— Наколькі прыдатнае такое азначэньне — прыход — для народзінаў чалавека?
— Радзінная абраднасьць і зьвязаныя зь ёю моўныя выразы прэзэнтуюць ідэю дарогі ва ўсёй ейнай шматграннасьці. Найперш разуменьне родаў як выхаду дзіцяці, пераадоленьне ім дарогі й парогу вызначыла вядомыя й сёньня забароны й парады для цяжарнай — нельга сядзець на парозе, а то дзіця будзе «стаяць на парозе» — цяжка нараджацца; з пачаткам схватак бабка вадзіла парадзіху вакол стала, праз усе парогі, каб і дзіцятка гэтак жа скоранька рухалася.
— І першыя крокі дзіцяці бацькі ўспрымалі як пачатак ягонай жыцьцёвай дарогі?
— Так, і ў традыцыі гэтая падзея атрымала нават рытуальнае афармленьне:
Яшчэ ў матчыным лоне ножкі дзіцяці зьвязваюцца нябачнымі путамі, з-за чаго яно ня можа хадзіць адразу пасьля нараджэньня, як жывёлы. У некаторых дзяцей гэтыя путы мацнейшыя: такія дзеці даўжэй ня ходзяць. Таму трэба разрэзаць путы й аслабаніць дзіця. Як толькі дзіця зробіць першыя свае крочкі, маці ці хто іншы праводзяць нажом па падлозе ці па зямлі са словамі: «Разарвіцеся, путы!».
Цікава, што дзіцячая мэтафорыка скарыстоўваецца намі дзеля апісаньня дарослага жыцьця. Так, мы кажам «рабіць першыя крокі», распачаўшы нейкую новую дзейнасьць, альбо «крэпка стаць на ногі» — чагосьці ўжо дасягнуць.
— Як вынікае, у нараджэньні дзіцяці ключавым ёсьць пераадоленьне мяжы. Але чым далей, такую сымбалічную мяжу на дарозе знайсьці ўсё цяжэй. Безумоўна, жыцьцёвых перашкодаў хапае. А сымбалічных?
— Выразнай падзеяй на дарозе зьяўляецца вясельле, шлюб. Вось жа ці ня кожны з нас у тым жа Менску згадае, што па дарозе з Палацу шлюбаў абіраў дарогу, каб праехаць праз мост. А фактычна пераадолець ці не адну з самых сур’ёзных у традыцыйным разуменьні дарогаў. Праўда, сёньняшнія масты не ахоўвае Зьмей Гарыныч, як мост праз раку Смародзіну, але сымболіка мосту зьбірае ў адзін пучок усю сымболіку дарогі. Таму разуменьне вясельля як падарожжа цалкам слушнае. І нашы вясельныя вандроўкі-падарожжы — толькі сучасная рэалізацыя традыцыйнай схемы. — А для пахавальнай абраднасьці ідэя дарогі настолькі выразная, што мы проста й будзённа кажам — правесьці ў апошні шлях. Хаця разумеем: гэта шлях да могілак.
— Між тым, у народных поглядах для нябожчыка гэта шлях на той сьвет. Менавіта для яго цяжкой і доўгай дарогі ў пахавальнай абраднасьці асаблівая ўвага надаецца нагам і абутку памерлага. У асобных раёнах да сёньня кладуць у труну запасныя новыя шкарпэткі, дый абутак мусіць быць новы. Як у казках, каб дабрацца да таго сьвету, трэба знасіць не адну пару жалезных ботаў. Дый у галашэньнях паўстае сьмерць як дарога:
А мая ж ты мамулечка, а куды ж ты сабралася,
А ў якую дарожачку, а ў якую даліначку, а ў якую даміначку?
А ў дарожаньку далёкую, а ў дарожаньку няежджаную.
А з той дарожанькі ніхто дамоў не прыходзіць.
— Шлях між жыцьцём і сьмерцю — таксама дарога, і вельмі няпростая. Мы кажам: зьбіцца з тропу, заблудзіцца ў жыцьці, згубіць арыенціры. Якія яшчэ сэнсы набывае мэтафара дарогі?
— Дарога ўнівэрсальна тлумачыцца як маральная катэгорыя, кірунак, якога належыць трымацца. Шматлікія выразы сьведчаць, што чалавека можна «наставіць на пуць» і «зьбіць з тропу», што ёсьць чалавек «путны», «пуцёвы» й ёсьць «бяспутны», што хтосьці ідзе «прамой дарогай», а хтосьці абірае «крывыя сьцежкі». Усё гэта маральныя алегорыі, якія тым ня меней паказваюць на сымболіку прамой дарогі як правільна абранай жыцьцёвай стратэгіі. Калі ж чалавек выбірае гэтак званы іншы шлях, дык ягоная дарога ўспрымаецца «крывой», «блытанай» (дарэчы, блытаць, заблудзіцца й блуд — словы аднаго кораню) і нават «закручанай». Пра чалавека, якi жыве няпраўдаю, скажам — «скруціўся», бо ішоў не наперад, а кругамі. Такое абазначэньне чалавека праз паказаньне на ягоны шлях абумовіла прыказку: «На торнай дарозе трава не расьце». Гэта пра жанчыну, у якой празь ейныя непрыстойныя паводзіны няма дзяцей.
— У мэтафары дарогі ці толькі ідэя руху важная? Дарога — гэта яшчэ й месца нейкіх сустрэчаў, прыгодаў, здарэньняў.
— Сапраўды, дарога разумеецца як месца, дзе выяўляецца лёс чалавека, ягоная доля пры сустрэчах як зь людзьмі, гэтак і з прадстаўнікамі засьветаў. Згадаем казкі. Сюжэт ці ня кожнай зь іх закручваецца й дасягае апагею пры выпраўленьні героя ў дарогу. І вось тут яго чакае камень ці слуп з надпісам, а фактычна праблема выбару далейшага лёсу:
От едуць яны ды едуць, аж растанцы на дарозе, і слуп, а на ім штось напісана. Чытаюць: хто паедзе направа, той здабудзе славу, хто налева — знойдзе багацьце, а хто проста, таго спаткае сьмерць. Адны паехалі направа шукаць славы, хто налева, а Кавальчук рашыў, што ад сьмерці не адперці, дык лепш ехаць простаю дарогаю.
Читать дальше