— Як ставіліся да ката людзі?
— Са зьмешаным пачуцьцём — штосьці сярэдняе паміж жахлівай павагай (адсюль і іншая назва ката — «містар», гэта значыць, гаспадар твайго жыцьця й здароўя) і адкрытай нянавісьцю. Апошняя пераважала. Кату цяжка было знайсьці сабе знаёмых сярод прыстойных людзей, ажаніцца, увогуле неяк уладкавацца ў штодзённым жыцьці. Таму гэтае рамяство часта перадавалася ў спадчыну. Такая сэлекцыя мусіла выпрацоўваць адмысловы тып людзей — цынічных, няўмольных, ня схільных да сантымэнтаў. Якім бы жорсткім ні было Сярэднявечча, а попыт на людзей гэтай прафэсіі перавышаў прапанову. Вельмі часта месца ката было вакантнае, і магістрату даводзілася пазычаць яго з суседняга гораду.
— Відавочна, нездарма слова «гіцаль» — памочнік ката — у беларускай мове набыло значэньне лаянкі. Карацей, усё, што было зьвязанае з рамяством ката, выклікала агіду й пагарду?
— Пераважна так. Але ў гісторыі Беларусі быў, напрыклад, выпадак, калі катаўскі меч, сымбаль ганьбы й пагарды, пакрыў сябе славай. Знакамітае паўстаньне 1661 году ў Магілёве супраць расейскага панаваньня пачалося, калі бурмістар Язэп Левановіч, схапіўшы меч ката, заклікаў гараджанаў не цярпець больш расейскай тыраніі, выгукнуўшы: «Пара!». Дарэчы, фігура Левановіча, узброенага мячом, на тле гарадзкой брамы й сёньня зьяўляецца гербам Магілёва.
— А цяпер пра катаваньне як сродак судовага дазнаньня. Чаму ў Сярэднявеччы так шырока ў юрыдычнай практыцы ўжываліся катаваньні, ці, як яшчэ казалі, тартуры?
— Таму што тагачасная крыміналістыка проста ня ведала іншых сродкаў доказу ці абвяржэньня віны. Афіцыйна катавалі ня дзеля таго, каб задаволіць чыюсьці жорсткасьць, а каб праверыць паказаньні сьведкаў ці іншыя знакі, якія, на думку судзьдзі, давалі магчымасьць падазраваць пэўную асобу. Карпатлівы збор і аналіз доказаў — усё гэта зьявілася толькі ў Эўропе й толькі ў ХІХ стагодзьдзі. А да гэтага ва ўсіх народаў унівэрсальным інструмэнтам сьледзтва — пэўным аналягам дэтэктара хлусьні — былі толькі тартуры. Прызнаўся — вінаваты, вытрымаў — апраўданы.
— Як гэта адбывалася ў старажытнай беларускай дзяржаве?
— Наша юстыцыя тут, як і ў выкананьні выракаў, ішла за агульнаэўрапейскімі нормамі. Тыя самыя каты й гіцлі, найманыя служкі магдэбурскіх гарадоў, абслугоўвалі ня толькі гарадзкія суды, але й суды любых юрысдыкцыяў, калі ўзьнікала патрэба ў іхных паслугах — даволі дарагіх, дарэчы, і магістраты пазычалі катаў іншым судам не за дзякуй.
— Ці былі тартуры рэглямэнтаваныя? Або каты маглі імправізаваць, абы дамагчыся прызнаньня?
— Заканадаўча сама працэдура катаваньняў не была канкрэтна расьпісаная. Суды й Літвы, і Польшчы карысталіся падручнікам XVІ стагодзьдзя Барталямэя Граіцкага «Парадак судоў і справаў гарадзкіх права майдэборскага», які быў складзены на падставе нямецкіх крыніцаў. Гэта й быў наш крымінальна-працэсуальны кодэкс. Вось фрагмэнт з гэтага падручніка:
Калі шмат злачынцаў, у адным падазроныя, на муку маюць быць аддадзены, Судзьдзя мае той парадак хаваць, абы таго найперш казаў мучыць, якога б разумеў да паведамленьня праўды больш схільнага. Калі бацька з сынам мае быць мучаны, перш сын перад абліччам бацькоўскім або ў адсутнасьці, але за вядомасьцю яго, дзеля таго што бацька зь літасьці над сынам хутчэй схіліцца да прызнаньня, чым за ўласнымі мукамі. А калі жонка з мужам, найперш жонка, дзеля таго, што жаночая плоць, слабейшай натуры будучы й ня так цярплівай, больш можа быць прыведзена напамінкам і мукамі да прызнаньня, чым муж.
Граіцкі быў для свайго часу сумленным чалавекам, і напісаў падручнік менавіта дзеля таго, каб неяк абмежаваць «містраў справядлівасьці» ў іхнай уладзе над падазраванымі. Калі яшчэ судзьдзя быў сумленны й асабіста зьяўляўся на катаваньні, з падсудным абыходзіліся паводле хаця й жорсткага, але ўсё ж права. Калі ж яго пакідалі аднаго з катам і гіцлямі, не было гарантыяў, што перад кожнай тартурай Яны палезуць зьвярацца з падручнікам. Калі ж усё было «паводле правілаў», дык пачыналіся тартуры прыкладна так:
Інстыгатар прамовіў да ката: «Містру, чыні паводле права». Кат, перш чым прыступіць да экзэкуцыі, выгукнуў тры разы: «Мосьці панове застольныя і прадстольныя» — выражаючы тымі тэрмінамі суд, які сядзеў за сталом, і інстыгатара, які стаяў перад сталом — «Чы з воляй, чы ня з воляй?». Інстыгатар адказваў яму за кожным разам: «З воляй!»
Гэта ўжо фрагмэнт славутага дзёньніка ксяндза Анджэя Кітовіча саксонскай эпохі XVІІІ стагодзьдзя. Так фармальна і ўрачыста кат атрымліваў ад абвінавачаньня пацьверджаньне сваіх паўнамоцтваў. Кат быў ня столькі музыкам-салістам, колькі дырыгентам пякельнага аркестру. Улады спрабавалі захаваць рэпутацыю катаў, і звычайна самі яны падчас катаваньняў і пакараньняў выконвалі толькі самыя важныя «працэдуры»: падпальвалі стос, сьціналі галаву, зачытвалі судовую пастанову ці вырак. Таму, дарэчы, абавязкова мусілі быць пісьменнымі. А вось тартуры непасрэдна выконвалі іхныя памочнікі — гіцлі, ці апраўцы. Хаця часта каты не маглі адмовіць сабе ў садысцкай асалодзе.
Читать дальше