок павярнуся,
Нічога не баюся.
Анёлы пры мне:
Што ім, тое й мне.
— А зараз пра знахараў і чараўнікоў. Вельмі часта яны замаўляюць супраць чалавека, ужываюць шкадлівыя замовы. Ці не вяртаецца да іх гэтая шкадлівасьць?
— Чараўніцтва таксама амбівалентнае. Адзін і той жа чалавек можа зрабіць і добрае, і злое. Яго папрасі й яшчэ заплаці, дык ён і зробіць блага. Але на аднаго падзейнічае, на іншага — не. Адзін лёгка паддаецца замове, іншы мае цьвёрды характар. На самаго чараўніка таксама спрабавалі вярнуць замову. Вось тыповы прыклад: «Што ты мне зрабіў, каб і ты тое меў!». Гэта трэба сказаць абавязкова, калі адчуваеш такую падазронасьць, што чалавек нешта пра цябе падумаў, ня так паглядзеў. Або сказаць, або падумаць.
— А ці ёсьць адмовы на замовы?
— Ёсьць. Прыкладам, чараўнік, які рабіў замову на злом жыта, выбіраў адпаведны час: поўдзень або поўнач. Затым распранаўся, хадзіў супраць сонца й казаў замову: «Каб жаў — адляжаў! Каб зьеў — адхварэў!». А чараўнік, якога прасілі адчараваць гэты залом, звычайна прыгаворваў: «Каб жаў — не ляжаў! Каб еў — не хварэў!».
Читать дальше