— Дзе ж знаходзяцца вытокі сярэднявечнае жорсткасьці?
— Толькі не ў садызьме канкрэтных асобаў ці народаў. Хаця катамі, вядома, рабіліся невыпадкова, яны самі былі толькі выканаўцамі — ня столькі волі пэўных жорсткіх уладароў, колькі грамадзтва ў цэлым. Можна сказаць, волі сярэдняга чалавека. Пакараньне, асабліва сьмяротнае, апроч праваахоўнай функцыі, а можа нават і перш за яе, мусіла задаволіць патрэбу ў відовішчы. Магістрацкія кнігі нашых гарадоў называюць трыбуны для гледачоў (якія будавалі перад важнымі пакараньнямі) тэатрамі. Нават вучняў часта вызвалялі ад школьных заняткаў і прыводзілі ў такі тэатар, каб яны атрымалі належны ўрок. Такім чынам, усім гэтым шыбеніцам, колам, палям, прэнгерам, кунам, калодкам належала тады прыкладна тая роля, якую сёньня выконваюць усялякія чытанкі ці відэа.
— Якое сьмяротнае пакараньне было самае пашыранае?
— Найбольш пашыранае — павешаньне. Шыбеніца (дарэчы, слова таксама нямецкае) на працягу многiх стагодзьдзяў была амаль такім жа абавязковым элемэнтам эўрапейскага пэйзажу, як і прыдарожны крыж. Адным з сынонімаў шыбеніцы ў актавых кнігах было лацінскае слова «justіtіa» — сьведчаньне таго, што менавіта шыбеніца — асноўная прылада правасудзьдзя. На шыбеніцы завяршалі свае жыцьці ня толькі забойцы, але й злодзеі, і іншыя адносна дробныя, найбольш шматлікія, злачынцы. Іх целы доўга не здымалі. Імі сілкаваліся птушкі. А чараўнікі выкарыстоўвалі пальцы й іншыя часткі цела шыбенікаў ці кавалкі вяроўкі ў розных чарадзейных сродках ад імпатэнцыі, напрыклад, або ад хуткага псаваньня піва. Калі злачынцу не ўдавалася злавіць, на шыбеніцы вешалі ягоную выяву альбо картку з апісаньнем злачынства й выракам. Так што шыбеніца, прыцягваючы ўвагу цікаўных з усяго навакольля, была яшчэ й месцам абмену штодзённымі навінамі, а то й дошкай аб’яваў.
— Якія яшчэ віды пакараньняў існавалі ў сярэднявечнай Беларусі?
— На стосе палілі чараўнікоў і ерэтыкоў, а таксама падпальшчыкаў, атручвальнікаў і фальшываманэтчыкаў. У Вялікім Княстве, дзе жыло шмат габрэяў і мусульманаў, такая ж мера пакараньня ўжывалася за выхаваньне дзяцей хрысьціянаў у нехрысьціянскай рэлігіі. Чвартавалі ці «ўпляталі ў кола» разбойнікаў, рабаўнікоў, бунтаўнікоў, асабліва людзей простых за забойства шляхціца. Тапілі ў вадзе чараўніц, а таксама жанчын, якія забілі сваіх дзяцей. Адным з самых жахлівых і ганебных пакараньняў было «ўзьбіваньне на палю». Так каралі найперш за забойства з засады або нейкай ганебнай зброяй. Часьцей гэтая кара ўжывалася ў казацкіх войнах XVІІ стагодзьдзя.
— Пакараньне лёгкае, пакараньне цяжкае — што разумелі пад гэтымі азначэньнямі тагачасныя беларусы?
— Адносна лёгкім, у пэўным сэнсе нават пачэсным, лічылася сьцінаньне галавы. Так каралі забойцаў, гвалтаўнікоў, палітычных злачынцаў. Як правіла, толькі так можна было «страціць» шляхціца. Казімер Лышчынскі, асуджаны на спаленьне за атэізм, атрымаў каралеўскую палёгку, бо быў усё ж шляхціцам — таму яму папярэдне адсеклі галаву. Прывілей на гэтую адносна лёгкую сьмерць вышэйшае саслоўе захоўвала для сябе па ўсёй Эўропе. Дарэчы, шляхціца нельга было й катаваць дзеля здабычы паказаньняў. Габрэям спаленьне, чвартаваньне ці шыбеніцу замянялі на сьцінаньне, калі яны згаджаліся прыняць хрысьціянства.
— А расстрэл?
— Расстрэл зьявіўся адносна позна, у XVІІІ стагодзьдзі, і быў спачатку чыста вайсковым сродкам пакараньня. Так каралі найперш жаўнераў, незалежна ад злачынства. Адным з самых прыкметных, які вельмі ўразіў сучасьнікаў і пакінуў шмат сьлядоў у мастацкай літаратуры, быў расстрэл радзівілаўскага фаварыта Міхала Валадковіча ў Менску ў 1760 годзе. На карысьць расстрэлу была адносная лёгкасьць пакараньня для самога злачынцы (XVІІІ стагодзьдзе было ўжо параўнальна гуманнае), а таксама магчымасьць адмовіцца ад паслугаў прафэсійнага ката.
— Каты — выканаўцы судовых выракаў. Што гэта былі за людзі?
— Кат ня толькі караў злачынцаў. Увогуле галоўным ягоным заняткам былі тартуры, ці катаваньні — яны ўжываліся як сродак не пакараньня, а дазнаньня. Катавалі падазраваных у нейкім злачынстве, каб здабыць прызнаньне або пераканацца ў невінаватасьці, і калі казаць пра прафэсійнае майстэрства, менавіта тут яно было патрэбнае кату найбольш. Хаця, вядома, і пры пакараньнях трэба было праявіць немалы спрыт. Сапраўдны кат мусіў умець сьцяць галаву адным ударам. Калі гэта не ўдавалася, кат звычайна апраўдваўся, нібыта ягоныя незычліўцы зачаравалі меч. У прамежку паміж выкананьнем сваіх асноўных абавязкаў каты ды іхныя памочнікі — гіцлі — мусілі лавіць бадзяжных жывёлаў, ачышчаць горад ад падлы й адкідаў, а часам нават сачыць за парадкам у публічных дамах. Гэтымі бруднымі справамі кат займаўся не непасрэдна, а выступаў хутчэй як арганізатар. Тым ня менш, кожны горад, які браўся ўтрымліваць ката (а каштаваў ён ня танна), імкнуўся нагрузіць яго самымі непрыемнымі й бруднымі абавязкамі, патрэбу ў якіх магло выклікаць гарадзкое жыцьцё. Магчыма, адсюль паходзіць і выраз «павесіць на кагосьці ўсіх здохлых сабакаў».
Читать дальше