— Так, сёньняшняе разуменьне хвіліны маўчаньня як ушанаваньня памяці вынікае зь першапачатковай сэмантыкі — усталяваньня духоўнага кантакту з продкамі. Да іх мы зьвяртаемся й перад дарогай, маўчым, каб далучыцца да іх і папрасіць аб удачы. Наагул, маўчаньне й, шырэй, бязгучнасьць — канечнае патрабаваньне многіх абрадаў і рытуальных дзеяньняў дзеля кантактаваньня зь іншасьветам. Агульнымі мэтамі іх станавілася імкненьне вылечыцца (цішыня пры замаўленьні) альбо забясьпечыць сабе посьпех у якой-небудзь справе, а таксама запытаньне ў продкаў, звышнатуральных сілаў пра сваю будучыню. Згадаем маўчаньне ў час варожбаў:
На Вадапосьце вячэру вараць, а катора хоча гадаць, то сама сабе наварыць салёных з лушпайкамі картопляў, ні з кім не гаворыць, хоць бы на яе хто што ні казаў, і кладзецца спаць. А ўночы прысьніцца сон, што хлопец ваду падае — за таго й пойдзе.
Маўчаньне таксама адносіцца да захадаў засьцярогі, якія робіць чалавек пры кантакце са сьветам дэманаў. Таму рэкамэндавалася маўчаць і не раскрываць роту ў часе навальніцы, каб нячысты ня змог там схавацца, гэтак жа пры раскопваньні скарбаў, якія вартуе нячыстая сіла. Дарэчы, парушэньне забароны магло прывесьці да суровых наступстваў.
— І яшчэ адзін від голасу, гукаў — плач, альбо, у рытуальнай практыцы, галашэньне. Ці былі ў беларусаў прафэсійныя плакальшчыцы, бо гора ж бязь сьлёзаў і галашэньняў не бывае?
— У народнай традыцыі гукавое праяўленьне гора строга рэглямэнтавалася. Найперш забараняліся плач і прычытаньні ў час агоніі, якія, як верылі, працягваюць пакуты, не даюць выйсьці душы. У народзе расказваюць:
Як хто памірае, то спакой і цішыня, каб ніхто неадзываўся. Перабіваць сьмерць ня нада. Калі перабіў чалавеку адыход, ён мучыцца страшна. Пакуль яго не паложаць на лаву, памыюць, адзенуць, сьвечку запаляць на акне, і тады плачуць. І ноччу, як сонца зайшло, не галосяць, ня выюць — нельга.
— А сьвіст? Нават адукаваныя гараджане асьцерагаюцца сьвістаць, скажам, у хаце — каб грошай ня высьвістаць. Што зьвязвалася са сьвістам у традыцыі?
— Сьвіст — адна з праяваў ненарматыўных гукавых паводзінаў чалавека, учынак рэзка нэгатыўны й аднесены да іншасьвету. Існавала строгая забарона сьвістаць у хаце, бо гэта выклікала альбо зьяўленьне нячыстай сілы (як у прыказцы «Дурні сьвішчуць, чарцей ішчуць»), альбо віхуру. Сьвіст у двары пагражаў спустошваньнем гаспадаркі. Хатні дух мог адпомсьціць сьвістуну беспадстаўны выклік. Такім чынам, сьвіст выступае як заклік таго сьвету й ягоны сыгнал. Лічылася, што калі сьвісьнеш тры разы ў 12 гадзінаў у чацьвер, дык зможаш паклікаць да сябе д’ябла. Сьвіст у полі выклікаў віхуру, а гэтая стыхія ўяўлялася як чалавек зь вялікімі, надзьмутымі для сьвісту вуснамі.
— Што тычыцца таго сьвету, дык, падаецца, ягонае дэманічнае войска бязгучнае толькі там, на тым сьвеце. Завітаўшы ў сьвет людзей, дэманы пачыналі гаварыць?
— Альбо проста перадаваць няўцямныя, дзіўныя гукі. Невядомыя страшныя гукі маглі належаць і нейкім безыменным духам. Пра такія жахлівыя водгукі казалі: «штось гукае, пужае».
На Пятра ня нада хадзіць у лес, там пужае. Хто хадзіў, дак там гукае й гукае: «О-гой! О-гой! Дахадзі дамой!» А хто яго знае, хто крычыць. Можа, гэты Пятро. А некаторыя гавораць, гэта зямля абзываецца.
«Гаворцы» дэманаў або іхным гукам уласьцівыя незвычайнасьць, незразумеласьць, скажэньне прывычных формаў, падваеньне рэплік, заіканьне, картавасьць ці, наадварот, дужа складная гаворка, нават у рыфму. Ім прыпісваюцца таксама крыкі, заклікі, уздыхі, працяглыя гукавыя сыгналы, няўцямнае мармытаньне. Так, русалкі крычаць: огэ-огэ-огэ, гу-та-та, гу-та-та, альбо неяк мыкаюць: нім-нім-нім… Надзвычай папулярны матыў пра чорта, які трапляецца па-дарожнаму ў выглядзе жывёліны й на заклік чалавека адзываецца жудасным рэхам: бяша-бяша-бяша…
— З усясьветных міталёгіяў мы ведаем пра сырэнаў, што губілі падарожнікаў адно сваімі сьпевамі, а гэта значыць, голасам. А ці ёсьць у беларусаў гэткія гуканебясьпечныя дэманы?
— Заслухаўшыся сьпеву русалак, трацілі асьцярожнасьць хлопцы. Аніяк нельга было адгукацца на любы незнаёмы вокліч, калі цябе хтосьці невядомы клікаў па імені. Адгукнуўшыся, чалавек тым самым адкрываў да сябе доступ і фактычна трапляў пад уладу нячыстаму. А яшчэ ў народзе расказвалі пра асобнага дэмана з «гукавым» імем — пра хіхітуна:
Хіхітун — такі нячысьцік, які быццам бы знаходзіцца ў чалавека за сьпінаю. І калі з чалавекам можа здарыцца нешта нядобрае, хіхітун пачынае радавацца гэтаму, сьмеючыся тоненька й часта: хі-хі, хі-хі-хі. Рэзка абярнуўшыся назад у гэты момант, можна ўбачыць маленькае стварэньне, якое нечым нагадвае малпачку, а на макаўцы ў яго невялічкія рожкі.
Читать дальше