— Як складваліся дачыненьні бацькі й дзяцей?
— Традыцыйна бацька панаваў і над дзецьмі. Улада бацькі адпавядала пашане, якую аддавалі яму нават дарослыя дзеці. Яго трэба было называць «пан айцец», пры ім моладзі забаранялася размаўляць уголас, ня можна было сесьці безь ягонага дазволу. Вітаючыся з бацькам, трэба было абняць яго за калені, пацалаваць руку. Дарослыя сыны ішлі на пэўнай адлегласьці ад «пана дому», несучы ягоную шаблю, у касьцёле стаялі выцягнуўшыся побач лавы, на якой ён засядаў. Бацькава забарона была абсалютная, адмова дабраславеньня — найвялікшым няшчасьцем. Канец гэтае ўлады наставаў толькі са сьмерцю бацькі, калі галоўны спадкаемца (як правіла, старэйшы сын) пераймаў ягоную маёмасьць, ягонае становішча й, звычайна, таксама ягоныя замашкі. Вызваленьнем ад бацькавай улады былі служба ў войску ці пры двары для сыноў, замужжа альбо кляштар для дачок.
— Ці было ў гэткай сям’і месца жывым пачуцьцям, прыязнасьці між дзецьмі й бацькамі?
— Падобна, што дамінантаю дачыненьняў часьцей быў страх, чым любоў. Прынамсі, сьведчыць пра гэта францускі падарожнік XVІІІ стагодзьдзя Ватрэн:
Улада бацькоўская выконваецца тут ва ўсім сваім натуральным аб’ёме, не абмяжоўвае яе ніякі закон. Ня ведаючы натуральных сродкаў упакорваньня волі, бацькі зьвяртаюцца ўрэшце да насільля, каб зламаць супраціў страхам. Латвасьць прымяненьня гэткай мэтоды зрабіла яе паўсюднаю, а ва ўмовах абсалютнай улады набыла яна рысы тыраніі. Страх, прышчэплены моладзі абодвух палоў, нічым не прыгадвае субтыльнага пачуцьця, што дыктуе, як трэба паступаць, каб не абразіць бацькоў ці настаўнікаў, але ёсьць гэта горкія ўспаміны болю, які быў учынены праз капрыз барбарынскай улады.
Найбольш суровыя дачыненьні былі ў сем’ях правінцыйных, малаадукаваных і забабонных, дзе звычаі й «сармацкія» традыцыі замянялі часам і адукацыю, і нават розум. Але вядома й шмат прыкладаў гарачай і шчырай бацькоўскай ці сыноўскай любові.
— Ці можна было ўзяць шлюб бяз бацькавай згоды?
— Менавіта шлюб і быў самым яскравым прыкладам бацькавай улады. Падставай для шлюбных кантрактаў паноўнага саслоўя амаль заўсёды былі маёмасныя разьлікі альбо палітычны інтэрас. Нават калі дарослы й самастойны шляхціц жаніўся сам, ягоны выбар звычайна дыктаваўся менавіта гэтымі прычынамі. А для залежных ад бацькоў дзяцей свайго выбару практычна не існавала. Шлюбы паводле каханьня былі рэдкія й часам завяршаліся нешчасьліва. Сумную ролю ў гэтым часта адыгрывалі не задаволеныя ўласным выбарам дзяцей бацькі. Прычым, прадстаўнікі найбольш заможных родаў нярэдка вызначаліся асаблівай жорсткасьцю ў рэалізацыі сваёй сямейнай улады. Ксёндз Анджэй Кітовіч апісвае ў сваім дзёньніку такое здарэньне:
На пачатку неяк панаваньня Станіслава Аўгуста Панятоўскага, Станіслаў Патоцкі, сын Францішка Патоцкага, ваяводы кіеўскага, выпраўлены быў бацькам да чужых краёў, і праяжджаючы праз кракаўскае ваяводзтва, спыніўся выпадкова ў Камароўскага, старасты новамейскага, дзе пазнаўшы дачку ягоную, прыгажосьці дзівоснай, зь ёю ажаніўся. Патоцкі, ваявода кіеўскі, ганебна ўражаны гэткім быццам бы няроўным шлюбам сына, наслаў у дом Камароўскага людзей, якія ў масках на тварах, узброеныя ўвайшлі на пакоі, увялі ад уражанай кампаніі гэтую маладую пані й разам зь ёю ў цемры начной зьніклі. Вывезьлі яе зь места на кані, далей возам; у дарозе важак тых насланцаў ужываў яе любоўна да сваёй волі. Прыведзеная да ваяводы й ваяводавай кіеўскіх, пабітая была яна розгамі, а потым выданая замуж за простага казака, зь якім мела трох дзяцей. Няшчасныя бацькі ўвесь той час шукалі дачкі сваёй, ня ведаючы, кім была яна скрадзеная, і ўрэшце даведаліся. Выдалі позву ў суд ваяводу кіеўскаму пра ўвядзеньне дачкі й наезд дому. Ваявода, які хацеў справу замяць, а найболей асьцерагаўся, каб тыранства й распуста зь ёй учыненыя ня выявіліся, загадаў нябогу ўтапіць, і так тая няшчасная паненка марна загінула...
— А якую ролю ў сям’і звычайна выконвала маці?
— Звычайна ў абароне маёмасных інтарэсаў і бацька, і маці выступалі адзіным фронтам. А ў справах матрыманіяльных, шуканьні шлюбных варыянтаў для сыноў ці дачок, маці была амаль заўсёды больш актыўная за бацьку. Хаця, натуральна, маці была бліжэйшая й цяплейшая да дзяцей, чым бацька, асабліва да дачок. Прывязанасьцю да дзяцей і клопатам пра іх вядомая была, напрыклад, Францішка Ўршуля Радзівілава, жонка Міхала Казімера Рыбанькі, якая нарадзіла шмат дзяцей, зь якіх большасьць памерла. Маці, бывала, спыняла грозныя бацькавы выракі, патурала дзіцячым забавам і капрызам. Пашана да маці гэтак жа высока ацэньвалася традыцыяй, як і ганараваньне бацькі, але пасьля ягонай сьмерці панам дому станавіўся ўсё ж старэйшы сын. У асобных выпадках маці спрабавала пераняць бацькаву ўладу над дзецьмі, нават дарослымі. Такою ўладарнаю кабетаю была маці Рыбанькі Ганна Радзівілава з роду Сангушкаў, якая адчувала сябе сапраўднай галавой дому Радзівілаў і ўпарта імкнулася навязаць усім сваю волю. Яна доўга і няўдала шукала добрую партыю для Міхала Казімера, а калі ён нарэшце знайшоў сабе нявесту сам, адчайна супраціўлялася гэтаму шлюбу. Вось як яна сустрэла сына, калі ён вярнуўся з заручынаў:
Читать дальше