— Якая прылада тартураў была самая распаўсюджаная ў ВКЛ?
— Дыба. Пра што сьведчыць і ейная іншая назва на старабеларускай мове — катоўня. У розных эўрапейскіх краінах канструкцыя дыбы мела мясцовыя асаблівасьці, але ўсюды яна заставалася самым галоўным інструмэнтам, вакол якога будаваўся ўвесь працэс дазнаньня. Сутнасьць катаваньня на дыбе палягала ў расьцяжэньні цела, прывязанага за рукі й ногі, пры дапамозе лябёдкі, так што выломліваліся рукі й ногі. Вось як гэта апісваў А. Кітовіч:
Як толькі кат пацягнуў за вяроўку, канец якой трымаў у руках, рукі вязьня адразу пачалі выломлівацца са ставаў плячэй, выцягваючыся за галаву і ўгару, за імі падаваўся й торс, ногі ж, выцягнутыя й прывязаныя да крука, завісалі ў паветры. Калі па той муцы вязень упарта трымаўся, кат клікаў свайго памочніка й абодва пачыналі цягнуць за вяроўку што ёсьць моцы. Зараз вязень быў выцягнуты як струна. Выкручаныя за галаву рукі складалі адну лінію з завіслым у паветры целам, на грудзёх утварылася глыбокая яма, у якую звалілася галава. Можна было пералічыць усе скабы, косьці, ставы й жылы. Калі здаралася, што вязень на тартурах канаў, яго ціхенька хавалі, а справа зачынялася.
Другім нязьменным інструмэнтам з катаўскага арсэналу былі жалезныя абцугі, якія звычайна напальвалі на агні й літаральна рвалі цела ахвяры, расьцягнутай на дыбе. Абавязкова «катаўская аптэчка» ўключала ў сябе й серу, якую палілі проста на целе. Звычайная формула са старабеларускага апісаньня тартураў: «на катовни долго был драпаны пазнокти железными й был палены свечами, он однак трвал на вызнаню». У гэтае апісаньне ня ўкладзена ніякага асуджэньня, ніякіх эмоцыяў увогуле, бо назіраньне тартураў было рэччу такой жа звыклай, нармальнай, як для нас назіраньне за чалавекам у стаматалягічным фатэлі. Увогуле прыладаў катаваньняў было шмат: «гусь», «куны», «кайданы»... У кожным горадзе ў ратушы былі лёхі, дзе трымалі ўвесь гэты рыштунак.
— І колькі маглі мучыць няшчаснага?
— Афіцыйна дазвалялася паўтараць кожнае катаваньне тры разы — праўда, пры гэтым ніяк не агаворвалася працягласьць мукі. Часам кат адмыслова рабіў перапынак у тартурах, маючы на ўвазе, што новы «сэанс» — гэта не наступная спроба, а толькі працяг першай. Так што рэальна катаваньні маглі працягвацца шмат дзён.
— Ці ўсе людзі былі роўныя перад законам? Маю на ўвазе прадмет нашае гаворкі — катаваньні.
— Заканадаўства вызваляла ад катаваньняў дзяцей да 14 гадоў і старых пасьля 60, цяжарных, шляхціцаў. Адным з галоўных шляхецкіх прывілеяў было вызваленьне ад тартураў. Праўда, у выпадку такіх палітычных злачынстваў, як дзяржаўная здрада або абраза ўлады, гэты прывілей скасоўваўся. Лічылася, што чалавек, які трапіў «у рукі катаўскія», губляў годнасьць. Пры словах «рукі катаўскія», дарэчы, уяўляліся адначасна й рукавіцы, бо лічылася, што кат мусіць быць у рукавіцах. Нават калі шляхціц трапляў на катаваньне памылкова, ён губляў шляхецтва, вярнуць якое можна было адным спосабам — адмыслова зьвярнуўшыся да караля. Таксама вольныя ад катаваньняў былі дактары розных навук, узнагароджаныя за вялікія заслугі, выбарныя кіроўныя асобы магдэбурскіх гарадоў — але толькі на час свайго знаходжаньня на пасадзе.
— Ня кожны можа вытрываць боль. З гісторыі ведаем, што людзі цягам катаваньняў нагаворвалі на сябе.
— Калі чалавек трапляў «у рукі катаўскія», але хацеў адстаяць сваю невінаватасьць, яму даводзілася цяжка. Бо каты й гіцлі сваё чорнае рамяство ведалі, прызнаньне ўжо як бы прадбачылася, і калі няшчасны вязень не хацеў даваць паказаньняў супраць сябе, найбольш натуральным тлумачэньнем такой упартасьці для сярэднявечнай юстыцыі было чарадзейства. Сярэднявечнаму судзьдзю было лягчэй паверыць у д’ябальскія чары, чым у невінаватасьць абскарджанага. Тады ўсе верылі ў існаваньне розных сродкаў, накшталт амулетаў, здабытых з дапамогаю д’ябла, якія, схаваныя на целе (пад пахамі, у валасах, у роце), быццам маглі дзейнічаць як анэстэзія. Аналягічным чынам пазбаўляць болю маглі нібыта й галоўныя хрысьціянскія малітвы, калі іх чытаць ззаду наперад. А яшчэ мог прыйсьці на дапамогу шатан. Калі ва Ўпіцкім гарадзкім судзе ў 1595 годзе катавалі двух абвінавачваных у крадзяжы, у аднаго зь іх, калі кат здымаў кашулю, з-пад пахі выпала хлебная скарынка. Ніякага сьледзтва наконт крадзяжу ўжо не вялося, затое абодвух спалілі жыўцом як чараўнікоў. А ўявіце, калі катавалі менавіта меркаваных чараўнікоў! Што трываньне, што прызнаньне — усё сьведчыла пра віну.
Читать дальше